Родная  мова – усяму пачатак. 21 лютага ў розных краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

Образование

Дзецям з ранняга ўзросту неабходна прывіваць любоў, беражлівыя, свядомыя адносіны да роднай мовы. У гэтым упэўнены і прафесіяналы. Педагогі дакладна ведаюць, якую важную ролю адыгрывае вывучэнне беларускай мовы ў далучэнні дзіцяці да культурнай спадчыны і духоўных каштоўнасцей свайго народа. Веданне роднай мовы дапамагае дзіцяці ўсвядоміць свае карані, паважаць і памяркоўна адносіцца да іншых моў і культур.

 – Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці выхаванцаў – адна з найважнейшых мэт, якая стаіць перад педагагічным каллектывам дзіцячага сада № 3 г.Ашмяны. Практыка паказвае, што яе дасягненне магчыма толькі дзякуючы пераемнасці ў рабоце спецыялістаў установы і цеснаму ўзаемадзеянню педагогаў з бацькамі выхаванцаў, – расказвае загадчык установы Таццяна Бізукойць. – Справа ў тым, што засваенне дзецьмі беларускай мовы на сённяшні дзень ажыццяўляецца ў спецыфічнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Для большасці выхаванцаў першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, з’яўляецца руская. Каб далучыць дзіця да роднай мовы, патрэбна, каб яно часцей на ёй размаўляла, чула мову па радыё, тэлебачанні, у сям’і і, вядома, ва ўстанове адукацыі.

Як адзначыла Таццяна Антонаўна, у дзіцячым садзе № 3 функцыянуе адна беларускамоўная група, якую наведвае 20 выхаванцаў. У гэтай групе і рэгламентаваныя заняткі, і гульні, і забаўляльныя мерапрыемствы праходзяць на роднай мове. Акрамя таго, па рашэнні педагагічнага савета кожная пятніца з’яўляецца беларускамоўным днём. Менавіта ў пятніцу ва ўстанове (ва ўсіх узроставых групах) гучыць выключна роднае слова.

З задавальненнем дзеці наведваюць музычныя заняткі. Таццяна Паграбнова, музычны кіраўнік, зазначае:

– У адпаведнасці з календаром народных свят і абрадаў беларусаў праходзяць разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку музычныя і спартыўныя. Традыцыйна адзначаем такія абрадавыя святы, як Калядкі, Масленіца. Дзецям вельмі падабаецца пераапранацца ў нацыянальныя касцюмы. Асаблівую цікавасць у выхаванцаў выклікаюць беларускія песні, танцы, гульні, карагоды «Го-го-го, каза!», «Жавароначкі, прыляціце», «Мы вясну чакаем», «Ладачкі-ладкі», «Вясна, ты адкуль прыйшла?», «Лапці» і іншыя.

– Мая родная мова вельмі прыгожая і мілагучная. Мне падабаецца размаўляць па-беларуску, – адзначае выхаванец сярэдняй групы Максім Паграбноў.

Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці дзяцей – адказная і складаная задача, вырашэнне якой у дашкольным узросце толькі пачынаецца. Аднак можна спадзявацца, што планамерная сістэматычная работа, выкарыстанне разнастайных сродкаў выхавання, агульныя намаганні ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і дадуць станоўчыя вынікі і стануць грунтоўным падмуркам для далейшага фарміравання нацыянальнай самасвядомасці маленькіх беларусаў.

Вікторыя БІЗУКОЙЦЬ, педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 3 г. Ашмяны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *