Музей – візітоўка ўстановы адукацыі

Культура

Пад такой назвай адбылося пасяджэнне метадычнага аб’яднання кіраўнікоў школьных музеяў, педагогаў дадатковай адукацыі турысцка-краязнаўчага профілю Ашмянскага раёна. Да настаўнікаў-краязнаўцаў далучыліся вучні – слухачы інтэрактыўнай “Школы юных краязнаўцаў”, праца якой арганізавана цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Мерапрыемства прайшло на базе краязнаўчага музея.

Падчас метадычнага пасяджэння асаблівая ўвага была нададзена ролі школьнага музея ў стварэнні пазітыўнага іміджу ўстановы адукацыі. «Малюнак, вобраз, паказ» у музеі — галоўныя словы, таму што іменна тут мы непасрэдна ўзаемадзейнічаем з экспанатам, з экскурсіяй, экспазіцыяй….

Школьны музей выконвае не толькі ахоўную, навукова-даследчую, але і адукацыйную, выхаваўчую, а часам забаўляльную функцыі.

Задача кіраўніка музея, педагогаў, адміністрацыі ўстановы заключаецца ў пастаянным пошуку новых сучасных форм работы: разнастайныя мерапрыемствы для розных узроставых аўдыторый, рэалізацыя краязнаўчых, музеезнаўчых і выставачных праектаў, удзел у конкурсах рознага ўзроўню. Але самае галоўнае — гэта мэтанакіраваная рэкламная дзейнасць музея ва ўсіх яе праявах. Існуюць такія ўстановы адукацыі, аб якіх ведаюць толькі дзякуючы дзейнасці музея. Часам звычайны, на першы погляд, школьны музей з’яўляецца візітоўкай цэлага рэгіёну і нават краіны.

Падчас мерапрыемства кіраўнік літаратурнага музея Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.Багушэвіча Галіна Лукша падзялілася з прысутнымі асаблівасцямі арганізацыі інфармацыйна-рэкламнай дзейнасці музея. Буклеты, плакаты, візіткі, улёткі-флаеры, сувенірная прадукцыя – усе гэтыя рэкламныя сродкі выкарыстоўваюць школьныя музеі Ашмяншчыны. Ва ўсіх школах створаны інтэрнэт-сайты, віртуальныя музеі.

У якасці прыкладу рэкламнай дзейнасці музея кіраўнік метадычнага аб’яднання Таццяна Давідовіч прэзентавала стыкерпак “Енджэй Снядэцкі” да праекта “#Шляхетная гаворка”, для стварэння якога былі выкарыстаны цытаты знакамітага вучонага і нашага земляка, а таксама духоўна і жыццёва блізкіх яму асоб – Станіслава Балінскага, Яна Каханоўскага, Ігната Дамейкі. Спецыяльна да пректа былі створаны партрэты Енджэя Снядэцкага, яго дачкі Людвікі, а таксама Станіслава Балінскага, Адама Міцкевіча, Яна Каханоўскага, Ігната Дамейкі. У стыкерпаку ўвасоблены выявы Віленскага ўніверсітэта, сядзібы ў Болтупе, фантазійная рэканструкцыя млына ў Харанжышках. Стваральнікі стыкераў – мастачка Анастасія Балыш, краязнаўца Таццяна Давідовіч і музыказнаўца Святлена Немагай спадзяюцца, што згаданыя выразы моўнай спадчыны папоўняць гаворку нашых сучаснікаў.

Сваімі прафесійнымі ведамі падзяліліся супрацоўнікі Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча. Таццяна Кіркоўская, галоўны захавальнік фондаў, пазнаёміла прысутных з правіламі ўліку і захавання музейных прадметаў. Звярнула ўвагу на асаблівасці навуковай інвентарызацыі музейных прадметаў і музейных калекцый, якія паступаюць на захоўванне. Вельмі карыснай была інфармацыя аб парадку прысваення і пацвярджэння школьнаму музею статуса “Народны”. А дырэктар музея Алена Жасткова вельмі цікава і даступна патлумачыла вучням-краязнаўцам – слухачам “Школы юнага краязнаўцы” — аб асаблівасцях выкарыстання “Партфеля экскурсавода”. З вялікай зацікаўленнасцю вучні выканалі заданне па камплектаванні “партфеля” ў залежнасці ад тэмы экскурсіі і ўзросту экскурсантаў.

Напрыканцы мерапрыемства былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую відэавізітку школьнага музея. Пераможцамі сталі вучні-краязнаўцы СШ №1 г. Ашмяны, СШ №2 г. Ашмяны, Жупранскай СШ, Крэйванцаўскага ясляў-сада-базавай школы, Барунскага ясляў-сада-сярэдняй школы.

Таццяна ДАВІДОВІЧ, метадыст Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання кіраўнікоў музеяў і педагогаў дадатковай адукацыі турысцка-краязнаўчага профілю.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *