Сядзіба Дзеда Мароза працуе ў «Дружбе»

Общество

Нібы птушкі, па ўсім свеце разлятаюцца навагоднія паштоўкі і падарункі для родных і сяброў. Усяго некалькі дзён засталося да чароўнага свята — Новага года. Зімовыя вуліцы ўпрыгожаны рознакаляровымі гірляндамі агеньчыкаў. У кожнай кватэры стаяць зялёныя прыгажуні ва ўбранні з караляў і шкляных шароў, у якіх адлюстроўваюцца шчаслівыя дзіцячыя ўсмешкі.

Напэўна, кожны чалавек верыць, што ў зімовую ноч спраўджваюцца жаданні. Асабліва гэтага свята чакаюць дзеці і мараць аб падарунках пад зялёнай прыгажуняй. Адправіцца ў цікавае навагодняе падарожжа, наведаць сядзібу Дзеда Мароза, закружыцца ў сапраўдным карагодзе, паўдзельнічаць у гульнях і конкурсах разам з казачнымі героямі — сёлета зможа кожны маленькі жыхар Ашмянскага раёна. Справа ў тым, што Дзед Мароз са сваёй унучкай Снягуркай пасяліўся ў дзіцячым летніку “Дружба”.

Галоўныя натхняльнікі і арганізатары святочных мерапрыемстваў — супрацоўнікі летніка на чале з Наталляй Фалевіч, дырэктар Навасёлкаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Наталля Трот, педагог-арганізатар Анастасія Дорняк і супрацоўнікі навучальнай установы.

Падарожжа ў сапраўдную “смурфетную” казку пачынаецца, як толькі госці сядзібы Дзеда Мароза ўваходзяць на маляўнічую тэрыторыю летніка. Тут іх сустракаюць вясёлыя героі мультыплікацыйнай стужкі — Смурфік (Кацярына Бартановіч) і Смурфеткі (Анастасія Дорняк і Святлана Антановіч). Бабе Язе (Тарэса Буйко) святочны настрой смурфікаў, а таксама хлопчыкаў і дзяўчынак не падабаецца, таму яна вырашае яго сапсаваць і адмяніць Новы год. Старая разбівае на мноства кавалкаў гадзіннік, які адлічвае хвіліны да Новага года.

Школьнікі, якія прыязджаюць сюды, дзеляцца на дзве каманды і адпраўляюцца на пошукі кавалкаў казачнага гадзінніка. У хлопчыкаў і дзяўчынак важная місія – вызваліць Дзеда Мароза (Станіслаў Міхайлаў) і Снягурку (Вольга Блажэвіч) ад злых чараў Бабы Ягі і адзначыць Новы год. На дапамогу дзецям прыходзяць Ліса (Кацярына Ігнатовіч) і Воўк (Ганна Сілюк). Святочную атмасферу на працягу ўсяго свята стварае дыджэй Снегавік (Надзея Чаплінская). А самы спартыўны Дзед Мароз не ўступае юным гасцям у гульні ў даганялкі.

Дзеці з вялікім задавальненнем удзельнічаюць у квэст-гульні «Смурфетны Новы год», бегаюць па тэрыторыі летніка, шукаючы кавалкі гадзінніка, спяваюць і танцуюць, кружацца ў карагодзе вакол ёлкі і адгадваюць заданні віктарыны.

Здаецца, што дзеці і дарослыя, якія іх суправаджаюць, трапляюць на старонкі зборніка казак, на кожнай з якіх іх чакаюць вясёлыя і цікавыя прыгоды. Ніхто не застанецца без увагі Дзеда Мароза і яго ўнучкі Снягуркі – кожны закружыцца ў карагодзе, атрымае порцыю бадзёрасці і выдатнага настрою на год наперад.

Напрыканцы навагодняга падарожжа юныя ашмянцы змогуць набыць на памяць вырабы, зробленыя рукамі настаўнікаў і вучняў Навасёлкаўскага ВПК. Напэўна, гэтыя сувеніры будуць нагадваць ім аб шчырай сустрэчы ў “Дружбе”. А галоўныя падарункі ад Дзеда Мароза хлопчыкі і дзяўчынкі знойдуць пад ёлкай у навагоднюю ноч і крыху пакрыўдзяцца, што яго там не дачакаліся.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *