Работнікі культуры Ашмяншчыны адзначылі прафесійнае свята

Культура Общество

Сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі культуры Ашмянскага раёна. А іх ні многа ні мала – 229 чалавек. Сюды яшчэ трэба дадаць каля 60 ветэранаў працы, і атрымаецца амаль тры сотні крэатыўных, апантаных, творчых, яркіх, лёгкіх на пад’ём і нераўнадушных захавальнікаў культурнай і гістарычнай спадчыны сваёй малой радзімы.

Яны адзіныя, хто робіць свята другім і самім сабе. Шчырае, яркае, з дасціпным гумарам, і ў гэты раз яно было непаўторным і душэўным. У форме нарады, дзе тонка былі заўважаны і агучаны штодзённыя клопаты работнікаў сферы культуры – бібліятэкараў, настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў, работнікаў устаноў культуры і музея. Іх, як і ў кожнай прафесіі, шмат. Але толькі работнікі культуры так могуць падаць свае праблемы так, што яны хоць на некаторы час стануць нечым дробным і не вартым усеагульнай увагі.

Самых цёплых і шчырых слоў за сваю нястомную працу работнікі культуры былі ўдастоены на раённым свяце ад намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Станкевіч.

— Восень радуе нас багатым і шчодрым ураджаем, а яшчэ і святамі. Адным з іх з’яўляецца Дзень работнікаў культуры. Людзі гэтай прафесіі захоўваюць і зберагаюць найвялікшую каштоўнасць нашай нацыі – культуру, яе здабыткі і традыцыі, каб перадаць у спадчыну падрастаючаму пакаленню, — адзначала ў віншавальным слове Наталля Іосіфаўна. – Вялікі дзякуй вам за тое, што вы аддаяце шмат сіл развіццю культурнага жыцця нашага краю, дорыце людзям свята і добры настрой. У гэтым годзе мы з гонарам адзначылі важныя для нашай краіны даты. У іх правядзенні – і ваша заслуга. Няхай пакараюцца вам усе вяршыні, а крыніца творчасці не ведае межаў.

Добрыя словы саграваюць душу, аднак упрыгожаннем любога свята служаць падарункі. Наталля Станкевіч уручыла Ганаровую грамату Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў дырэктару раённага цэнтра культуры Марыне Палсцюк. Ганаровай граматы ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама ўдастоены настаўнік Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Віктар Чаплінскі. Такой жа ўзнагародай уганаравана і рэжысёр аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны Любоў Шчарбакова.

Шыкоўным падарункам культработнікам да свята ветэран працы Галіна Балінская, якая шмат год узначальвала галіну культуры на Ашмяншчыне, назвала сонечнае надвор’е: яго часта бракуе работнікам гэтай сферы пры правядзенні мерапрыемстваў. Галіна Іванаўна ўзнагародзіла сваіх калег самымі яркімі эпітэтамі, якіх яны, безумоўна, заслугоўваюць. Іх бескарыслівая праца – гэта прызванне, а не наяўнасць дыплома, падкрэсліла Галіна Іванаўна і пажадала работнікам культуры заўсёды з радасцю ісці на працу і заставацца надзейнымі прадаўжальнікамі традыцый, закладзеных папярэднікамі.

Цырымонію ўзнагароджання прадоўжыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шыдлоўская. Вялікая колькасць работнікаў сферы культуры была адзначана Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Віншаванні, кветкі і падарункі атрымалі работнікі культуры ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяны Чэрскай. За шматгадовую плённую працу Ганаровай граматай Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ўзнагароджана дырэктар раённага цэнтра культуры Марына Палсцюк. Грамата савета Ашмянскага раённага аб’яднання прафсаюзаў стала пацвярджэннем стараннай працы старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, настаўніцы Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Галіны Крыніцкай.

Па добрай традыцыі на прафесійным свяце штогод віншуюць працоўных юбіляраў, пачынаючы ад пяці год стажу работы. Шчыра віталі іх і на сёлетняй імпрэзе. Бурнымі апладысментамі сустракалі ў зале юбіляраў з найбольш важкім багажом вопыту. На працягу сарака год працуе ў сферы культуры настаўнік Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Гайдукевіч, 45 год налічвае працоўны стаж Розы Яцуковіч, загадчыцы аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка.

У гэтым годзе ў дружную сям’ю работнікаў культуры Ашмяншчыны ўліліся тры маладыя спецыялісты. Ва ўрачыстай абстаноўцы клятву вернасці сваёй прафесіі далі настаўнікі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Алеся Ставарук, Маргарыта Міхайлава і майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры раённага цэнтра культуры Юлія Куцейка.

(Падрабязны рэпартаж са свята чытайце на старонках газеты).

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *