Часам сустракаюцца людзі, якія пакідаюць значны след у душы, — сваім стаўленнем да жыцця, прафесіяналізмам, чалавечымі якасцямі. Гутарка з Валянцінай Фёдараўнай Рэут, акампаніятарам СШ № 3 г. Ашмяны, атрымалася цікавай і пазнавальнай. Валянціна Фёдараўна адначасова і просты ў бытавых стасунках чалавек, і складаны, невычэрпны, цікавы, калі гаворка заходзіць пра музыку і, асабліва, — харавое выкананне. Па спецыяльнасці яна — выкладчык музычна-тэарэтычных і харавых дысцыплін, не адзін дзясятак гадоў аддала навучанню харавому майстэрству.
Калі Вы зразумелі, што Вам цікава займацца музыкай?
– Гэта атрымалася неяк міжволі, я і сама не заўважыла — толькі сёння цвёрда ўпэўнена, што без музыкі жыць не магу. Вельмі музыкальным ад прыроды быў мой бацька – Фёдар Сяргеевіч Пронін. Ён, не ведаючы нотнай граматы, мог з лёгкасцю сыграць любую пачутую мелодыю, прычым на розных інструментах, валодаў і пісьменніцкім дарам – праўда, пісаў больш для сябе, ды мы часам карысталіся яго творамі, калі пісалі сачыненні ў школе. Але склалася так, што яму спачатку прыйшлося кіраваць калгасам у Ашмянскім раёне, пазней – птушкафермай, а музыка так і засталася марай. Бацька вельмі хацеў, каб хоць адна з чатырох дачок увасобіла ў рэальнасць яго імкненні. А атрымалася, што нават дзве – я і мая малодшая сястра Людміла Пясецкая — прысвяцілі сябе музыцы. Людміла працуе ў Лідскім музыкальным каледжы выкладчыкам харавога дырыжыравання.
У Ашмянскую дзіцячую музычную школу я паступіла ў няпоўных шэсць год, а ў першым класе ўжо выступала на сцэне гарадскога клуба, які ў той час размяшчаўся ў будынку сёняшняга кафэ “Стары горад”. Вялікай увагі заняткам ігры на фартэпіяна я не надавала, але прыродныя здольнасці дапамаглі паступіць у Маладзечанскае музычнае вучылішча на дырыжорска-харавое аддзяленне. У гэты ж час, толькі на старэйшым курсе, вучыўся ігры на акардэоне будучы вядомы спявак Юрый Антонаў. У чатырнаццаць год мне ўпершыню прыйшлося на практыцы кіраваць сапраўдным хорам – і не дзіцячым, а на прадпрыемстве. Але страху перад хорам у мяне ніколі не было. З пазіцыі сённяшняга вопыту тыя першыя спробы я лічу не вельмі прафесійнымі, але заняткі прыносілі асалоду, а калі калектыў атрымаў яшчэ і першае месца на гарадскім конкурсе, то ў мяне выраслі крылы.
– Хто з музыкальных дзеячаў аказаў уплыў на Ваша станаўленне як прафесіянала?
– Пасля вучылішча я паступіла ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю і там сустрэла Чалавека, Выкладчыка, які стаў і настаўнікам, і другім бацькам, і сябрам на ўсё жыццё. Я гавару пра выдатнага дзеяча беларускай культуры, самаадданага прыхільніка харавога мастацтва Віктара Уладзіміравіча Роўду. З ім і яго сям’ёй я падтрымлівала сяброўскія адносіны аж да яго смерці. Яго школа стала падмуркам майго прафесійнага майстэрства.
– Вы доўга жылі і працавалі ва Уладзівастоку, Ліепаі, Ашмянах. Дзе вам найбольш цікава было працаваць?
– Мабыць, найбольш плённымі і цікавымі ў творчым плане былі гады ва Уладзівастоку, куды я прыехала з мужам – афіцэрам-падводнікам. Я часта ўспамінаю гэты горад, паўвостраў, дамы між сопак і сваю працу. Спачатку я працавала выкладчыкам харавых дысцыплін, а пазней – загадчыцай музычна-педагагічнага аддзялення педвучылішча горада; пасля — кіраўніком самадзейнага харавога калектыву падводнікаў у воінскай часці 20456; выкладчыкам кафедры харавога дырыжыравання ў Дальневасточным педінстытуце мастацтваў – самым любімым месцы працы. У карагодзе падзей, канцэртаў, рэпетыцый, выступленняў, сустрэч праляцела васямнаццаць год жыцця. Сёння пра той час сведчаць фатаграфіі ды вось граматы, адна з якіх падпісана камандуючым Чырванасцяжнага Ціхаакіянскага флоту, — дадае Валянціна Фёдараўна, гартаючы фотаальбом.
Латышскі Ліепай сустрэў нас не так гасцінна, як Уладзівасток, і за шэсць год жыцця там так і не стаў родным. Але была любімая справа – я вучыла дзяцей у музычнай і СШ № 7 спяваць, кіравала зводным рускім хорам на свяце песні.
– Як склалася Ваша творчае жыццё ў Ашмянах?
– Я працавала некаторы час кіраўніком народнага ансамбля песні і танца “Крыніцы”, пасля – у сярэдняй школе № 3 і рэгентам царкоўнага хору. Да веры я ішла доўга, былі пэўныя жыццёвыя здарэнні і выпрабаванні, хвароба, якія спакваля падвялі да разумення і прыняцця праваслаўнага веравызнання. Ды і заняткі музыкай зрабілі свой унёсак — свецкае харавое выкананне вырасла на традыцыях праваслаўных песнапенняў, толькі гэта не афішыравалася ў савецкі час.
У сярэдняй школе № 3 я сустрэла цікавых і творчых педагогаў, з якімі разам мы прыйшлі да адкрыцця агульнаэстэтычных класаў, з’явіліся творчыя калектывы. Хор “Тоніка”, які пазней атрымаў званне “Узорны”, стаў пачаткам вакальным ансамблям «Гармонія», «Тоніка», «Вясёлыя ноткі». Загучалі ансамбль цымбалістаў «Перазвон», ансамблі баяністаў «Туцці» і «Кнопачкі», студыя эстрадных спеваў. Пра іх ведаюць не толькі ў нашым раёне, але ў вобласці і рэспубліцы. Я ўдзячна педагогам, з якімі пачынала працаваць намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце: Галіне Яскель, Алене Козар, Вользе Траймак, Людміле Высоцкай.
– Як у Вас атрымлівалася зацікавіць дзяцей харавым выкананнем? Не сакрэт, што сёння ім больш падабаецца эстрада. Ці прыходзілася выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс?
– Калі сапраўды любіш тое, што робіш, то гэта не можа не прыцягваць. Дзеці адгукаюцца на сапраўднае мастацтва і шчырыя адносіны да іх. Дзяўчаты прыходзілі ў 6 гадзін вечара на заняткі вакальных групаў, прычым самі назначалі час, і я іх ніколі не прымушала. Калі трэба, я магу быць цвёрдай і патрабавальнай. Дзеці заўсёды гэта разумеюць і не абражаюцца на справядлівыя заўвагі.
– Якая рыса ў дзецях і людзях наогул Вам больш за ўсё не падабаецца?
– Абыякавыя, незацікаўленыя, пустыя вочы – іх я не люблю.
– Якую музыку Вы любіце слухаць і выконваць?
– Слухаць – любую, якая добра выконваецца: і класічную, і імпрэсіяністаў Равэля і Дэбюсі, і амерыканскую. Самой выконваць больш за ўсё падабаецца Бетховена, Моцарта і Гайдна. Найбольш – Бетховена. Ён захапляе і складанасцю, і гармоніяй у форме і пабудове фраз. У яго ёсць творы, якія адпавядаюць лірычнаму настрою, і нястрыманыя, імклівыя, дынамічна напружаныя. Толькі пасля выканання Бетховена мне становіцца па-сапраўднаму лёгка: ігра на інструменце – свайго роду тэрапія. Я іграю на фартэпіяна кожны дзень акрамя выхадных – не хачу выпрабоўваць цярпенне сваіх суседзей.
– Што, на Вашу думку, даюць чалавеку заняткі музыкай?
– Той, хто любіць і разумее музыку, не можа быць жорсткім і агрэсіўным. Музыка развівае эмпатыю, эмацыянальнасць, а адначасова — і аналітычныя здольнасці: уменне чытаць схемы, дыяграмы, рашаць задачы. Не кожны выпускнік эстэтычных класаў стане музыкантам, але сапраўдным спагадлівым чалавекам, які ўмее адчуваць і бачыць прыгожае, стане кожны.
Вучні Валянціны Фёдараўны працуюць у розных установах Беларусі, Расіі, Латвіі, хтосьці з іх не звязаў сваё прафесійнае жыццё з музыкай, але я пераканана, што ў кожным з іх яна змагла выхаваць любоў да песні, навучыла разумець музычныя творы і адчуваць сапраўднае мастацтва. Інакш у яе не магло атрымацца…
Гутарыла Ірына БРАЗОЎСКАЯ.
Фота з архіва Валянціны Рэут.



