У руках Іван Цюхно трымае вялікі фотаальбом у карычневай вокладцы. На кардонных лістах змешчана шмат чорна—белых здымкаў, ці то крыху сапсаваных клеем, ці то пажоўклых ад часу. А яшчэ — павестка аб прызыве на вайсковую службу і выразаная з газеты публікацыя — загад аб дэмабілізацыі, надрукаваны ўвосень 1988 года. Калі набліжаецца дата 15 лютага, мужчына дастае альбом, гартае цвёрдыя старонкі, і зноў ажываюць успаміны…
На здымках застылі велічныя горныя афганскія краявіды, якія распасціраліся на сотні кіламетраў, жыхары Афганістана, ваенная тэхніка… На шматлікіх фота ўсміхаюцца маладыя салдаты, а на душы ўсё роўна журботна. Былы воін—афганец спакойна, нібы шукаючы падказкі ў запасніках памяці, адзначае, што вайна ёсць вайна і нічога добрага і рамантычнага ў ёй няма. Як і ўсім астатнім нашым землякам, якія прайшлі дарогамі-шляхамі Афганістана, гады службы прыгадваць Івану цяжка. Асобныя ўспаміны хочацца глыбей схаваць у памяці ці наогул забыць.
Дарога ў Афган
У кожнага воіна-афганца, адлюстраванага на здымках у салдацкім альбоме, — свой лёс, свае радасці і смутак, але іх аб’ядноўвала і аб’ядноўвае адно – успаміны пра баявыя дні і ночы пад гарачым сонцам і халодным месяцам Афгана. Гартаючы старонкі альбома, бачыш, што на фотаздымках застылі твары дзяцей, якія з бацькоўскага дома трапілі на вайну. Вогненнымі промнямі гарачае сонца Афгана захіснула і звычайнага васямнаццацігадовага хлопца Івана Цюхно.
Іван Мікалаевіч родам з вёскі Малыя Азёркі Мастоўскага раёна. Выпускніка СПТВ–191 прызвалі на службу, якая пачалася ў вайсковай часці 2042 туркменскага горада Керкі. Мужчына ўспамінае, што ніхто з юнакоў не ведаў, куды закіне іх лёс. Яшчэ да ад’езду ў ваенкамат прыехалі “купцы” і з шэрагу выбралі салдат у каманду “20А”, але тады ніхто нават і не здагадваўся, як расшыфраваць гэтую лічбу. Толькі ў цягніку, які накіроўваўся з Масквы ў Душанбэ, было аб’яўлена, што салдаты накіроўваюцца ў сонечную Туркменію.
— Ноччу прыехалі ў чужую краіну за тысячы кіламетраў, высадзіліся з цягніка і разгубіліся — пяскі, спёка, вярблюды ходзяць, людзі ў чурбанах, дзеці, нібы мурашкі, бегаюць, — расказвае Іван Цюхно. — Адразу зразумелі, што лёгка не будзе, некаторыя юнакі нават плакалі. Нас з дарогі адразу адправілі ў лазню, пераапранулі, адзенне выкінулі і пасеклі. Куча была метраў пяць у вышыню!
Тры месяцы “вучэбкі” ў цяжкіх кліматычных умовах пад гарачым сонцам сярод сопак і пяскоў былі невыноснымі. Затым на працягу шасці месяцаў доўжылася служба ў каменданцкай роце, а пасля — Афганістан. Што ў гэтай краіне ідзе вайна, ведалі, а што туды могуць накіраваць пасля каменданцкай роты — неяк не верылася. У Афган адбіралі найбольш моцных і падрыхтаваных байцоў. Пагранічнікі стаялі па абодва бакі савецка—афганскай мяжы. У пачатку баявых дзеянняў сіламі зводных баявых атрадаў і мотаманеўраных груп былі прыкрыты найбольш небяспечныя кірункі. У складзе адной з такіх мангруп служыў і Іван Цюхно.
Мотаманеўраныя групы пагранічнага атрада мелі назвы блізкіх ад іх правінцый Афганістана – Майманэ, Шыбарган і Мардзьян. Мангрупа № 3 “Мардзьян” пагранічніка Івана Цюхно месцілася за сотні кіламетраў ад атрада і ад мяжы з Туркменіяй.
Па распаленай зямлі Афганістана разам з саслужыўцамі ён выязджаў на баявыя заданні, затрымліваў караваны, абараняў байцоў і суправаджаў афіцэраў атрада. Калі на раку Амудар’ю прыходзіў паром з прадуктамі, пагранічнікі мангрупы суправаджалі калону машын, якая рухалася за правізіяй.
Бульба з кількай у тамаце і бульба марынаваная
Калі слухаеш расказ Івана Мікалаевіча аб умовах у Афганістане і жыцці ў зямлянцы, то нават складана ўявіць, як там размясціліся казармы, склады, клуб, сталовая, лазня, басейн… Нават быў кінатэатр. Вось толькі бывала, што адну кінастужку даводзілася глядзець, можа, разоў дзесяць! Падчас баявой абстаноўкі самалёт з атрада не мог прывезці новае кіно для аматараў.
Напэўна, самым неабходным атрыбутам у атрадзе быў калодзеж, вада з якога папярэдне фільтравалася.
— Хлопцы хварэлі і на Боткіна, і на малярыю, і на дызентэрыю — успамінае мужчына. — Вада ў Афганістане дрэнная, а смага душыла заўсёды. Кідалі вярблюджую калючку ў ваду, а некаторыя пілі з ракі, намагаючыся хоць крыху працадзіць праз рукаў, але камок пяску ўсё роўна трапляў у страўнік.
Сярод гор і пяскоў моцна хацелася хатняй ежы, але часта ў адпраўленых бацькамі пасылках даходзілі толькі печыва ці ежа ў кансервавых банках — астатняя правізія не вытрымлівала кліматычных умоў.
— Ежы салдатам хапала, у святочныя дні нават крыху змяняўся рацыён, — успамінае Іван Мікалаевіч. — Бывала, на працягу месяца елі бульбу з кількай у тамаце. Была своеасаблівым выпрабаваннем і марынаваная бульба!
Першая сустрэча са смерцю
Смерць пільнавала Івана Цюхно на кожным кроку… Яго саслужыўцы расказвалі, як падчас аперацый гінулі маладыя хлопцы, як паміралі ад хвароб і невыносных умоў. Але, дзякаваць Богу, у яго пагранічным атрадзе за час службы ніхто не загінуў.
Аднойчы радавы Цюхно разам з саслужыўцамі суправаджаў вялікую калону на паром, і незнарок адна з машын ЗІЛ-131 падарвалася на міне. Такія выпадкі на афганскіх дарогах — не рэдкасць, таму маршруты савецкіх пагранічнікаў часта змяняліся.
Першы раз смерць Іван Цюхно ўбачыў не ў афганскай правінцыі, а падчас службы ў каменданцкай роце. Ён з аўтаматам стаяў ля цынкавай труны, праводзячы маладога салдата ў апошні шлях. Так, з салдацкага клуба адпраўлялі ў апошняе падарожжа на Радзіму ў Беларусь, Расію, Малдову, Украіну дзясяткі юнакоў… Іван Мікалаевіч прызнаўся, што і тады не здагадваўся, што гэтыя салдаты – афганцы.
“Прывітанне з Афганістана”
Менавіта думкі пра дом, родных адначасова і сагравалі, дапамагалі перажыць цяжкасці і ў той жа час узрушвалі. Толькі па перапісцы байцы трымалі сувязь з роднымі. Каб не хваляваць іх, не скардзіліся на цяжкасці, а лісты з дому чакалі больш, чым правізію.
— Ну, што я пісаў? — праглынаючы камяк у горле, адказвае Іван Цюхно. — “Прывітанне з Афганістана, дарагія бацькі! У мяне ўсё добра!”. Я вельмі хваляваўся за бацькоў, і лісты з такім загалоўкам у Малыя Азёркі пачалі прыходзіць толькі за тры–чатыры месяцы да дэмабілізацыі.
На ўсё жыццё запомнілі тую вайну бацькі, Марыя Пятроўна і Мікалай Мікалаевіч. Трывожныя дні, калі Івана не было дома, здаваліся для іх вечнасцю. Колькі бяссоных начэй яны правялі ў думках і закліках да Бога зберагчы іх дзіця. І іх малітвы не засталіся без водгуку…
Падзеі афганскай вайны назаўсёды звязалі і лёсы баявых таварышаў. Яны і сёння не парываюць сувязі, тэлефануюць і сустракаюцца. І вось 15 лютага ізноў яны збяруцца разам, каб ушанаваць памяць тых, хто застаўся на чужой зямлі, і ўспомніць сваё армейскае юнацтва, апаленае афганскай вайной. Сярод тых, каго забралі нябёсы ўжо ў мірны час, і сябра Івана Мікалаевіча — Міхаіл Садоўскі, з якім яны пазнаёміліся па дарозе з Афганістана і з таго часу моцна сябравалі.
Нечаканая дэмабілізацыя і дарога дадому
У адзін з гарачых лістападаўскіх дзён 1988 года, роўна праз два гады пасля прызыва на службу, радавы Цюхно пачуў адрывістае лейтэнанцкае: “Цюхно, ты заўтра з верталётам ляціш на дэмбель!”.
Адразу пачаліся грандыёзныя прыгатаванні — рыхтавалася форма, прышываліся пагоны, нават гатаваўся святочны торт і, канешне, збіраліся на памяць фотаздымкі, зробленыя ў палявых умовах. Са слязамі на вачах і цёплымі абдымкамі скончылася служба радавога Цюхно.
Раніцай 28 лістапада цягнік спыніўся ў Мастах. Іван з чыгуначнага вакзала адправіўся да брата, які адразу патэлефанаваў маці і з нястрымнай радасцю прамовіў: “Ваня вярнуўся!”. Аўтобус у вёску адпраўляўся толькі ў абед, некалькі гадзін на прыпынку яго чакала ўзрушаная шчаслівай навіной матуля.
За бездакорнае выкананне баявых задач Іван Цюхно атрымаў медалі “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы” і “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”.
Ізноў на службу!
У Ашмяны Іван Мікалаевіч прыехаў у 1988 годзе ў госці да брата Мікалая і вырашыў застацца тут. Уладкаваўся вадзіцелем у ПМК–160 (сучаснае ААТ “Будаўнік”), затым перавёўся ў ДСПМК–73. У 1992 годзе прыйшла павестка з ваенкамата — ішоў набор у пагранічныя войскі. Неўзабаве пачалася служба, дзе ў атрадзе разам з мужчынам служылі трыццаць шэсць афганцаў.
У 2013 годзе са Смаргонскай пагранічнай групы прапаршчык Цюхно пайшоў на заслужаны адпачынак. Але доўга без справы гэты нястомны чалавек не сядзеў – яму прапанавалі працу вадзіцелем у Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Аб выдатнай службе Івана Цюхно кажуць шматлікія ўзнагароды і падзячныя лісты Смаргонскай пагранічнай групы, медаль “За бездакорную службу”. А цяпер фотаздымак Івана Мікалаевіча знаходзіцца на Дошцы гонару мытні.
У Ашмянах Іван Мікалаевіч пазнаёміўся з жонкай Крысцінай Чаславаўнай, з якой яны жылі ў адным інтэрнаце. Неўзабаве адзначылі вяселле і з таго часу, амаль трыццаць гадоў, ні на хвіліну не разлучаліся. Вось і цяпер яны з вялікім задавальненнем чакаюць у госці сваіх дзяцей — Уладзіміра, Аксану і Анастасію, а таксама любімых унукаў — Ягора, Яраслава, Мацвея, Арсенія, Цімура, Марыю і Яну. Вялікая сям’я часта збіраецца разам не толькі ў бацькоўскай кватэры, але і на дачы ў Бярвенцах, у бацькоўскіх дамах у вёсках Чаркасы і Малыя Азёркі.
…Адарвецца лісток календара з чырвонай датай, прысвечанай воінам-інтэрнацыяналістам, і дні імкліва пабягуць звыклымі і простымі маршрутамі. Схаваецца ў шуфляду фотаальбом з карычневай вокладкай, па-ранейшаму застанецца вісець у шафе бацькоўскага дома афганская салдацкая форма. Толькі часам гаспадара гэтых рэчаў зноў патрывожаць успаміны. І ў чарговы раз Іван Цюхно зразумее і ўсвядоміць сапраўдную каштоўнасць жыцця, убачыць яго шчаслівыя моманты і запоўніць альбом новымі радаснымі здымкамі…
Кацярына РУДЗІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з архіва Івана Цюхно.



