Пад аховай Святога Губерта

Общество

 

У пачатку лістапада з лясоў даносілася рэха стрэлу і гучны брэх сабак – паляўнічыя егерскага абходу № 4 разам з калектывам крэўскіх паляўнічых адзначылі дзень свайго нябеснага апекуна і заступніка – Святога Губерта. На працягу чатырох гадоў яны збіраюцца разам то ў Ашмянскім, то ў суседнім Смаргонскім раёне.

Сёлета гасцей прымаў наш паляўнічы калектыў разам са старшынёй Іванам Кунютам. Далучыліся да мерапрыемства дырэктар Смаргонскай РАС “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Іван Бараноўскі і ксёндз-пробашч касцёла Перамянення Пана ў Крэве Юрый Церабей. Менавіта айцу Юрыю — былому егеру і аматару палявання, належыць ідэя святкавання і адраджэння даўняй традыцыі на Ашмяшчыне і Смаргоншчыне.

Традыцыйна раніцай паляўнічыя адправіліся на імшу ў касцёл у Крэве, якую для іх правёў ксёндз Юрый. Падчас літургіі святар распавёў пра лёс святога Губерта, які з маленства займаўся паляваннем.

Святы Губерт жыў у канцы VII — пачачатку VIII стагоддзяў. У велікодны тыдзень, раніцай Вялікай пятніцы, калі ўсе вернікі спяшаліся ў царкву, Губерт адправіўся на паляванне. У лесе ён убачыў цудоўнага аленя і пачаў пераследваць яго, але жывёліна павярнулася да Губерта, і тут ён убачыў між рагоў крыж. Голас сказаў паляўнічаму: «Губерт, калі ты не звернешся да Бога, то хутка патрапіш у пекла». Губерт злез з каня і ўпаў на калені перад цудам. Пасля ён адмовіўся ад усіх сваіх тытулаў і спадчыны, маёмасць аддаў бедным, сам вывучыўся на святара і неўзабаве стаў біскупам, які набыў любоў і павагу народа. Пасля смерці Губерт быў кананізаваны і стаў апекуном і абаронцам паляўнічых.

Падчас імшы не раз гучалі словы аб ролі паляўнічых у захаванні раўнавагі ў прыродзе, разумным яе карыстанні і беражлівых адносінах да яе каштоўнасцяў. На самой справе, у прыродзе ўсё ўзаемазлучана, ёсць нават навуковае абгрунтаванне таму, колькі жывёл павінна жыць на гектары зямлі. Павелічэнне папуляцыі аднаго віду можа прывесці да знішчэння другога. Калі людзі не ўмешваюцца ў гэты прыродны кругазварот, то пачынаюцца праблемы. Таму паляванне патрэбна. Аб гэтым дакладна ведаюць і паляўнічыя егерскага абходу № 4, якія займаюцца адстрэлам звяроў і небяспечных драпежнікаў, а на працягу зімы напаўняюць зробленыя і ўладкаваныя сваімі рукамі кармушкі капытных жывёл кормам.

Пасля імшы мужчыны адправіліся ў паляўнічую хатку, дзе змаглі запісацца на паляванне, прайсці інструктаж і падсілкавацца прысмакамі гасцінных гаспадароў. Дарэчы, з самай раніцы на адкрытым агні мужчыны гатавалі сытныя і смачныя стравы з дзічыны – шурпу з мяса казулі і лася, тушаную капусту з дзічынай, шашлык, паляндвіцу, юшку…

Загоннае паляванне ў гэты святочны дзень атрымалася асабліва паспяховым – крэўскі паляўнічы здабыў касулю сегалетку, а паляўнічы з Гальшан – Іосіф Бразоўскі – лася сегалетка. Дарэчы прыйшлася ліцэнзія на здабычу лася, якую напярэдадні выдзеліў паляўнічым егерскага абходу № 4 дырэктар раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Мікалай Бяляеў.

З кожным годам свята аб’ядноўвае ўсё больш аматараў годнай мужчынскай справы – сёлета да ўрачыстасці далучыўся і малады жыхар Трасечанят Дзмітрый Андрыяловіч, які пакуль у шэрагі паляўнічых не ўступіў, але захапіўся гэтай справай яшчэ падчас заняткаў у школе. У наступным годзе Святы Губерт збярэ разам паляўнічых у Крэве.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *