Разам у жыцці і творчасці

Культура

“Жыццё даецца, каб жыццё тварыць,” — гэтыя радкі з верша Анатоля Вярцінскага даўно сталі дэвізам сямейнай і творчай пары Вольгі Францаўны і Віктара Ігнатавіча Чаплінскіх. Яны – кіраўнікі і выканаўцы народнага ансамбля песні і танца «Крыніцы» Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Творчы саюз аб’ядноўвае не толькі выканальніцкая дзейнасць — сямейная пара працуе ў Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў, дзе ў музычных класах тандэм Чаплінскіх не толькі вучыць дзяцей спяваць, перадаючы ім сваю любоў і захапленне народнай песняй, але і мастацкаму чытанню, ігры на фартэпіяна.

За мінулы навучальны год сярод дасягненняў вучняў і настаўнікаў музычных класаў — 122 званні лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Гэта важкі ўнёсак у скарбонку перамог, заваяваных навучэнцамі і педагогамі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Яшчэ больш важкімі гэтыя поспехі здаюцца, калі даведваешся, што гэта дасягненні 14 вучняў, якія складаюць каля 80 працэнтаў усіх навучэнцаў Вольгі Францаўны і Віктара Ігнатавіча. Усе яны жывуць у сельскай мясцовасці і наведваюць музычныя класы, якія працуюць на базе аграгарадкоў Мураваная Ашмянка і Цудзенішкі. Настаўнікі прапануюць усім сваім вучням выступіць на вялікай сцэне і адчуць яе прыцягненне. Адзінкі педагогаў наважваюцца адправіць на конкурс адразу ўсіх навучэнцаў класа, але гэта не пра нашых герояў. Разумеючы ўсю рызыку, яны ўсё ж даюць магчымасць кожнаму дзіцяці паспрабаваць свае сілы, адчуць сябе зоркай, акунуцца ў атмасферу творчасці, убачыць узровень выканання іншых канкурсантаў, каб зразумець, у якім кірунку рухацца далей. Педагогі адзінадушныя ў меркаванні, што таленавітае дзіця – гэта вялікае шчасце і яшчэ большая адказнасць. Яшчэ адным складнікам поспеху педагогі лічаць сумесную работу бацькоў, дзяцей і выкладчыкаў. Калі бацькі зацікаўлены ў творчым і гарманічным развіцці дзяцей, то нашмат лягчэй настаўніку ажыццявіць свае задумы і планы. Вялікую дапамогу аказваюць таксама і кіраўнікі ўстаноў, на базе якіх працуюць музычныя класы, а таксама дырэктар Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Мажэйка.

Трэба адзначыць, што, падбіраючы рэпертуар і працуючы над вобразам, настаўнікі заўсёды ўлічваюць меркаванні дзяцей, разам праглядаюць запісы з выступленнямі вядомых артыстаў. Магчыма, гэта яшчэ адзін сакрэт поспеху педагогаў. Падрыхтоўка да конкурсаў патрабуе часу, але дзеці нават у дні канікул з задавальненнем займаюцца з любімымі настаўнікамі. У адносінах з дзецьмі Чаплінскія хутчэй сябры, але гэта не адмяняе высокай патрабавальнасці да вучобы і вынікаў працы.
Прыкладна ў палове конкурсаў выхаванцы музычнага аддзялення ўдзельнічаюць завочна. Свой унёсак тут зрабіў кавід, а часам складана бывае даехаць, напрыклад, у Пецярбург ці іншыя гарады Расіі, а паўдзельнічаць у конкурсах іншай краіны цікава, хочацца паказаць каларыт народнай беларускай песні і пачуць уражанні, атрымаць адзнаку і ад расійскіх дзеячаў культуры і мастацтва.

Дарэчы, выступаць “ужывую” ў дзяцей атрымліваецца лепш, чым запісваць выступленне на відэа, часам яны так “выкладваюццца” на сцэне, што здзіўляюць нават настаўнікаў. А вось пры запісе відэа выбуху эмоцый дабіцца часам бывае складана.

У красавіку бягучага года ўпершыню за гісторыю Міжнароднага конкурсу нацыянальных сучасных мастацтваў “Планета дружбы” другі год запар за падрыхтоўку і прафесійнае майстэрства, яскравае выступленне выхаванцаў, каласальную працу па захоўванні беларускай народнай песеннай спадчыны настаўнікі школы мастацтваў Вольга і Віктар Чаплінскія былі ўзнагароджаны спецыяльным прызам “За захаванне нацыянальнай сучаснай культуры”, а салісты студыі народных спеваў “Шчодрыца” былі запрошаны на канал “Культура” Беларускага радыё. Студыя народных спеваў вырасла з вакальнай групы, якая неаднаразова выступала на раённай сцэне, удзельнічала ў шматлікіх міжнародных конкурсах, рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”, перадачах на беларускім тэлебачанні “Спявай, душа”, “Наперад у мінулае” і «Талент краіны». Падзячны ліст з высокай адзнакай работы настаўнікаў ад імя журы конкурсу быў накіраваны ў адрас аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама, што, зразумела, павысіла значнасць атрыманых узнагарод.

Па выніках V Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Моя мечта”, які адбыўся ў маі бягучага года, чатыры выхаванцы Вольгі і Віктара Чаплінскіх атрымалі званні лаўрэатаў – Ева Жук, Маргарыта Антановіч, Анастасія Бальцэвіч, Васіліса Мікліс. Віктар Ігнатавіч узнагароджаны спецыяльным прызам журы — падзячным пісьмом “За адданасць прафесіі і прафесійную падрыхтоўку канкурсантаў”. Народны ансамбль народных інструментаў “Карусель” у складзе настаўнікаў школы мастацтваў Віталія Юрэвіча, Ірыны Асмольскай, Вікторыі Клімчанкі, які сваім яскравым дынамічным выкананнем аздобіў нумар канкурсанткі Евы Жук, атрымаў дыплом за прафесійнае інструментальнае суправаджэнне. Дарэчы, настаўнікі школы мастацтваў вельмі дружныя і заўсёды ідуць насустрач пры падрыхтоўцы конкурсных выступленняў. Пры запісе відэа асабліва дапамагаюць з акампанементам выкладчыкі Дар’я Антановіч і Аляксандр Жукоўскі.

За шматгадовую пладатворную работу па развіцці і захаванні культурнай спадчыны, актыўную дзейнасць у галіне выкладання, падрыхтоўку канкурсантаў у рамках правядзення ІІІ Міжнароднага конкурсу-фестывалю “Территория успеха – 2022” Вольга і Віктар Чаплінскія атрымалі ад Еўрапейскай асацыяцыі культуры званні “Педагог вышэйшай кваліфікацыі”. Напярэдадні Дня работнікаў культуры Віктар Ігнатавіч атрымаў прыемную навіну: яго шматгадовая плённая педагагічная праца была адзначана пачэснай узнагародай – Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама.

Вучні музычных класаў Маргарыта Антановіч, Ева Жук, Елізавета Віткоўская, Анастасія Бальцэвіч, Васіліса Мікліс ужо не аднойчы былі ўдзельніцамі перадач на канале “Культура” Беларускага радыё, дзе дзяліліся сваёй творчасцю і сакрэтамі поспеху, пабывалі ў Доме радыё, пазнаёміліся з народным артыстам Беларусі Мікалаем Скорыкавым, галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі Аляксандрам Высоцкім. Усё гэта — выдатная магчымасць убачыць штосьці новае, пазнаёміцца з цікавымі і творчымі людзьмі, пашырыць свае ўласныя гарызонты. Вольга Францаўна падкрэслівае, што крытэрыямі выбару конкурсаў для ўдзелу заўсёды з’яўляецца не проста сам удзел, а наяўнасць магчымасцей для развіцця, пашырэння творчых гарызонтаў, новых знаёмстваў, удзел у майстар-класах выдатных педагогаў.
Выхаванцы музычных класаў Віялета Бязушка і Дамінік Захарэўскі (двойчы) станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

У розныя гады стыпендыятамі Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” станавіліся навучэнкі класа народных спеваў Маргарыта Антановіч і Анастасія Бальцэвіч.

Па выніках 2021/2022 навучальнага года вучаніца 6 класа Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Касандра Багдановіч стала ўладальніцай прэміі старшыні Ашмянскага райвыканкама “Надзеі Ашмяншчыны” ў намінацыі “За поспехі у мастацкім майстэрстве”.

У Вольгі Францаўны і Віктара Ігнатавіча ёсць падставы ганарыцца і сваімі выпускнікамі, якія па прыкладзе настаўнікаў звязалі жыццё з музычнай творчасцю. Студэнткай Лідскага музычнага каледжа стала Віялета Мікліс, Гродзенскага музычнага каледжа – Екацярына Фомкіна. Юлія Ракоўская ўжо сама стала выкладчыкам школы мастацтваў. Ілона Чарняк з’яўляецца актыўнай удзельніцай народнага ансамбля музыкі, песні і танца “Рэй”, створанага на базе БГПУ імя М. Танка.

Вольга Францаўна — чалавек-свята, яркая, эмацыйная, у ёй столькі энергіі, што яна запальвае ёю ўсіх навакольных. І вучні ў яе такія ж: ці то інтуітыўна падбіраюцца па падабенстве, ці то становяцца такімі пасля знаёмства з ёю. Віктар Ігнатавіч — грунтоўны і ўраўнаважаны — поўная супрацьлегласць жонцы. Але разам яны арганічна дапаўняюць адзін аднаго, у іх атрымліваецца цудоўны тандэм, заснаваны на ўзаемнай павазе і адным на дваіх захапленні народнай песняй. Там, дзе патрэбны цярпенне, скрупулёзнасць, руцінная праца над адным і тым жа музычным урыўкам або творам, незаменны Віктар Ігнатавіч — тактоўны, разважлівы, упэўнены, дакладны. Праца над выбарам рэпертуару, стварэннем яркага вобраза, сцэнічнага касцюма, харэаграфічнай карцінкі — гэта адказнасць Вольгі Францаўны.

Некалькі разоў на працягу гутаркі настаўнікі падкрэсліваюць, што адчуваюць вялікі гонар за сваіх вучняў. Калі яны атрымліваюць узнагароды на сцэне, дарослым прыемна бычыць іх радасць і нават слёзы. Дзеці адказваюць тым жа і з гонарам успрымаюць перамогі сваіх настаўнікаў. Усе разам яны разумеюць, што працуюць на карысць не толькі сабе, але і на карысць сваёй школе і раёну, што імёны выступоўцаў з Ашмян, Мурашмянкі, Цудзенішак не проста гучаць на вялікай сцэне ў Мінску, а ў ліку пераможцаў, выклікаючы інтарэс да гэтых мясцін і навучальных устаноў.

Пасля знаёмства з Вольгай Францаўнай і Віктарам Ігнатавічам, убачыўшы іх самаадданасць агульнай справе і сапраўднае захапленне народнымі спевамі, не здзіўляешся, чаму ўсе іх вучні таленавітыя. У такіх настаўнікаў інакш быць не можа.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.



1 комментарий по теме “Разам у жыцці і творчасці

  1. Прекрасные учителя и музыканты… Спасибо вам, Ольга Францевна и Виктор Игнатьевич за ваш нелегкий труд! Мой ребёнок, благодаря вам, открыл свой талант…
    Всегда любила читать замечательные статьи Рудик Катерины про вас, очень жаль, что она не пишет больше…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *