Памяць у альбоме

Культура

Напярэдадні святкавання Дня Вялікай Перамогі жыхарка аграгарадка Гальшаны Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна перадала ў рэдакцыю важкі альбом пад назвай “Гэты дзень мы набліжалі, як маглі”.

А ў ім – памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, звесткі аб ветэранах, якія пражывалі на тэрыторыі Гальшанскага сельсавета, здымкі Валянціны Сцяпанаўны з мітынгаў і мерапрыемстваў, прысвечаных 9 Мая і Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яе артыкулы ў раённай газеце…

Грунтоўная праца мясцовага краязнаўца і фатографа-любіцеля ахоплівае значны адрэзак часу – з 1967-га па 2020-ы год. Па сабраных матэрыялах можна дакладна прасачыць, як складваўся лёс салдатаў Вялікай Айчыннай, як ушаноўвалася ў сельсавеце памяць аб тых гараічных і трагічных падзеях.

Невыпадкова адлік гэтых падзей Валянціна Сцяпанаўна пачынае з 1967 года. Менавіта ў гэты час ў населеных пунктах раёна ўстанаўліваюцца помнікі загінуўшым ў гады вайны землякам.  У 1967 годзе ўрачыста быў адкрыты такі манумент і ў Гальшанах. Штогод тут праходзяць мітынгі і сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Пры гэтым аўтар адзначае, што ў 1970-м годзе ў сельсавеце пражывала больш за 100 ветэранаў, 52 з іх працавалі ў саўгасе “Гальшаны”. Ладзіліся сустрэчы з воінамі-вызваліцелямі ў мясцовай школе і ў бібліятэках (іх на той час было дзве). У госці да школьнікаў прыязджаў удзельнік вызвалення Гальшан, камісар Чырвонай Арміі С. Дусовіч.

Шануюць гальшанцы памяць аб чырвонаармейцы Іване Кавецкім, магіла якога знаходзіцца на царковішчы Свята-Георгіеўскага храма. У 1988 годзе Гальшаны наведалі сястра вайскоўца разам з мужам і сынам.

Мітынгі памяці арганізуюцца ў святочныя дні таксама і ля помнікаў у Доргішках, Семерніках. Кветкі ад органаў мясцовай улады і падрастаючага пакалення ўскладаюцца ля памятнага знака, дзе загінулі летчыкі-героі Аляксандр Аўдзееў і Пётр Страленка. У раённай газеце ад 21 чэрвеня 2006 года, № 45 (“Горсть земли из Украины на могилу Петра Стреленко”) змешчана пісьмо ўдавы Пятра Піліпавіча Страленкі Наталлі Фёдараўны, жыхаркі Запарожжа, у якім яна расказвае пра свайго мужа і дзякуе следапытам СШ №3 за вялікую работу па захаванні памяці аб подзвігу роднага ёй чалавека. Сваё пісьмо Наталля Фёдараўна завяршае такімі радкамі: “Дарагія дзеці, унукі, праўнукі! Расціце дастойнымі вашых дзядоў і прадзедаў. Няхай ніколі не паўторыцца страшны ранак 1941 года. Няхай над намі заўсёды будзе чыстае блакітнае неба.”

За гэтыя гады Валянціна Лабуніна не толькі не прапусціла ніводнага мерапрыемства, прысвечанага Вялікай Перамозе, але і расказала пра многіх ветэранаў праз раённую газету. Частым госцем Гальшанскай дзіцячай бібліятэкі, якую ўзначальвала Валянціна Сцяпанаўна, быў удзельнік вызвалення Беларусі Васіль Шыпікаў (“Красное знамя”, 1979, №78, 3 ліпеня, “Встреча с ветераном”). У многіх сваіх матэрыялах пазаштатны аўтар раёнкі ўзгадвае ветэрана Паўла Цупенку. Менавіта ён прапанаваў да 40-годдзя вызвалення Беларусі ў гальшанскім парку закласці алею ветэранаў. Падчас суботніка ветэраны разам са школьнікамі і настаўнікамі высадзілі больш за сто саджанцаў ліпы, рабіны, бярозы. (“Аллея ветеранов”, газета “Красное знамя”, №56, 5 мая 1984 года).

Пра гераічныя старонкі біяграфіі і слаўныя працоўныя будні ветэрана Івана Гардзея расказваецца ў артыкуле “Волнуют память дороги вайны” (№42, 8 мая 2004 года). Да 60-годдзя Вялікай Перамогі ў раённай газеце быў надрукаваны матэрыял “Рядовой гвордейского полка” – пра ветэрана, жыхара вёскі Чуркі Мікалая Місюкевіча (№21, 23 лютага 2005 года). У альбом Валянціны Лабунінай трапіла і мая публікацыя “Чырвоная зорка Пятра Швайкоўскага”, у якой расказваецца пра жыхара Семернікоў Пятра Швайкоўскага, якому ордэн Чырвонай Зоркі быў уручаны ў 2004 годзе.

З кожным годам ветэранаў становіцца ўсё менш. На адным са здымкаў Валянціны Сцяпанаўны, датаваным 8 мая 2015 года, на мітынгу ў цэнтры Гальшан прысутнічае ўсяго толькі адзін ветэран – Георгій Касцюкевіч. Апошні салдат той вайны, герой яе публікацый – Эдуард Сарока пайшоў з жыцця ў Дзень Перамогі ў 2020 годзе.

А між тым час прадаўжае свой бег. У 2014 годзе ў цэнтры аграгарадка быў усталяваны новы помнік воінам-вызваліцелям. У гэтым годзе да святочнай даты новы манумент з’явіўся ў вёсцы Семернікі. Падчас эстафеты “Ад помніка да помніка” адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Людзі розных пакаленняў ускладуць да пастамента чырвоныя цюльпаны і запаляць лампадкі – сведчанне нашай памяці аб гераічным подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў.

Аліна САНЮК.

Фота Валянціны ЛАБУНІНАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *