У Кальчунах адзначылі Загаўліны

Культура

 

Загаўліны – народны звычай збірацца на вячоркі перад запустамі, за якімі вернікаў чакаў Велікодны пост. У Кальчунскім аддзеле культуры і вольнага часу ўжо каторы год бяруць прыклад з продкаў, якія і ў горы, і ў радасці не забываліся пра свае песни і танцы.

Ужо традыцыйным стала правядзенне Загаўлінаў у Кальчунах. “Тлусты аўторак” раней збіраў у адной хаце ўсіх жыхароў вёскі на “прабачальную размову”. Так і ў мясцовым аддзеле культуры и вольнага часу — сабраліся вяскоўцы і прыезджыя госці, каб павесяліцца і папрасіць прабачэння адзін у аднаго за тое, што “саграшылі справай ці языком”.

Пачаткам святкавання стала працэсія гасцей мерапрыемства разам з пераапранутымі персанажамі праз аграгарадок. Мэта – сабраць у вяскоўцаў старыя і непатрэбныя рэчы, каб пасля спаліць іх на вогнішчы. “Выкідвай старое, каб набыць новае ды маладое!” – казалі гаспадарам падвор’яў удзельнікі шэсця і складалі рэчы на воз, каб адвезці кінуць “старое” ў вогнішча — “Старое згарыць, каб новае набыць”.

Карагоды, гульні і дэгустацыя каўбасных ласункаў ААТ “Ашмянсі мясакамбінат” прыдавалі яшчэ больш святочнага насторою, а традыцыйныя дзеянні працягнуліся ў зале, стылізаванай пад вясковую хату.

Як і патрабуюць Загаўліны, адбылося “нараджэнне калодкі”, якую ўручылі нежанатаму хлопцу, “пераабулі” маладую жонку, “каб абцасікамі не стукала, каля мужа ціха тупала”, а яшчэ сталі сведкамі сваркі паміж “Пастом” і “Запустам”, якія вырашалі, хто з іх важнейшы.

Па традыцыі, стол заслалі белым абрусам і кажухом, каб у хаце быў дабрабыт і багацце.  Вясёлыя, жартоўныя  песні ў выкананні народнага ансамбля  народнай песні “Жытніца” Ашмянскага   і “Вечарынка” Смаргонскага раёнаў сталі яскравым музычным суправаджэннем свята.

Інга ГІЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *