Шчаслівая адзінота – гэта незвычайнае спалучэнне слоў я пачула ад Тамары Карповіч, жыхаркі вёскі Драглёўцы. Яно падалося мне дзіўным і на нейкі момант нават незразумелым. Адзінота заўсёды атаясамліваецца з самотай, пакінутасцю, ізаляцыяй і мае мінорны настрой. Як жа адзінота можа быць шчаслівай? Гэтае пытанне мяне крышку збянтэжыла…
Драглёўцы – невялікая і маланаселеная вёсачка. Каляровыя хаты са стракатымі платамі падаюцца незвычайна прыгожымі і каларытнымі. На гары ўзвышаецца крыж, аздоблены штучнымі кветкамі. Зараз снег зацерушыў сцежку да яго, і знак хрысціянскай веры здаецца яшчэ больш велічным у бясконцай зімовай белі. Некаторыя дамы ў вёсцы даўно пустуюць, некаторыя выкарыстоўваюць у якасці лецішчаў, а ў некаторых яшчэ віруе жыццё: з комінаў бачыцца ледзьве прыкметны сівы дымок, а ля хат пратаптаны шырокія сцежкі. Дом Тамары Іванаўны адносіцца да апошніх. Дбайная гаспадыня падтрымлівае чысціню і парадак і звонку, і ўнутры. Ад кафлянкі зыходзіць прыемнае цяпло, а ў хаце светла і ўтульна. Дзівосная атмасфера, пах і вясковыя краявіды быццам вяртаюць у дзяцінства.
Аднак нарадзілася жанчына не ў прыгожых Драглёўцах. Месцам яе нараджэння стаў далёкі горад Цвер. Яна з’явілася на свет за месяц да пачатку вайны. Гартаючы альбом з фотаздымкамі, жанчына зазначае, што, на жаль, не захавалася ніводнага фота бацькі. Яго Тамара Іванаўна ніколі ў сваім жыцці не бачыла, бо тата загінуў падчас вайны. Аднак жанчына падкрэслівае, што сам Бог захоўваў і абараняў яе ў цяжкія хвіліны жыцця. У самым пачатку вайны ў горадзе вяліся баі. Сям’я хацела ўцякаць, аднак маці так і не рашылася пакінуць дом з маленькай Томай на руках. Пачаўся бой, у канцы якога адна са сцен у доме нагадвала сіта. А /калыска з маленькай Тамарай засталася непашкоджанай… Яшчэ не адзін такі момант быў у жыцці жанчыны, які вызначыў яе веру і адносіны да Бога, людзей і навакольнага свету.
Цвер, Чабаксары, Чалябінск, Ангарск, Джанкой – геаграфія месцажыхарства Тамары Іванаўны досыць багатая. Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, жанчыне захацелася знайсці спакойнае месца з мяккім кліматам і прыгожай прыродай. Тады Тамара Іванаўна і вырашыла прыехаць у Беларусь. І ў 2000 годзе сям’я Карповіч пераехала ў Драглёўцы. Разам з мужам Аляксандрам яны наладзілі быт, зрабілі невялікі рамонт, знайшлі новых сяброў. На жаль, дзевяць гадоў таму Аляксандра не стала.
Хтосьці пасля страты дарагога чалавека губляе сэнс жыцця, упадае ў дэпрэсію, перастае цікавіцца рэчаіснасцю. Аднак толькі не Тамара Іванаўна. Жанчына вельмі адрозніваецца ад аднавяскоўцаў незвычайным жыццялюбствам, запалам, імкненнем пазнаваць новае і невядомае. Адразу пасля пераезду жанчына стала шукаць месцы для рэалізацыі ўласнага патэнцыялу: аматарскія аб’яднанні, клубы па інтарэсах, спартыўныя секцыі. Заўсёды лёгкая на пад’ём, яна ў свой час удзельнічала ў турыстычных паходах, шмат падарожнічала, сплаўлялася на байдарках. Гэтая бадзёрасць, прага да пазнання і незвычайныя іскрынкі ў вачах прысутнічаюць і цяпер.
Заходзячы ў хату, я заўважыла ў сенцах лыжы. У галаве прамільгнулі розныя думкі. Аднак я і падумаць не магла, што сама гаспадыня, адклаўшы надзённыя справы, становіцца на лыжы і ўвішна дэманструе выдатныя навыкі. Убачыўшы маю збянтэжанасць, усмешлівая гаспадыня хуценька апранулася і стала на лыжы. Грацыёзнасць гэтай маленькай жанчыны здзівіла і на нейкі момант заваражыла.
Лыжы – гэта не адзінае захапленне Тамары Іванаўны. Яна выдатна катаецца на каньках, наведвае басейн, займаецца гімнастыкай. Фітбол, тэнісныя ракеткі і іншы спартыўны інвентар прысутнічае ў доме дбайнай гаспадыні. Штодня на працягу гадзіны жанчына займаецца спартыўнай хадзьбой, якая прыносіць карысць не толькі для цела, але і для душы. Два разы на тыдзень наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. У аддзяленні Тамара Іванаўна знайшла добрых сябровак. Многія з іх хоць і жывуць у горадзе, аднак часам імкнуцца ўхіліцца ад наведвання заняткаў, спаслаўшыся на непагадзь або дрэннае самаадчуванне. Аднак пасля прыгадваюць шлях, які даводзіцца пераадольваць сяброўцы з Драглёўцаў. Тамара Іванаўна стала для многіх сапраўдным прыкладам вытрымкі, актыўнасці і аптымізму.
Жанчына жартам называе сябе дылетантам, бо спрабуе свае сілы ў розных сферах, аднак, на яе думку, не вельмі заглыбляецца. Музыка – яшчэ адно захапленне, без якога яна не ўяўляе свайго жыцця. З юнацкіх гадоў музыка вабіла Тамару Карповіч. Яна наведвала хор, удзельнічала ў самадзейнасці. Зараз Тамара Іванаўна з’яўляецца ўдзельніцай народнага хору ветэранаў вайны і працы. Музычныя праграмы і канцэрты прыносяць сапраўднае задавальненне. Нядаўна жанчына набыла музычны сінтэзатар. Доўгімі зімовымі вечарамі яна іграе любімыя мелодыі.
Добрыя і шчырыя вочы гаспадыні не могуць пакінуць нікога абыякавым. Глыбокі позірк працінае, аднак ёсць у ім штосьці цёплае, лагоднае, мудрае і шчырае. Гэта маленькая разважлівая жанчына так і сыпле вершамі, прыказкамі і прымаўкамі. Яе маўленне каларытнае і адмысловае. Кніга – тое акенца, праз якое Тамара Іванаўна бачыць навакольны свет. Яна стала наведвае бібліятэку, знаёміцца з навінкамі літаратуры. Зараз жанчыну прывабліваюць дэтэктывы, бо яны развіваюць аналітычнае і лагічнае мысленне.
Як захаваць аптымізм, фізічную актыўнасць і жаданне спасцігаць новае і невядомае? Тамара Іванаўна зазначае, што для гэтага неабходна прытрымлівацца простых правіл: пастаянна рухацца, правільна харчавацца, развівацца і кантактаваць з людзьмі.
Шчаслівая адзінота: няўжо такое сапраўды бывае? Выходзячы з дома Тамары Карповіч, я ведала дакладны адказ на гэтае пытанне…
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.


