Віншаванні прымалі маладыя людзі, якія прагаласавалі ўпершыню

Общество

 

На Савецкім участку для галасавання №20 падчас акцыі «Вам, маладыя галасуючыя!» першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Вікторыя Прэцкайла-Місюта павіншавала юнакоў і дзяўчат, якія прагаласавалі ўпершыню. У падарунак маладыя людзі атрымалі святочныя паштоўкі ад Цэнтрвыбаркама і сувеніры ад грамадскага аб’яднання.

— Вам, маладым жыхарам Беларусі, трэба берагчы і прымнажаць усё, што створана ў краіне, мацаваць і развіваць яе эканоміку, традыцыі, культуру. Прыемна, што маладыя  людзі не застаюцца ў баку ад прыняцця лёсавызначальных рашэнняў. У гэтыя дні, аддаючы свой голас на рэферэндуме, вы выбіраеце сваё заўтра, — падкрэсліла Вікторыя Прэцкайла-Місюта.

З хваляваннем упершыню выконвала свой грамадзянскі доўг навучэнка Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжу Злата Новік.

— Сёння я галасую першы раз у сваім жыцці. Упэўнена, што мой голас таксама важкі. Я аддаю яго за тое, каб наша Беларусь была моцнай і незалежнай дзяржавай, каб закладзеныя ў новай Канстытуцыі палажэнні спрыялі развіццю краіны, — адзначыла дзяўчына. — У пятніцу планую ехаць дадому, у вёску Асінаўшчызна Смаргонскага раёна, таму вырашыла прагаласаваць датэрмінова. Бацькі ж, у якіх будзе выхадны, пойдуць на свой ўчастак 27 лютага.

Разам з сябрамі завітаў на Савецкі ўчастак для галасавання і Кірыл Плаўскі. Юнак адчуваў сябе больш упэўнена, бо яму ўжо даводзілася ўдзельнічаць у выбарах.

— Аддаючы свой голас на карысць новага Асноўнага Закону, я глыбока ўпэўнены, што змены, прапанаваныя ў ім, вельмі патрэбныя. А для нас, для моладзі, важна адчуваць: мы жывём па Канстытуцыі, якую самі выбіралі. Дарэчы, перш чым ісці на ўчастак, я дасканала пазнаёміўся з яе праектам. Асабліва мне імпануюць палажэнні аб сацыяльнай абароне пенсіянераў і інвалідаў. У мяне таксама ёсць родныя і блізкія — бабулі і дзядулі, пра якіх я хвалююся.

Будучы тэхнік-механік, Кірыл яскрава ўсведамляе, якім будзе яго далейшы працоўны ўнёсак, а таксама перакананы, што актыўная жыццёвая пазіцыя моладзі павінна быць накіравана выключна на канструктыўныя справы.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *