Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” стартавала ў Ашмянскім раёне

Образование

Новы год – час для добрых спраў, святочных мерапрыемстваў і рупнай дапамогі тым, хто яе патрабуе. Асабліва чакаюць навагодніх свят дзеці, якія яшчэ вераць у казку і сапраўдныя цуды. Добрай традыцыяй у нашай краіне стала правядзенне дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, накіраванай на падтрымку дзяцей са шматдзетных, апякунскіх і прыёмных  сямей, дзецей-інвалідаў. Не стаў выключэннем і гэты год. Маштабны марафон добрых спраў распачаўся святочным мерапрыемствам “Навагодняя пошта”, якое прайшло на базе СШ № 1 імя М.М. Гружэўскага.

У актавай зале навучальнай установы сабраліся хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з нецярпеннем чакалі пачатку мерапрыемства. Шчырыя ўсмешкі асвятлялі залу, адчувалася лёгкае хваляванне. У пачатку мерапрыемста з прывітальным словам да дзяцей звярнулася намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Наталля Станкевіч. Яна расказала прысутным пра вытокі і мэту акцыі “Нашы дзеці”. Начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская пажадала дзецям моцнага здароўя, трывалай веры ў цуды і дабрыню. На свяце прысутнічалі і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў Аляксей Дэрвіс, Ганна Амбражэвіч, Марына Куліковіч, Вольга Барысенка-Рабко, якія далучыліся да віншаванняў.

Тэатралізаванае прадстаўленне захапіла прысутных. Казачныя героі прапаноўвалі маленькім гледачам розныя выпрабаванні: адгадаць рэбусы, паспяваць, прадэманстраваць танцавальныя здольнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўключаліся ў конкурсы, з лёгкасцю спраўляліся з заданнямі.

Вакальныя і танцавальныя нумары заварожвалі і выклікалі ў маленькіх гледачоў зваротную рэакцыю. Апладысментамі яны падтрымлівалі кожнага артыста. Вучні і педагогі агульнаадукацыйных устаноў нашага раёна змаглі стварыць сапраўдную святочную атмасферу і прыўзняты настрой.

Найбольшую колькасць дзіцячых усмешак выклікала з’яўленне галоўных герояў Новага года – Дзеда Мароза і Снягуркі. Дзядуля павітаў прысутных, пажадаў моцнага здароўя і паабяцаў прыйсці да іх з навагоднімі падарункамі. Затым разам са Снягуркай запаліў агні на прыгажуні-елачцы.

Мерапрыемства завяршылася, пакінуўшы пасля сябе прыемныя эмоцыі, шчырыя ўсмешкі і добры настрой. Аднак гэта далёка не апошняе свята, арганізаванае для нашых дзяцей. Акцыя працягнецца да 15 студзеня. На працягу цэлага месяца будуць праводзіцца святочныя канцэрты, дабрачынныя акцыі, сустрэчы, а дзецям будуць уручацца падарункі.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *