Выхаванцы Гальшанскага дзіцячага садка знаёмяцца з гісторыяй малой радзімы

Культура

Мястэчка Гальшаны прываблівае гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі: замкам і касцёлам, Дугой Струвэ — вядомым геадэзічным помнікам, славутай жанчынай свайго часу — Соф’яй Гальшанскай, якая дала пачатак роду польскіх каралёў Ягелонаў. Безумоўна, такая багатая гісторыя нашых мясцін не можа не ўплываць на змест работы ўстановы адукацыі па фарміраванні патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту.

Патрыятычнае выхаванне дзяцей стала адной з асноўных задач нашай дашкольнай установы, важнай умовай якой з’яўляецца цесная узаемасувязь з бацькамі. Фарміраванне ў выхаванцаў разумення сэнсу малой радзімы, знаёмства на дастатковым узроўні з гісторыяй аграгарадка, выхаванне любові да роднага краю ажыццяўляецца як пры арганізацыі спецыяльна арганізаванай, так і нерэгламентаванай дзейнасці дзяцей. Педагогамі дашкольнай установы выкарыстоўваюцца розныя формы работы з выхаванцамі: мэтавыя прагулкі, экскурсіі, гутаркі, дыдактычныя гульні, чытанне мастацкай літаратуры, святы і забавы.

Работа ў дадзеным накірунку патрабуе ад педагагічнага калектыву пошуку новых падыходаў у выхаваўчай дзейнасці. Так узнікла ідэя стварэння ў групах міні-музеяў з улікам асаблівасцяў нашай мясцовасці. Зараз у нас дзейнічаюць чатыры міні-музеі: «Беларускае ганчарства”, «Беларуская саломка”, “Беларускі лён”, “Беларуская выцінанка”.

Для паспяховай рэалізацыі абранага намі накірунку педагагічнымі работнікамі аформлена стэнд-карта “Падарожжа па Гальшанах”. Тэматычная пляцоўка «Гальшанская сядзіба» дапамагае ўзброіць выхаванцаў ведамі пра быт і традыцыі беларусаў. У інфармацыйна-метадычным кабінеце размешчана мультымедыятэка віртуальных музеяў “Мая маленькая Радзіма”, “Беларусь – мая Радзіма”.

Выхавацелямі ўстановы створаны атрыбуты і гульнявое абсталяванне для разгортвання сюжэтна-ролевых гульняў. Праз гульню выхаванцы знаёмяцца з побытам беларусаў, вучацца беражліва адносіцца да гістарычных помнікаў і пабудоў.

У гэтым годзе — Годзе гістарычнай памяці — педагагічнымі работнікамі сумесна з бацькамі і выхаванцамі старэйшай групы рэалізоўваецца праект “Дзецям аб Вялікай Айчыннай вайне”. Арганізавана пошукавая дзейнасць: дзецям сумесна з бацькамі прапанавалі распытаць у людзей старэйшага пакалення пра герояў-землякоў, арганізаваны экскурсіі да помніка воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў гісторыка-краязнаўчы музей імя Э.С.Корзуна, сустрэча з вязнем канцлагера Марыяй Селядцовай, якая пражывае ў нашым аграгарадку.

Вялікая работа праведзена па стварэнні тэматычнай кампазіцыі “Адпраўляла маці сына на вайну”. Педагогамі аформлена “Сцяна памяці”, якая змяшчае прозвішчы загінуўшых і прапаўшых без вестак землякоў, а таксама фотаздымкі тых, хто вярнуўся з вайны.

Усё гэта садзейнічае выхаванню ў дашкольнікаў пачуцця патрыятызму, павагі да баявых подзвігаў прадзедаў.

Наталля СКУРНОВІЧ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Гальшанскага ясляў-сада.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *