“Калі вы ўдала выбераце працу і ўкладзіцё ў яе ўсю душу, то шчасце само адшукае вас,” — так сказаў некалі Канстанцін Ушынскі. Гэтыя словы прыйшлі ў галаву пасля гутаркі з механізатарам КСУП “Крэйванцы” Гендрыкам Валянцінавічам Шавелем.
Яго добра ведаюць і ў гаспадарцы, і ў раёне. Неаднаразова ён уваходзіў у тройку лідараў на ўзворванні глебы пад азімыя і ў іншых спаборніцтвах сярод механізатараў. У 2013 годзе быў занесены на раённую Дошку гонару як перадавік народнай гаспадаркі.
Сумленна працаваць для яго — гэта патрэба, ён не прывык рабіць даручаную справу абы як. Сціплы і памяркоўны, узор працавітага беларуса, адданага роднай зямлі, — ён як бы сышоў са старонак коласаўскіх кніг. Гендрык Валянцінавіч не шукаў далёкіх заморскіх краін, ён знайшоў сваё прызначэнне на той зямлі, дзе нарадзіўся і вырас.
Вёска Гардзіеўцы Крэйванцаўскага сельсавета Ашмянскага раёна знаходзіцца на самай мяжы з Літоўскай Рэспублікай. У трох кіламетрах ад яе на тэрыторыі былой Літоўскай ССР яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму існавала вёска з такой жа назвай, толькі на літоўскі манер – Гардзіеўскай. Там у 1968 годзе і з’явіўся на свет Гендрык Шавель. Сёння да вёскі не даехаць – мяжа, — ды і жыхар застаўся толькі ў адным доме. Бацька Гендрыка працаваў механізатарам, маці – на ферме. Зразумела — да сельскагаспадарчай працы хлопчык быў прывычны, але больш за ўсё прыцягвалі машыны і трактары. Ужо пасля заканчэння 7 класа сярэдняй школы ў Тургяляі ён летам працаваў на гусенічным трактары ДТ-74 — дапамагаў бацьку складаць салому. Было цікава працаваць самому, весці вялікі і дужы трактар, радасна адчуваць, як чулліва машына адгукаецца на волю чалавека.
У савецкіх школах у старэйшых класах вучні атрымлівалі прафесію ў вучэбна-вытворчых камбінатах. Такім чынам, Гендрык, заканчваючы сярэднюю школу, ужо меў правы трактарыста і камбайнёра. Як толькі былі здадзены экзамены, юнак пачаў працаваць у саўгасе “Табарышкі”. Дзякуючы заняткам у Ашмянскай аўташколе, куды накіраваў ваенкамат, хлопец атрымаў яшчэ і правы вадзіцеля. Пасля арміі Гендрык працягнуў працу ў саўгасе.
У пачатку 90-ых разваліўся СССР, Гардзіеўцы апынуліся на самай дзяржаўнай мяжы, не стала саўгаса. Але зямля па-ранейшаму чакала клопату чалавечых рук, патрэбна было сеяць і жаць, жыць. Гендрык Шавель абаснаваўся ў беларускіх Гардзіеўцах і стаў працаваць вадзіцелем у калгасе імя Ільіча вёскі Анжадава. На той час ён ужо ажаніўся, адзін за адным нарадзіліся сыны Сяргей і Віталь. Жонка Ірына, такая ж працалюбівая, як і ён сам, працавала загадчыцай фермы ў Гардзіеўцах, аж пакуль яе не закрылі.
Гаспадарка, дзе працуе Гендрык Шавель, была і саўгасам, і калгасам, і вытворчым комплексам, і камунальным унітарным прадпрыемствам, але назвы не змянялі сутнасць сельскагаспадарчых работ. На родным прадпрыемстве Гендрык працаваў і вадзіцелем, і механізатарам. Больш за ўсё, прызнаецца ён, яму падабаецца работа механізатара. Ён з любоўю даглядае свайго “жалезнага каня” – трактар МТЗ Беларус-3022 — і не давярае яго чужым рукам. Хіба можа хто іншы, чым гаспадар, як след яго дагледзець, своечасова падрамантаваць і зберагчы? Тэхніка, зразумела, не ўласная, але адносіцца да яе, як да чужой, наш герой не прывык.
На сваім трактары Гендрык Валянцінавіч выконвае розныя віды сельскагаспадарчых работ: працуе на асноўнай і перадпасяўной апрацоўцы глебы, пасеве збожжавых і іншых культур, нарыхтоўцы кармоў, уборцы карняплодаў, збожжавых і тэхнічных культур, выконвае транспартныя работы. З усіх работ больш за ўсё яму падабаецца ворыва і сяўба. Падатліва аддаецца зямля металічным плугам, раскрываючы свае нетры для новага ўраджаю. Бясконцы колазварот і таямніца жыцця заключаны ў тым, як з кінутага ў зямлю зернейка вырастае колас.
Любая праца на карысць сабе і людзям вартая павагі, а праца на зямлі, размераная, часта незаўважная, штодзённая варта павагі ўдвайне. І людзі, якія аддаюць жыццё гэтай працы, вартыя глыбокай павагі.
Гендрык Шавель адпрацаваў на зямлі 32 гады, і ён можа ганарыцца тым, што выканаў сваё прызначэнне. Яго праца патрэбна людзям, у яго можна павучыцца маладым. Такіх механізатараў — са знакам якасці — нямнога. У такіх людзях жывуць праца і моц пакаленняў беларусаў, што жылі да нас, а будучыя пакаленні змогуць жыць далей, дзякуючы іх працы і самаадданай любові да роднай зямлі.
Ірына БРАЗОЎСКАЯ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.

