Што на кніжнай паліцы? Ашмянцы расказваюць пра свае літаратурныя густы

Культура

 

Новая чытальная рубрыка, у якой ашмянцы розных узростаў і прафесій расказваюць нам пра свае літаратурныя густы – кнігі, аб якіх яны могуць гаварыць бясконца і раіць іх у адказ на пытанне “Што пачытаць?”.

Мы пагутарылі з трыццацітрохгадовым Алегам Працкайла. Мужчына адразу папярэдзіў, што ўсе творы ён будзе рэкамендаваць для чытання менавіта на беларускай мове.

Алег прызнаўся, што выдзеліць некалькі сярод перачытанага мноства будзе складана, але ўсё ж такі паспрабаваў. І, на наш погляд, у яго атрымалася. Таму, прыхільнікі роднай мовы, сядайце ямчэй і запамінайце назвы, калі з такімі яшчэ не знаёміліся.

— У першую чаргу хацеў бы параіць твор «Чорны замак Альшанскі» аднаго з найлепшых, беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя Уладзіміра Караткевіча. Гэты твор праславіў нашую «каменную кветку» – Гальшанскі замак, на ўсю краіну, а таксама за яе межамі. У ім, як і ў іншых творах Караткевіча, выяўляецца містычная сувязь мінулага і сучаснасці. Нездарма галоўны герой гэтага знакавага для беларускай культуры рамана Антон Косміч кажа: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў». Для самага героя пошукі скарбаў роду Альшанскіх ператвараюцца не толькі ў цікавую прыгоду, але і ў барацьбу за ўстанаўленне праўды і справядлівасці, у якой яму дапамагаюць самыя розныя персанажы: супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі, святы айцец, вартаўнік замка і касцёла, кіраўнік археалагічнай экспедыцыі. Гэта адзін з самых вядомых твораў Уладзіміра Караткевіча.

Мы, як жыхары Ашмянскага раёна, павінны пазнаёміцца з гэтай кнігай, бо есць шмат меркаванняў, што падзеі, якія там апісваюцца, і месцы, у якіх адбываюцца дзеянні, маюць адносіны і да нашага раёна.


Таксама лічу, што нельга не ўпамянуць пра раман «Каласы пад сярпом тваім» таго ж аўтара – Уладзіміра Караткевіча. Твор апісвае станаўленне беларускай нацыі на прыкладзе шляхецкай сям’і. Падзеі адбываюцца на Магілёўшчыне, Гродзеншчыне, у Вільні, Пецярбурзе, Маскве, Варшаве — ў сялянскім асяроддзі і ў дваранскіх палацах, на студэнцкіх сходках і ў навучальных установах, у салонах і гасціных вышэйшых саноўнікаў і на вуліцах шматлюдных гарадоў. У кнізе дзейнічаюць як літаратурныя персанажы, народжаныя мастацкай фантазіяй, так і рэальныя гістарычныя асобы — К. Каліноўскі, З. Серакоўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, С. Манюшка, Т. Шаўчэнка, У. Сыракомля. Мяне вельмі разіў гэты раман. На маю думку, кожнаму беларусу да чытання ён абавязковы.

Імя Кастуся Тарасава ў беларускай літаратуры стаіць побач з імем упамянутага ўжо двойчы Уладзіміра Караткевіча. Аповесць «Апошняе каханне князя Міндоўга» — годна ўвагі чытачоў. Твор  прысвечаны заснавальніку дзяржавы нашых продкаў Вялікага Княства Літоўскага. Кнігу можна лічыць часткова падручнікам па гісторыі Беларусі.
Складана ўявіць сабе беларускую літаратуру без імя Васіля Быкава. «Сотнікаў» , «Абеліск», «Дажыць да світання» – творы, якія затрымліваюць увагу і захапляюць сваім сюжэтам. У дадзеных творах праўдзіва адлюстроўваюцца складаныя праблемы маральнага выбару ў жорсткіх ваенных умовах, якія патрабуюць ад герояў стойкасці духу і бескампраміснасці. Аўтар упэўнены, што пры любых абставінах важна захаваць у сабе чалавека, пачуццё ўласнай годнасці і сумленне

Інга ГІЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *