Што патрэбна для душы – на Гальшанскім кірмашы

Культура

 

Традыцыйна ў пачатку кастрычніка работнікі аддзела культуры і вольнага часу запрасілі гальшанцаў і гасцей аграгарадка на традыцыйны “Гальшанскі кірмаш”. Нездарма гэта восеньскае свята атрымала такую назву, бо ў мінулых стагоддзях акрамя штотыднёвых таргоў у мястэчку некалькі разоў на год праводзіліся буйныя гальшанскія кірмашы, вядомыя ва ўсёй краіне. Яны  прыцягвалі купцоў з навакольных мястэчак і гарадоў. На мясцовай гандлёвай плошчы ў такія дні было не прабіцца.

Праўда, сёлета гандаль на “Гальшанскім кірмашы” ішоў не так бойка, як некалькі стагоддзяў таму. Ды і на сапраўдным кірмашы не толькі гандлявалі, а  яшчэ адпачывалі, бавілі час і весяліліся. Месцічаў таксама чакала цікавая і багатая на разнастайныя конкурсы і цікавосткі святочная праграма.

Нават дрэннае надвор’е не сапсавала настрой гальшанцам, якія спяшаліся схавацца ад дажджу ў Дом культуры. Там дзяцей і дарослых адразу частавалі духмянай і гарачай кашай па старадаўнім рэцэпце бабы Ганны, якую для іх прыгатавалі старанныя гаспадыні. Падчас свята госці атрымалі падарунак і ад гальшанскіх хлебаробаў — паспрабавалі каравай, спечаны з зерня новага ўраджаю.

Першымі сустракалі гасцей на кірмашы вучні Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікі ўзорнага інструментальнага ансамбля “Мелодыка” (кіраўнік Наталля Каспяровіч). На сцэне іх змянілі ўдзельнікі танцавальнай групы “Фіеста”, затым закруціла ўсіх прысутных у віры падзей ганаровая госця свята – Восень (Анастасія Акулевіч).

На Гальшаншчыне жывуць працавітыя, творчыя, таленавітыя і гасцінныя людзі. Вось і на кірмаш з розных куткоў раёна яны запрасілі мноства гасцей, з якімі знаёмілі гледачоў суседкі Лявоніха (Вольга Сінькевіч) і Сымоніха (Алена Шавель).

Добрымі песнямі, гучнымі танцамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі  гальшанцаў віталі працавітыя пчолкі з Граўжышкаў (удзельнікі сямейнага калектыву “Граўжанцы”), лепшы садавод з Навасёлкаў (Валянцін Роман), сапраўдныя сыраробы з Жупран (Дзіяна Бенедзісюк), Каралева Бульба з Барун (Алена Альшук) і Яе высокасць – Каралева Кветак з Кракоўкі (Таццяна Чэрская). Кожны з іх прыехаў не з пустымі рукамі – з падарункамі, музычнымі кампазіцыямі і гульнявымі праграмамі. Таксама добры настрой гледачам падарылі Алена Шавель, Любоў Шчарбакова, Марына Кісліцкая, Вольга Сінькевіч, Валянціна Бартановіч і Караліна Адашкевіч.

Завяршылася душэўнае свята выступленнем народнага ансамбля народнай песні “Жытніца”. Кранальныя песні ў іх выкананні не пакінулі нікога раўнадушным, несумненна.

На працягу мерапрыемтва працавала кніжная выстава, якую арганізавала сельская бібліятэка, і выстава народных майстроў, якую прадставіла загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Валянціна Свірская.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.