На такіх людзях трымаецца сусвет. Адказных, патрабавальных да сябе, адданых справе. Высакародную прафесію – дапамагаць людзям — Тарэса Мар’янаўна Сусніла абрала яшчэ дзяўчом і застаецца вернай ёй больш за 45 год.
Пасля заканчэння Юрацішкаўскага медыцынскага вучылішча маладога фельчара накіравалі ў суседні Ашмянскі раён. Першым месцам працы для Тарэсы стаў Маствілішскі фельчарска-акушэрскі пункт. Менавіта тут яна набывала свой першы прафесійны вопыт. Пасля працавала ў Мураванай Ашмянцы, дзе працягвала лячыць людзей – не толькі фізічны боль, але часта і душэўны. Добразычлівасць і спагадлівасць заўсёды выдзялялі Тарэсу Мар’янаўну, таму ў 1980 годзе яе абралі старшынёй Ашмянскага раённага камітэта Чырвонага Крыжа. Работа, успамінае жанчына, была цікавай і вельмі разнастайнай. Арганізацыя дзейнасці санітарных дружын, станцыі пералівання крыві, дапамога розным катэгорыям насельніцтва, камандзіроўкі – жыццё імчала бурнай ракой.
Запаволіць бег, знайсці час і ўдзяліць увагу сям’і — мужу і маленькай дачцэ – дапамагло новае месца працы – СПТУ-192, дзе былі запатрабаваны яе медыцынскія веды і здольнасці.
Новы віток у прафесійным станаўленні Тарэсы Мар’янаўны прынёс 2001 год – па запрашэнні галоўнага ўрача Уладзіміра Макарэвіча яна стала памочнікам урача-эпідэміёлага цэнтральнай раённай бальніцы. Давялося асвойваць новую інфармацыю, вучыцца і ажыццяўляць кантроль за санітарным станам аддзяленняў. Але праца ніколі не палохала жанчыну, наадварот – натхняла і надавала ўпэўненасці.
Эпідэміялагічны накірунак Тарэса Сусніла вядзе і зараз у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дзе больш за дзесяць год працуе інструктарам-дэзінфектарам. Каранавірусная інфекцыя, якая трымае ў цісках увесь свет, наклала адбітак на наша жыццё. Зразумела, медыкі адчулі гэта, як ніхто. Тарэса Мар’янаўна і яе калега Таццяна Будзіловіч – тыя “касманаўты”, якіх многія жыхары раёна бачылі дома або на працы. Апрануўшы спецыяльныя касцюмы, яны зноў і зноў ідуць у ачагі каранавіруснай інфекцыі, каб змагацца з COVID-19 з дапамогай дэзінфекцыі.
— У пікавыя моманты мы з Таццянай Тамашаўнай выконвалі па 12–15 заявак у дзень, — расказвае інструктар-дэзінфектар. – Нягледзячы на напружаны графік і працяглы час знаходжання ў ачагах, меры перасцярогі і экіпіроўка дапамаглі пазбегнуць заражэння. І ўсё ж адчуць моц каранавіруснай інфекцыі давялося і мне. Пасля таго, як захварэў і трапіў у бальніцу муж, сімптомы COVID-19 заўважыла і я. Дзякуй Богу, перанесла яго адносна лёгка.
Як толькі стала даступнай вакцына ад інфекцыі, Тарэсу Мар’янаўну не прыйшлося ўгаворваць — яна адразу зрабіла прышчэпку. На прыкладзе мужа ўбачыла, якімі сур’ёзнымі могуць быць наступствы хваробы.
У раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Тарэсу Суснілу ведаюць не толькі як вопытнага прафесіянала і дарадцу, але і як вельмі актыўнага чалавека. На працягу дзесяці год яна ўзначальвала прафсаюзны камітэт арганізацыі. З цеплынёй у душы яна ўспамінае “дакавідны” час, калі ладзіліся канцэрты і прафесійныя святы, ушаноўвалі юбіляраў, запрашалі на сустрэчы ветэранаў працы. Дарэчы, старшыня ветэранскай арганізацыі Тарэса Сусніла паведаміла, што з-за эпідэміялагічнай сітуацыі сёлета ў Дзень пажылых людзей абмежаваліся віншавальнымі паштоўкамі.
Спалучаць выкананне асноўных абавязкаў з шэрагам іншых даручэнняў для Тарэсы Мар’янаўны – звыклая справа. Гэта ніякая не абуза, а давер, які нельга не апраўдаць, упэўнена жанчына. Адказная па ахове працы, яна з веданнем справы вядзе грамадзянскую абарону, а таксама займаецца пытаннямі ідэалагічнай работы. І ўсё гэта, падкрэслівае яна, не праз сілу, а з задавальненнем.
Адзначыўшы 65-гадовы юбілей, Тарэса Мар’янаўна, канешне, са спакойным сумленнем магла б ісці на даўно заслужаны адпачынак – свой прафесійны доўг і абавязак перад людзьмі, якім яна абяцала дапамагаць, яна выканала… І ўсё ж актыўная, энергічная і адданая медыцыне, Тарэса Мар’янаўна згадзілася яшчэ паслужыць на карысць грамадству. Дарэчы, сваю любоў да прафесіі яна перадала і дачцэ Марыі, якая скончыла медыцынскі ўніверсітэт і працуе ўрачом у Маладзечне.
— Я ўдзячна Богу, што ў маім жыцці, бы ў вянку, усё складваецца: нармальны, улічваючы ўзрост, стан здароўя, любімая работа, сям’я, — зазначае расчуленая жанчына.
За гэтым шчырым прызнаннем – гадзіны, тыдні, гады нястомнай працы над сабой, над адносінамі, над пачуццямі. Клопат і павага, узаемаразуменне і мудрасць выкрышталізаваліся ў сям’і Сусніла. Мабыць, пра такую жонку марыць не адзін мужчына – Тарэса Мар’янаўна разам з мужам ездзіць на рыбалку і паляванне. Не, яна не ўдзельнічае ў працэсе, звычайна чытае кніжку або бярэ з сабой ноўтбук. Ды і муж не столькі цікавіцца трафеямі, колькі атрымлівае асалоду ад гэтага мужчынскага занятку.
Адпускаць мужа, у якога і зараз адчуваюцца наступствы перанесенай каранавіруснай інфекцыі, на паляванне без свайго медыцынскага нагляду Тарэса Мар’янаўна пабойваецца. Ды і ён не пярэчыць. Галоўнае, што яны разам.
Людміла РЫБІК.
Фота аўтара.

