50 год назад у квартале Будаўнікоў вырас першы шматкватэрны дом. Гісторыя мікрараёна

Культура

 

У гэтым годзе споўнілася 50 год, як у квартале Будаўнікоў вырас першы шматкватэрны дом. З’явіўся ён на сельгасугоддзях калгаса “Свабода”, цэнтральная сядзіба якога размяшчалася ў Кракоўцы. Рашэнне аб закладцы новага квартала ўзнікла невыпадкова. У краіне актыўна развівалася эканоміка, акцэнт быў зроблены на сельскую гаспадарку, таму тэрмінова былі патрэбны жывёлагадоўчыя комплексы, свінафермы, склады і мехдвары. А будаўнікоў не хапала. Вось і прыйшлося іх заахвоціць праз выдзяленне добраўпарадкаванага жылля ў райцэнтры.

Від на мікрараён, 80-я гады.

Будаўніцтва дома ў паўночна-ўсходняй частцы горада стала для Ашмян значнай падзеяй. Аб тым, як вядуцца работы, не раз пісала раённая газета “Красное знамя”. Так, на першай старонцы раёнкі (№ 34 ад 24 сакавіка 1970 года) ў інфармацыі “Растет новый дом” паведамляецца, што ўдарна працуе на аб’екце брыгада Пятра Кулака, і ўжо выведзена каробка 24-кватэрнага дома. Як зазначае аўтар заметкі, Іван Тураў, майстар міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, здаць аб’ект плануецца да стогадовага юбілею з дня нараджэння Уладзіміра Леніна. Праўда, на той будоўлі нешта пайшло не так – па невядомых нам прычынах дом не быў здадзены да гучнай даты. Радасць наваселля яго жыхары спазналі ажно ў жніўні 1971 года. Гэты факт пацвердзілі Зінаіда Іванаўна Таўгень, якая разам з мужам-будаўніком атрымала ў гэтым доме кватэру, а таксама сям’я Навіцкіх, Галіна Станіславаўна і Мечыслаў Іванавіч, якія і сёння жывуць тут.

Алею памяці закладваюць піянеры СШ №2 з настаўніцай Таісіяй Ерашовай

Атрымаць кватэру для маладой сям’і на той час было вялікім шчасцем, хаця па сённяшніх мерках жытло тое было далёкім ад ідэальнага. Па словах Галіны Станіславаўны, засяліліся ў новае жыллё сем’і адразу ж, як атрымалі ордэр. Навіцкім дастаўся адзін з пакояў у двухпакаёвай кватэры. Другі – занялі Зарэцкія. Тут трэба адзначыць, што практычна ўсе жыхары былі работнікамі міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі і жылі з падсяленнем. Толькі адна кватэра ў доме была выдзелена старонняму чалавеку – упраўляючаму Дзяржбанка з сям’ёй. Асобнае жыллё атрымлівалі толькі кіраўнікі. Будаўнікі ж маглі разлічваць на цэлую кватэру, калі значна павялічвалася сям’я. Толькі праз чатыры гады Навіцкія сталі жыць асобна. Так пад “пашырэнне” трапілі і Таўгені, атрымаўшы кватэру ў доме № 3. Будаваліся тады дамы па парадку: у 1972-м быў уведзены дом № 2, а праз год — № 3.

Першы дом у квартале Будаўнікоў

Кватэры тады здаваліся пад ключ, але з вельмі сціплай “аздобай”. Сцены на кухні да паловы былі пафарбаваны сіняй маслянай фарбай, а ў пакоі акуратна пабелены. На працягу цэлага года жыхары дома № 1 жылі без газу – газавыя калонкі не працавалі, што стварала сур’ёзныя перашкоды ў наладжванні быту, тым больш што ў многіх раслі маленькія дзеці. Да слова, газаразмеркавальная станцыя ў выглядзе дзвюх ёмістастасцяў стаяла на месцы сённяшняй крамы “Крынічка”.

— Аднак па маладосці на гэтыя недахопы не звярталі ўвагі, — адзначыла ў размове Галіна Навіцкая. – Для стварэння ўтульнасці клеілі ў пакоях шпалеры, шылі адмысловыя фіранкі. Дружна выходзілі на добраўпарадкаванне двара – часта арганізоўвалі суботнікі. Разбівалі насупраць дома градкі. Тады ж неяк было не прынята купляць агародніну ў краме. Усё было сваё. Дый зямлі ж вакол было сколькі! Увесну садзілі дрэўцы. Калі іх з гадамі пачалі выразаць, вельмі балела душа. Здаецца, і разумееш, што патрэбна месца пад краму, але так шкада таго, да чаго прычыніліся калісьці рукі. Калі ля нашага дома расчышчалі пляцоўку пад “Пачастунак”, я вельмі перажывала, як карчавалі дрэвы, але толькі адну яблыньку змагла “адваяваць” у будаўнікоў. Так і расце яна зараз адзінока пад нашымі вокнамі.

Першыя дамы з’явіліся ў квартале ў пустым полі – вакол аніякай інфраструктуры. Ні школы, ні дзіцячага садка, ні крамы… Але будаўніцтва ішло актыўна. Адначасова працавалі тут перасоўная механізаваная калона № 25, міжкалгасная будаўнічая арганізацыя, прарабскі ўчастак аблрамбудтрэста. Будынкі раслі на вачах. Пра кожны з іх шмат можа расказаць Мікалай Пятровіч

55-кватэрны дом №17 будуе МПМК-77

Балыш, які ў свой час працаваў майстрам, а затым прарабам ПМК-25. Прафесіі, набытай у Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, Мікалай Пятровіч аддаў усё жыццё, быў узнагароджаны медалём «За працоўную адзнаку». Сваю кватэру ён, можна сказаць, пабудаваў уласнымі рукамі.

— Якасць будаўніцтва па тых мерках была нядрэннай. У сямідзясятыя актыўна перайшлі на перадавую тэхналогію – будаўніцтва з жалезабетону, — адзначае Мікалай Балыш. – У МСА быў свой цэх, спачатку панэлі прывозілі з СПМК-110, сантэхніку пастаўляла мінская арганізацыя. Але часта ўвесці жыллё ў тэрмін не атрымоўвалася – не хапала будаўнічых матэрыялаў.

Расказаў Мікалай Пятровіч, як адначасова будаваліся два дзіцячыя садкі: № 1 – на 140 месцаў і № 5 – на 280. Работы на пятым садку вяла ПМК-25. У першым садку быў нават басейн. Па ўспамінах педагога-арганізатара цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алены Абрамовіч, гэта быў рэзервуар з вадой – дзецям па калена, – у якім для выхаванцаў арганізоўвалі працэдуры загартоўвання. Паралельна будавалася і жыллё – пад заказ і з доляй буйных арганізацый раёна для сваіх работнікаў. Так з’явіўся “пэсаўскі” дом і дом дарожнікаў (ДБУ-28), шматпавярховік рай­спажыўсаюза. Адной з першых была пабудавана крама, якую людзі старэйшага пакалення і сёння называюць “Нямігай”. Яна за сваю гісторыю некалькі разоў мяняла назву і гаспадароў. У 1982 годзе ўступіла ў строй стаматалагічная паліклініка.

Дзіцячы садок №1

Побач з кааператыўным домам (па старой нумарацыі — 12) 31 жніўня 1986 года ўрачыста адчыніла свае дзверы СШ № 2 (у старым будынку па вуліцы Савецкай засталася пачатковая школа). Як зазначыў Мікалай Балыш, установа адукацыі ўзводзілася пад кіраўніцтвам прараба Аляксандра Пачкоўскага і брыгадзіра Аркадзя Маліноўскага. Аб’ект з’явіўся на месцы, дзе зімой дзеці самастойна залівалі, а затым чысцілі каток. Як правіла, кіравалі працэсам старэйшыя з іх. Добра атрымлівалася гэта ў Сяргея Лапшова, якога малыя слухаліся безадгаворна. Ваду цягалі вёдрамі з-пад дванаццатага дома, дзе звонку была ўсталявана труба з кранікам. Алена Абрамовіч і Сяргей Лапшоў узгадалі, што работу дзяцей арганізоўваў таксама Зыгмунд Вільгельмавіч Адамовіч, які на гэты занятак ніколі не шкадаваў свайго часу. Жыхар дома № 12 прыходзіў дзецям на падмогу – падключаў ваду і працягваў шланг, браў на сябе многія этапы фізічна нялёгкай справы. Разам з ім завіхаўся і яго сын Аляксандр. Калі ледзяное люстэрка замярзала, хакейныя баталіі – дом на дом – доўжыліся дацямна. За клюшку браліся як вучні пачатковых класаў, так і старшакласнікі. У перапынках паміж хакеем коўзаліся на лёдзе дзяўчаткі. У некаторых з іх нават былі канькі.

— Летам мы скакалі праз гумку, гулялі ў хованкі, шылі адзенне лялькам, — расказвала, успамінаючы сваё бесклапотнае дзяцінства Алена Абрамовіч. – Дзе і што будуецца, мы ведалі лепш за дарослых. Кожны аб’ект быў намі даследаваны ўздоўж і ўпоперак.

Значна пазней хакейная каробка была пастаўлена за інтэрнатам ААТ “Будаўнік”, а ў падвальных памяшканнях будынка распачаў сваю работу спартыўна-атлетычны клуб “Аякс”. Менавіта тут трэнерам Міхаілам Станкевічам былі ўзгадаваны першыя чэмпіёны Еўропы і свету па паўэрліфтынгу, і наш маленькі райцэнтр стаў вядомы ў Паўднёвай Афрыцы, Іспаніі, Фінляндыі, Чэхіі, Польшчы, Балгарыі, Швецыі, Нарвегіі, Літве, Украіне, дзе паспяхова выступалі юныя ашмянскія спартсмены.

Побач з інтэрнатам для будаўнікоў быў узведзены яшчэ адзін — для работнікаў ільнозавода. Узначаліла будоўлю каманда аднаго з лепшых спецыялістаў МСА — брыгадзіра Вітольда Ляхоўскага, уганараванага ордэнамі Дружбы народаў, “Знак Пашаны” і медалямі “За працоўную доблесць”, “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Леніна».

Адзін з дамоў у квартале Будаўнікоў называецца “чарнобыльскім”. Пасля трагедыі 1986 года сюды пераехалі жыць перасяленцы з зоны радыяцыйнага забруджвання. Сярод іх – і Юрый Добыш, ураджэнец Брагіна, якога разам з шэрагам будаўнікоў запрасіў у Ашмяны Аляксандр Сазановіч, які доўгі час быў дырэктарам ААТ “Будаўнік”. Мужчыны напачатку жылі ў інтэрнаце, працавалі ў арганізацыі, а калі дом быў здадзены, перавезлі ў наш горад свае сем’і. Так сталі Ашмяны другой радзімай для сем’яў Зарэцкіх, Хмелянок, Давыдзенка, Назаранка, Чарняк…

Квартал Будаўнікоў сёння

Фінальным акордам у будаўніцтве жылля сталі “чырвоныя” дамы, узведзеныя ў дзевяностыя гады. Пяціпавярховікі з чырвонай цэглы значна адрозніваліся ад сваіх першых сабратаў — і якасцю, і планіроўкай (частка кватэр у іх двухузроўневая). У народзе іх яшчэ называюць «дамы мытнікаў».

Праз тры дзясяткі гадоў калгаснае поле ва ўсходняй частцы горада стала густанаселеным мікрараёнам з неабходнай для ўтульнага і камфортнага жылля інфраструктурай. У 2006 годзе ў сувязі з чарговай юбілейнай датай Ашмян быў устаноўлены памятны знак-камень, на якім выбіты радкі з верша мясцовага паэта Пятра Шаколы “Любы горад, красуй у стагоддзях…”. У 2008 годзе яшчэ некалькі помнікаў-валуноў з’явіліся пры дарозе на Смаргонь.

Дзесяць гадоў назад (у ліпені 2011-га) рашэннем райвыканкама квартал быў разбіты на тры вуліцы: Школьную, Усходнюю і Будаўнікоў. Аднак многія называюць яго па-ранейшаму і ніяк не могуць прызвычаіцца да новай нумарацыі.

Памятным для ўсяго горада, а асабліва для “квартальцаў” стаў 2013 год: у кастрычніку адкрылася сучасная футбольная пляцоўка з пакрыццём, што адпавядае еўрапейскім стандартам, а ў лістападзе – доўгачаканы фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Праўда, без басейна, на які спадзяваліся гараджане.

У гэтым годзе, якраз да юбілею горада і мікрараёна, тут была размешчана алея “жывых” ліхтароў.

Сучасны выгляд квартала Будаўнікоў

Квартал пасталеў. Многія дамы перажылі этап аднаўлення праз капітальны рамонт. На момант напісання артыкула будаўнікі працавалі на доме № 5 па Усходняй вуліцы. Чакаюць сваёй чаргі на рамонт і жыхары першага дома, з якога пачалася гісторыя гэтай утульнай паўночна-ўсходняй часткі горада. Яны ў праве на гэта разлічваць, бо і насамрэч дваццацічатырохкватэрны старажыл гэтага заслугоўвае.

Для ўсіх, хто жыў ці жыве зараз у квартале, гэты куток горада блізкі і дарагі.

— Усёй душой люблю гэта месца, напоўненае неверагоднай энергетыкай. Тут прайшло маё шчаслівае дзяцінства, — успамінае Алена Абрамовіч. – На маіх вачах будавалася школа, дзе я спачатку вучылася, а пасля працавала. Самыя цёплыя ўспаміны пакінула яна і ў маіх дзяцей. У юбілейны для мікрараёна год хачу пажадаць усім жыхарам шчасця, моцнага здароўя і дабрабыту.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара, Аляксандра НАУМЧЫКА, з архіва краязнаўчага музея і жыхароў горада.

P.S

ШЧЫРА ДЗЯКУЕМ ЖЫХАРАМ МІКРАРАЁНА МІКАЛАЮ БАЛЫШУ, ГАЛІНЕ ЖВІРЫДОЎСКАЙ, ГАЛІНЕ І АНДРЭЮ ВАЛАДКЕВІЧ, АЛЕНЕ АБРАМОВІЧ, ЗІНАІДЗЕ ТАЎГЕНЬ, ГАЛІНЕ І МЕЧЫСЛАВУ НАВІЦКІМ, СЯРГЕЮ ЛАПШОВУ, АЛЕ САСНОЎСКАЙ, СУПРАЦОЎНІКАМ КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ СВЯТЛАНЕ ЧАРНЯК І ІРЫНЕ БУСЛОВІЧ ЗА ДАПАМОГУ Ў ПАДРЫХТОЎЦЫ МАТЭРЫЯЛА.