Мы жывём у час, калі памяць пра сваю гісторыю набывае асаблівы сэнс. Каб адчуць сябе нашчадкам вялікай гісторыі, трэба яе ведаць. І 2022 год – Год гістарычнай памяці – яшчэ раз нам гэта даказвае. Менавіта з гэтай нагоды ў бібліятэках Ашмянскага раёна на працягу года дзейнічае краязнаўчы праект “На краёчку зямлі пад назвай Беларусь”. Убачыць на свае вочы гісторыю даўжынёй у 615 гадоў можно ў мястэчку Жупраны.
Дакрануцца да гісторыі некалі маленькай вёскі, а сёння аграгарадка мясцовыя жыхары змаглі на мерапрыемстве пад назвай “Вядомыя і невядомыя Жупраны”, якое было падрыхтавана бібліятэкарам сельскай бібліятэкі Галінай Рабцэвіч. Гістарычны экскурс з фотаздымкамі дапамог гасцям убачыць, якой раней была родная вёска: як праводзіліся кірмашы, дзе была карчма і чым займаліся мясцовыя жыхары. Не абышлі Жупраны ваенныя падзеі.
Значнае месца ў мясцовай гісторыі займае постаць знакамітага земляка Францішка Багушэвіча. Менавіта яго імя носіць Жупранская сярэдняя школа. Яго памяці прысвечаны школьны літаратурны музей, загадчыкам якога з’яўляецца Галіна Лукша. З яе вуснаў госці бібліятэкі пачулі цікавую інфармацыю пра жыццёвы і творчы шлях паэта. А цудоўную мелодыю дудкі ўдзельнікі мерапрыемства паслухалі ад работніка аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка Аляксандра Пашкоўскага. На працягу вечарыны мясцовыя школьнікі чыталі вершы пра родныя Жупраны, а вучаніцы Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў выканалі а капэла беларускія народныя песні.
Неабходна адзначыць, што прадстаўленыя Галінай Мечыславаўнай матэрыялы складаюць падмурак, які дае права лічыць сябе народам з адметнай гісторыяй і культурай.
Кацярына ЧАЙКОЎСКАЯ, бібліятэкар Ашмянскай раённай бібліятэкі.