Сям’я Кірышчэнка з Мураванай Ашмянкі адзначыла брыльянтавае вяселле

Общество

 

Жанначка і Ванечка – так ласкава называюць адзін аднаго Іван Мацвеевіч і Жанна Міхайлаўна Кірышчэнкі з Мураванай Ашмянкі. Называюць вось ужо шэсцьдзясят год, штодня падмацоўваючы свае трапяткія пачуцці даверам, клопатам, падтрымкай і штохвілінным жаданнем быць побач. Гледзячы на іх адносіны, у каторы раз упэўніваешся, што шлюб іх быў заключаны менавіта там – на нябёсах, бо ў рэальным жыцці цяжка ўявіць такую гармонію, ды яшчэ на працягу шасці дзясяткаў год.

Аднак шлюб іх быў зарэгістраваны ў звычайных умовах – у Мураванаашмянкоўскім сельсавеце 28 верасня 1961 года, праз паўтара месяца пасля знаёмства. Сустрэліся маладыя людзі ўпершыню на пошце, куды маладая настаўніца Жанна Мальцава, размеркаваная пасля заканчэння гісторыка-філалагічнага факультэта Гродзенскага педінстытута ў Жураўскую васьмігодку, зайшла з сяброўкай-калегай. Іван на той час працаваў не толькі настаўнікам, але і ўзначальваў камсамольскую арганізацыю. А гэта і стала зачэпкай, каб бліжэй пазнаёміцца з маленькай і тоненькай дзяўчынай, якая, чаго там хаваць, запала ў сэрца хлопца з першага погляду.

Спачатку ён узяў камсамолку-прыгажуню на ўлік у сваю арганізацыю, пасля правёў яе дахаты з кінасеанса ў Мураванаашмянкоўскім клубе. На вясковай гравійнай дарозе Іван стаў на калена і прапанаваў стаць яго жонкай, абяцаючы аберагаць каханую ад любых нягод. Вяселле маладажоны зладзілі якраз на свята Вялікага Кастрычніка, за якім пайшлі-пабеглі будзённыя дні. Яны не былі ружовымі, як камусьці можа падацца. Свае адносіны маладыя выбудоўвалі самі, імкнучыся слухаць і чуць адзін аднаго, саступаць і клапаціцца аб сваёй палавінцы, вучыліся дзякаваць і адказваць дабром на дабро, радавацца дробязям, з якіх складалася іх сямейнае жыццё. Праз два гады Таццяна Міхайлаўна падарыла свайму любаму сына Аляксандра. А яшчэ праз тры – на свет з’явілася дачушка Таццяна. Клопат і адказнасць за выхаванне дзяцей яшчэ больш умацавалі сям’ю. Дзеці і сёння радуюць сваіх бацькоў. Аляксандр жыве і працуе ў Пухавіцкім раёне, Таццяна – у Мінску. Яны падарылі бабулі з дзядулем чатырох хлапцоў-унукаў. Нягледзячы на адлегласць і занятасць, кожныя выхадныя дзеці наведваюцца ў Мураваную Ашмянку.

Лічыцца, што сямейныя адносіны трымаюцца ў тым ліку і на агульнасці поглядаў і захапленняў. Для Кірышчэнкаў такой агульнай тэмай, якая прайшла праз жыццё абодвух, стала вайна. Яна пазбавіла іх дзяцінства і пакінула ў сэрцах невылечную рану. Іван нарадзіўся на Віцебшчыне, якая ў Вялікую Айчынную стала партызанскай зонай. Падчас першай карнай экспедыцыі сям’я Кірышчэнкаў цудам засталася ў жывых. Вёска была спалена, частка жыхароў, у асноўным мужчыны, растраляна ў лясным масіве. Астатніх на пароме павінны былі пераправіць у Віцебск, каб затым пагрузіць у вагоны і адправіць у Нямеччыну. Аднак трос на пароме абарваўся, і людзей адпусцілі па хатах. Праўда, хат ужо не было – яны згарэлі ў агні. Жыць прыйшлося ў зямлянцы і кожную хвіліну баяцца, што прыйдуць немцы. Бацька пайшоў у партызаны. Аднаго разу, уцякаючы ад фашыстаў, маці з дзецьмі кінулася ў рэчку Лужаснянку. Кулямётная чарга некалькі разоў уздымала ледзяную рачную ваду. Тады маці думала толькі аб адным – каб куля не трапіла ў яе, бо што ж тады станецца з малымі.

У канцы 1943 года Кірышчэнкі ўсё ж такі трапілі ў эшалон, які накіроўваўся ў Германію. Шлях ляжаў праз Вільню, у Кёнігсберг. Аднак той цягнік так і не дайшоў да месца прызначэння. Набліжаўся фронт, і вагоны з людзьмі пачалі “разгружаць” на станцыях, якія размяшчаліся па шляху руху поезда. Так Кірышчэнкі апынуліся на станцыі Ашмяны, затым у Скілондзішках, а праз пэўны час абжыліся ў Мураванай Ашмянцы. Адсюль пайшоў Іван вучыцца ў Ашмянскае педвучылішча, а пасля – у Віцебскі педінстытут імя Машэрава.

Жанна Міхайлаўна нарадзілася ў Смалявічах у сям’і чыгуначніка. Яна траюрадная пляменніца маршала Івана Якубоўскага, двойчы Героя Савецкага Саюза.

Жанне было ўсяго тры гады, калі пачалася вайна, аднак дзіцячая памяць захавала жудасныя эпізоды тых падзей на ўсё жыццё. Нават сёння жанчына не можа ўзгадваць іх без слёз. Жанначка-партызаначка – так называлі дзяўчынку ў атрадзе “Смерць фашызму!”, куды яна трапіла разам з маці. Размяшчалася фарміраванне ў лесе ля возера Палік. У вайну атрад трапіў у нямецкую блакаду. Яна памятае, як маці ўвесь час прасіла дачку: “Толькі не плач, гавары ціха, бо немец пачуе і нас застрэліць”. Будучы маленькім дзіцем, яна разам з усімі піла балотную ваду і смактала лісты альшэўніку, каб хоць трохі абмануць свой галодны жывот.

У дзяцінстве Жанне ўвесь час хацелася есці. Пасля вайны, калі яна ўжо была ў чацвёртым класе, на Новы год настаўніца Соф’я Мікалаеўна дала ёй дзве цукеркі-падушачкі, саладзей за якія яна нічога ў жыцці не спрабавала. Маці часта пакідала яе цэлы дзень стаяць за хлебам, напісаўшы нумар чаргі на руцэ. І якім было яе шчасце, калі прадавачка давала яго цэлую буханку.  У пасляваенны час праблемы былі не толькі з ядой, але і з вопраткай і абуткам. Аднойчы маці пашчасціла прынесці аднекуль нямецкі парашут. З таго шоўку яна змайстравала для дачкі спаднічку і блузачку, якім не было зносу. Арлы з той тканіны былі выразаны і спалены ў грубцы.

У цяжкія сітуацыі маці заўсёды казала, што трэба цярпець і верыць. І Жанна верыла і ніколі не наракала на лёс. Яна ніколі не скардзілася, не зайздросціла і не жалілася. Апошнім дзялілася з бліжнім і заўсёды прыходзіла на дапамогу.

За гэтыя якасці і сёння любяць і паважаюць Жанну Міхайлаўну аднавяскоўцы і суседзі. У дзень брыльянтавага вяселля кватэра Кірышчэнкаў была напоўнена гаманой і песнямі. Павіншаваць з шыкоўнай падзеяй Івана Мацвеевіча і Жанну Міхайлаўну і ўручыць падарунак прыехала начальнік аддзела ЗАГС Ашмянскага райвыканкама Іна Пад’ельская, якая прапанавала юбілярам засведчыць гэты факт у Ганаровай кнізе юбіляраў раёна. Шчырыя пажаданні сям’і ў сувязі з брыльянтавым вяселлем ад раённага выканаўчага камітэта выказала кіраўнік спраў райвыканкама Ала Юнашка.

— Найлепшы падарунак – гэта добрыя людзі, — падкрэсліла кіраўнік спраў Мураванаашмянкоўскага сельвыканкама Марына Саковіч, якая выступіла ў ролі вядучай. Яна прапанавала слова настаўнікам мясцовага вучэбна-педагагічнага комплексу Валянціне Бернатовіч і Наталлі Штуро. Трэба адзначыць, што з педагогікай звязана ўсё жыццё Кірышчэнкаў. Стаж Івана Мацвеевіча складае 40 гадоў, з іх 21 – на пасадзе дырэктара. Жанна Міхайлаўна прафесіі настаўніка аддала 37 гадоў, нават калі выйшла на пенсію, некаторы час працавала загадчыцай дзіцячага садка.

Калегі па працы – гэта яшчэ і надзейныя суседзі, таму з радасцю прымалі юбіляры віншаванні ад Галіны Варанецкай, Зыгмунда і Людмілы Цяшкевіч. Жыццё віноўнікаў урачыстасці цесна перапляталася з грамадскай дзейнасцю. Іван Мацвеевіч неаднаразова выбіраўся дэпутатам сельскага Савета. Кірышчэнкі прымалі актыўны ўдзел у абласных і рэспубліканскіх турыстычных злётах, а таксама пастаянна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. Гэтыя яркія моманты з жыцця юбіляраў узгадалі старшыня сельвыканкама Галіна Каспяровіч і былая загадчыца сельскага клуба Аліна Лыскойць. Музычныя падарункі, сярод якіх песня “Сто гадоў”, гучалі ў гэты дзень ад народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу.

Не засталіся ў баку ад такой значнай падзеі ў жыцці жыхароў Ашмянскага раёна дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лілія Невяркевіч і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Марына Куліковіч.

Гледзячы на Івана Мацвеевіча і Жанну Міхайлаўну, слухаючы іх нетаропкі аповед, разумееш: іх брыльянтавае вяселле сапраўды падобнае на каштоўны камень, які вытрымаў усе выпрабаванні і набыў з гадамі высакародны бляск. Нездарма кажуць пра мужа і жонку, якія пражылі ў пары шэсць дзясяткаў гадоў: сэрцы ў іх брыльянтавыя, а душа – залатая.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.