Ствараем казку разам з аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры

Культура

Ялінка – галоўны сімвал Божага нараджэння і Новага года. Асноўная яе задача – радаваць сваім убранствам дзяцей і дарослых, ствараць добры настрой і дарыць веру ў цуд. А для гэтага адной толькі зялёнай прыгажуні недастаткова – нават самай пухнатай, якую вам пашчасціць набыць на елачным кірмашы!

Сёння варыянтаў упрыгожання ёлкі вялікае мноства. Магчыма выкарыстаць ідэі з інтэрнэту, звярнуцца да стыліста, а калі хапае асабістай фантазіі, то і самаму праявіць яе ў поўнай меры. А на дапамогу заўсёды прыйдуць пераднавагоднія кірмашы і спецыяльна арганізаваныя аддзелы ў крамах і інтэрнэт-магазінах.

А калі вам па душы цацкі, зробленыя ўласнымі рукамі, то можна зазірнуць у аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры пры раённых цэнтрах культуры. У Ашмянах такая ўстанова размяшчаецца ў гарадскім парку, у будынку, дзе калісьці была раённая бібліятэка.

Экскурсію па краме аддзела для нас правяла загадчык Валянціна Свірская. Адразу ж удакладнім, што ўсе цацкі тут ручной работы. Сваю цеплыню і фантазію ў іх уклалі Марыя Заянчкоўская, Марына Ягела, Вольга Кавалеўская, Валянціна Пакульневіч, Юлія Куцейка, Мар’ян Козар і сама гаспадыня гэтай творчай майстэрні.

Традыцыйныя фанарыкі з фаамірану, лёгкія як пух анёлкі, гірлянды са сняжынак, звязаных кручком, ялінкі з фетру, мініяцюрныя валёнкі – амаль што як сапраўдныя, бо зробленыя ў тэхніцы валяння, вязаныя рукавічкі, шарыкі з тканіны – нельга ўсё пералічыць, бо вочы разбягаюцца. Якая ж ялінка без Дзеда Мароза і Снягуркі! І гэта вам не пластмасавыя казачныя героі, што суправаджалі нас некалькі дзесяцігоддзяў таму, а сапраўдныя лялькі ручной работы. Іх можна падабраць на любы густ і кашалёк. Калі прадоўжыць тэму казачных персанажаў, то абавязкова трэба прыгадаць, што сімвалам наступнага года па ўсходнім календары з’яўляюцца трус на пару з коцікам. Гэтых яркіх атрыбутаў наступнага года, звязаных кручком, таксама тут шмат! І да ўсіх хочацца дакрануцца, каб адчуць незвычайную энергетыку майстра. Парадуюць вас дамавікі і снегавікі, зробленыя ў розных тэхніках.

Майстры Ашмянскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дапамогуць упрыгожыць памяшканне, падкінуўшы розныя ідэі, якія вы можаце ажыццявіць у сваім доме. Куфэркі, шкатулкі і вытанчаныя боцікі для падарункаў парадуюць вашых родных і блізкіх яшчэ да таго, як яны атрымаюць ад вас якісьці сюрпрыз. Дададуць казачнасці памяшканню стыльныя вяночкі і кампазіцыі на дзверы і каміны. Не застануцца не заўважанымі гасцямі сняжынкі ў тэхніцы макрамэ, званочкі з гліны, бліскучыя ледзяшы з фальгі.

Набыць навагоднія ўпрыгожанні можна як ў самой краме аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, так і падчас пераднавагодніх кірмашоў, якія будуць працаваць на плошчы ля галоўнай ёлкі горада. А калі ў вас ёсць здольнасці, жаданне і цярпенне, то майстры аддзела навучаць вас ствараць казачны цуд уласнымі рукамі!

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *