“Не трэба жыць, як набяжыць…” Алена Антонаўна Чарнабай

Культура

Радзіму, як і бацькоў, не выбіраюць. Можна пісаць гэта слова з вялікай літары, а можна з малой, аднак ад гэтага яно не страціць сваёй святасці і не зменшыцца ў памеры. З ім цесна знітаваны не толькі дзіцячыя ўспаміны, якія, як маланкай, пранізваюць наскрозь і вярэдзяць душу, але і дзень сённяшні. Пачуццё радзімы нельга аддзяліць ад бацькоў, ад тых каранёў, што моцна трымаюць разгалінаванае дрэва сям’і, і ад водару хлеба, які не заўсёды і не ва ўсіх быў на стале, але заўжды служыў асноўнай меркай багацця.

Для Алены Антонаўны Чарнабай невялікая вёска Клеі ў Жупранскім сельсавеце, дарога да якой бяжыць сёння звілістай стужкай убок ад шашы на станцыю Ашмяны, была калісьці цэнтрам сусвету. Менавіта адсюль для Алены і пецярых яе братоў і сясцёр пачаўся жыццёвы шлях. Быў ён нялёгкім, часам галодным, аднак адчуванне абароненасці ніколі не пакідала малых. Бацькі не наракалі на лёс, жылі сціпла, як і ўсе вяскоўцы, і дзякавалі Богу за тое, што маюць. Часам Алена прастойвала з сёстрамі цэлую ноч у чарзе за хлебам на станцыі Ашмяны. Чаканне гэта было нудным, хацелася спаць, але якое шчасце ахоплівала, калі ў рукі трапляў цёплы шурпаты бохан. Праўда, шчасце гэта канчалася ў адзін міг – вялікай сям’і таго хлеба хапала на адзін зуб. Калі дзецям перападала якая капейка, што было вялікай рэдкасцю, яны куплялі “Чарнаморскія” вафлі. Алена пры гэтым не пераставала паўтараць: “Вось вырасту, зараблю грошай і накупляю столькі гэтых шакаладных ласункаў, каб можна было наесціся да адвалу!”.

Больш за ўсё чакалі дзеці святаў. Перад Вялікаднем маці пякла пірагі, але частавацца імі можна было толькі ў святую нядзельку. Яны ляжалі на палічцы пад ільняным абрусам і спакушалі малых сваёй бліскучай скарынкай. Смачней за іх нічога ў свеце не было і не будзе.

Шмат часу прайшло з той пары, але эпізоды дзяцінства яркімі водбліскамі азараюць памяць і клічуць на бацькоўскі парог. Ён даўно асірацеў, але сёстры з усіх сіл стараюцца падтрымліваюць жыццё хаты свайго дзяцінства: наведваюцца сюды летам, саджаюць грады, прыводзяць у парадак тэрыторыю. Закінуць гэты дом для іх раўназначна здрадзе. Здаецца, тады перарвецца повязь пакаленняў, разваліцца той фундамент, які гадамі мацавалі дзяды і прадзеды.

Бацькі вучылі сваіх дзяцей жыць з людзьмі ў дружбе і згодзе, быць гасціннымі і шчодрымі, паважаць старэйшых. Яны стараліся даць дзецям адукацыю, бо лічылі, што веды могуць адчыніць перад чалавекам любыя дзверы і ўпрыгожыць яго ўнутраны свет.

З удзячнасцю ўспамінае Алена Антонаўна настаўнікаў Жупранскай школы, якую ў свой час скончыла. Любоў да літаратуры, да творчасці Пушкіна і Лермантава прывіла ёй настаўніца нямецкай мовы Лідзія Аляксееўна Полазава. Прыкладам мужнасці быў для вучняў дырэктар школы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Іосіфавіч Крайноў. Грунтоўныя веды давалі дзецям Маіна Кірылаўна Якубоўская і Віктар Іларыёнавіч Мажэй. Менавіта яны паспрыялі таму, каб пасля заканчэння школы Алена пайшла вучыцца ў БДУ на гістарычны факультэт.

З асалодай успамінаюцца Алене Антонаўне гады вучобы ва ўніверсітэце. Былыя аднакурснікі па сённяшні дзень засталіся сябрамі. Сустрэчы, перапіска ў сацыяльных сетках і тэлефонныя званкі па-ранейшаму дораць станоўчую энергетыку і падпітваюць новымі сіламі.

Настаўніцай Алена Антонаўна працавала няшмат, хаця вельмі любіла свой прадмет і дзяцей. Падчас работы ў Ашмянскай вячэрняй школе яна даведалася, што патрабуецца інспектар у інспекцыю па справах непаўнагадовых РАУС. Дзякуючы мудраму кіраўніцтву начальніка аддзела ўнутраных спраў Славаміру Каралю яна не толькі надоўга затрымалася ў гэтым падраздзяленні, але і адчула сябе тут патрэбнай. Крохкія дзіцячыя лёсы ў многім залежалі ад рашэння інспекцыі, таму прыходзілася дзейнічаць не толькі згодна з законам, але і з чалавечымі прынцыпамі. Галоўнае — не нашкодзіць, не зламаць падлетку жыццё, лічыла старшы інспектар Чарнабай. Розныя здараліся выпадкі, па-рознаму складваліся абставіны, але яна толькі тады была задаволена работай, калі дзіця адчувала сябе шчаслівым. А дзеля гэтага яна магла сярод ночы бегчы ў аддзел, каб уласна разабрацца з чарговым выпадкам затрымання на месцы злачынства непаўнагадовых парушальнікаў, ехаць у аддаленую вёску на рэйсавым аўтобусе, дабірацца да сваіх “падапечных” на возе. Яна спрабавала розныя метады “выхавання” бацькоў-п’яніц, каб толькі не дапусціць крайняй меры – пазбаўлення іх сваіх законных правоў. І калі здараліся такія “акты бацькоўскага пакаяння”, калі яны ў дылеме “бутэлька-дзеці” выбіралі сваіх крывінак, Чарнабай адчувала, што недарэмна выбрала сваю прафесію.

Работа вымагала шмат часу, забірала вольныя хвіліны, якіх чакала сям’я: муж Мікалай Мікалаевіч і дзеці – Міша і Вольга. Пры гэтым яны разумелі, што Алена Антонаўна не можа па-іншаму, сваю работу яна не ўмела рабіць абы з рук, з адказнасцю ставілася да любога даручэння. На дапамогу ёй заўсёды прыходзілі калегі Вячаслаў Страчынскі, Анатолій Буткевіч, Аляксандр Шымкус, Вячаслаў Масілевіч, Ганна Бурнас.

Гэтак жа старанна выконвала свае абавязкі Алена Антонаўна са сваёй дружнай камандай: Вольгай Пракаповіч, Валянцінай Магер і Станіславай Кепуркай  і на пасадзе начальніка паспартнага стала (з 1991 года — аддзялення візаў і рэгістрацый). З гэтай службы Чарнабай пайшла на заслужаны адпачынак.

Кажуць, Бог пасылае выпрабаванні тым, каго любіць. У 60 гадоў урачы ёй сказалі, што хадзіць яна будзе толькі тады, калі моцна гэтага пажадае. І жанчына не скарылася абставінам, а ў якасці падарунка атрымала ад родных палкі для скандынаўскай хадзьбы. І вось ужо пяць год, як яны служаць верную службу сваёй гаспадыні. З гадамі Алена Антонаўна прыйшла да высновы, што змены вакол адбудуцца толькі тады, калі чалавек зменіцца сам. Яна шмат чытае. Выраз “ Я ведаю, што нічога не ведаю” стаў яе дэвізам і рухавіком наперад. Адказы на шматлікія жыццёвыя сітуацыі і спрэчныя пытанні яна знаходзіць у Бібліі. Ёсць у яе і свае любімыя каналы на тэлебачанні, і сайты ў інтэрнэце.

Алена Антонаўна радуецца кожнаму новаму дню, зачароўваецца вальсамі Шапэна і паэзіяй Пушкіна, перачытвае Лермантава, заўсёды прыходзіць на дапамогу людзям і з удзячнасцю прымае дапамогу сваіх былых калег-праваахоўнікаў разам з Анатолем Шукевічам, які ўзначальвае ветэранскую арганізацыю аддзела.

Жыццё Алены Антонаўны Чарнабай вельмі дакладна характарызуюць радкі цудоўнага паэта Анатоля Грачанікава: «Не трэба жыць, як набяжыць. Так жыць на свеце трэба, каб да апошнiх дзён любiць людзей, зямлю i неба».

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *