Алег Собаль. Сям’я — гэта астравок любові і падтрымкі

Общество

Сям’я — гэта астравок любові і падтрымкі. Месца, дзе цёпла, утульна і камфортна. Менавіта ў сямейным асяродку знікаюць усе праблемы, згладжваюцца вострыя пытанні. Яна акрыляе, дае сілы да новых здзяйсненняў, дапамагае знайсці сябе.

У гэтым упэўнены герой нашай сённяшняй публікацыі Алег Собаль. З яго імем і дасягненнямі ў галіне сельскай гаспадаркі чытачы не раз сустракаліся на старонках раённай газеты.

КСУП “Гальшаны” стала сапраўднай стартавай пляцоўкай для рэалізацыі яго працоўнага патэнцыялу і развіцця здольнасцей. На працягу сямі гадоў Алег працуе вадзіцелем у гаспадарцы. Да працы ён ставіцца адказна і сур’ёзна, імкнецца выконваць свае абавязкі дакладна. У летні сезон працы вельмі шмат. Здараецца, што не хапае часу на адпачынак, любімыя заняткі. Працоўны дзень пачынаецца з першымі пеўнямі, а заканчваецца позняй парою, калі яго сям’я ўжо адпачывае.

Безліч грамат і дыпломаў рознага ўзроўню ўпрыгожваюць дом. Зусім нядаўна мужчына прымаў удзел у абласных “Дажынках”. Дзякуючы рупнай працы такі гонар яму выпаў другі раз. Алег — старанны працаўнік, якога паважаюць калегі і кіраўніцтва. Вольга, жонка Алега, стараецца падтрымліваць яго. Вядома ж, не кожнай жанчыне спадабаецца такі напружаны графік, аднак яна добра разумее важнасць своечасовасці выканання працы і адказных адносін да яе. У “гарачую” для хлебаробаў пару яна стараецца не турбаваць мужа, дае магчымасць для адпачынку пасля цяжкага працоўнага дня, а большую частку бытавых абавязкаў бярэ на сябе.

У гэтым годзе сям’я адзначыла восьмую гадавіну вяселля. За гэты час многае змянілася ў жыцці пары. Усмешлівая прыгажуня калісьці пакарыла сэрца хлопца. Шчырая, добрая, адкрытая, яна запала ў душу юнака з першай сустрэчы. Аднойчы Алег зайшоў у госці да сваёй аднакласніцы, якая здымала кватэру разам з Вольгай. Так адбылося знаёмства. З цягам часу візіты “да аднакласніцы” сталі больш частымі, у Алега і Вольгі з’явілася безліч тэм для размоў, узнікла ўзаемная сімпатыя. А ў 2014 годзе ўтварылася маладая сям’я. Зараз у сям’і падрастаюць дзве дачушкі — Вікторыя і Ксюша. Старэйшая ўжо вучыцца ў школе, малодшая ж наведвае дзіцячы садок. Дзяўчынкі вельмі любяць бацьку, чакаюць яго з працы, шчыра радуюцца, калі той, пакінуўшы свае справы і абавязкі, адводзіць час, каб пагуляць са сваімі дзяўчынкамі. Асабліва хіліцца да бацькі малодшая Ксюша. Для яе тата — сапраўдны герой, які ўмее суцешыць, развесяліць і проста разам падурэць.

На самым пачатку маладыя людзі жылі з бацькамі, але мара аб асобным доме не пакідала. Вользе хацелася быць адзінай гаспадыняй на кухні, па-свойму ўладкоўваць быт. Алег, як і кожны мужчына, таксама марыў аб асобным доме ці кватэры. Тры гады таму мара маладой сям’і ажыццявілася. Яны атрымалі ключы ад новай трохпакаёвай утульнай кватэры ў аграгарадку Гальшаны. У дзяцей з’явілася магчымасць мець асобны пакой, свая тэрыторыя з’явілася і ў бацькоў. Безумоўна, гэта стала магчымым дзякуючы працалюбству Алега. Доўгімі восеньскімі вечарамі, вярнуўшыся з поля, Алег займаецца зборкай мэблі, каб зрабіць новую кватэру яшчэ больш утульнай, прыгожай і парадаваць сваю сям’ю. Стварыць парадак і гармонію імкнецца і Вольга. Асаблівую ўвагу яна ўдзяляе дзіцячаму пакойчыку. Мэбля, шпалеры, фіранкі — усё падабрана з густам.

Малады чалавек зазначае, што любоў да працы і зямлі ён пераняў ад бацькі Анатоля Казіміравіча, які працаваў механізатарам. У падлеткавым узросце хлопец дакладна ведаў, што звяжа свой лёс з сельскай гаспадаркай. Таму адразу накіраваў дакументы ў аграрна-тэхнічны ліцэй аграгарадка Бярэзінскае. Алег успамінае, што з ранняга ўзросту яны з братам Дзянісам назіралі за гэтай справай, штосьці адзначалі для сябе. Брат  таксама працуе ў гаспадарцы і паказвае добрыя вынікі. Дарэчы, кватэры братоў знаходзяцца ў адным доме. А іх сем’і падтрымліваюць цесную сувязь: разам адзначаюць святы, сумесна праводзяць вольны час, працуюць.

Алег сціплы і нешматслоўны. Ён не любіць хваліцца сваімі поспехамі, выдзяляць сябе або параўноўваць з іншымі. Ён, не гаворачы пафасных слоў, штодня прызнаецца ў любові сваёй сям’і, бо ўчынкі часам гавораць больш красамоўна, чым любыя словы.

Пакрысе падрастаюць дзяўчаты. Цяпер і яны актыўна дапамагаюць маме, выконваюць яе просьбы, самі праяўляюць ініцыятыву. Сямігадовая Вікторыя з радасцю дапамагае на кухні, яе цікавяць жаночыя заняткі. Малодшая ж часцей праводзіць вольны час з татам, назіраючы за тым, як той штосьці майструе або рамантуе.

На вуліцы Школьнай кожны ведае маладую сям’ю. Суседзі прыязна ставяцца да Алега, яго жонкі, дзетак.

Праца ўпрыгожвае чалавека, робіць яго па-сапраўднаму дасканалым. Гэтую простую праўду добра засвоіў для сябе Алег Собаль, яе ж ён хоча перадаць і сваім дзецям, бо сям’я — галоўная матывацыя для стваральнай працы і далейшага развіцця.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Фота аўтара і з архіва рэдакцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *