Перад Новым годам падарункі прымала шматдзетная сям’я Якоўчык

Культура

 

Сёння калектыў рэдакцыі ставіць кропку ў дабрачыннай дзейнасці 2021 года. Шчыры дзякуй усім, хто дапамагаў нам гэта рабіць, хто не прайшоў міма і адгукнуўся на просьбу дапамагчы людзям, якія маюць у гэтым патрэбу. Аказваецца, гэта так проста – адкрыць сваё сэрца і ўпусціць у душу агеньчык дабрыні і спагады, які на вачах ператвараецца ў вялікую справу і дорыць надзею і веру, асабліва ў такія казачныя дні.

Наша апошняя паездка гэтага года была арганізавана ў Маслаўшчыну – да шматдзетнай мамы Наталлі Аляксандраўны Якоўчык, якая выхоўвае сваіх дзетак адна. Салодкія падарункі і настольныя гульні прыйшліся даспадобы Інзе, Віялеце і Мішу, вучням Крэйванцаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу.

Самы лепшы падарунак той, які дораць нечакана. Так атрымалася і з сям’ёй Якоўчык. Добрым чараўнікам тут былі вельмі рады. Шчырыя ўсмешкі на дзіцячых тварах і словы падзякі сталі і для нас найлепшым падарункам у гэтыя святочныя дні.

А мы яшчэ раз дзякуем ашмянцам, якія прынялі актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі па ажыццяўленні мараў выхаванцаў сацыяльнага прытулку ў Ашмянах. Вашага добрага сэрца і шчырых пачуццяў хапіла і на шматдзетную сям’ю з Маслаўшчыны.

Рабіце дабро! Сагравайце гэты свет сваім цяплом! Няхай вашы жаданні і мары тых, каму вы дапамагаеце, абавязкова спраўдзяцца.

Аліна САНЮК.

Фота Інгі ГІЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *