У Ашмянах прайшла сустрэча са старшынёй Савета імамаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі

Год народного единства Культура

 

Аматарскае аб’яднанне “Сустрэча”, якое працуе пры раённай бібліятэцы ўжо дваццаць пяць год, на сваё чарговае пасяджэнне запрасіла ашмянскіх татараў. Знаёмства з культурай і традыцыямі гэтага народа для наведвальнікаў клуба стала цікавай старонкай з жыцця людзей, якія ўжо даўно жывуць побач з намі, дбаюць пра дабрабыт свайго горада і краіны і пры гэтым цвёрда прытрымліваюцца сваёй веры і шануюць сваю гісторыю.

Перш чым даць слова Дзмітрыю Радкевічу, нашаму земляку, які зараз узначальвае Савет імамаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі, вядучая мерапрыемства Святлана Галінская ўзгадала імёны вядомых усяму свету татараў, сярод якіх пісьменнік Муса Джаліль, актрыса Чулпан Хаматава, тэнісіст Марат Сафін, кардыёлаг Рэнат Акчурын, артыст балета Рудольф Нурэеў… Многія прадстаўнікі гэтага народа ўнеслі значны ўклад у гісторыю, культуру і навуку тых краін, дзе яны жылі ці жывуць зараз.

На беларускіх землях татары з’явіліся ў канцы XIV стагоддзя. Яны прыйшлі з Залатой Арды па запрашэнні Вялікага князя Літоўскага Вітаўта для воінскай службы. Вітаўт даў ім права прытрымлівацца сваёй рэлігіі, будаваць мячэці і адчыняць мусульманскія школы. Талерантнасць і верацярпімасць, уласцівыя і тым, і другім, дазволілі пабудаваць паміж татарамі і беларусамі добрасуседскія адносіны.

У міры і дружбе з мясцовым насельніцтвам жывуць і ашмянскія татары. Яны не адчуваюць сябе чужынцамі ні ў нашым горадзе, ні ў калектывах, дзе працуюць. Запрашаюць на Курбан Байрам праваслаўных і каталікоў і з павагай ставяцца да хрысціянскіх традыцый.

Дзмітрый Радкевіч прыйшоў на сустрэчу разам са сваімі бацькамі Мустафой і Эміліяй Радкевіч, сястрой Галінай Крыніцкай, а таксама актывістамі мусульманскай абшчыны ў Ашмянах Джанетай Радлінскай, Барысам Радзецкім і старшынёй згуртавання Фацімай Якубоўскай. Жанчыны – у прыгожых яркіх строях з хіджабам (галаўны убор), а таксама з блюдамі татарскай нацыянальнай кухні. Татарскае кулінарнае майстэрства багата сваімі традыцыямі. Пра іх госці не толькі расказалі, але і пачаставалі ўдзельнікаў імпрэзы рознымі прысмакамі – пірагом з макам і карыцай, мядовай гальмой і піражкамі, пасыпанымі цукровай пудрай, якія імгненна знікалі ў роце.

Дзмітрый Мустафавіч акцэнтаваў увагу на гісторыі іслама на беларускіх землях, заўважыўшы пры гэтым, што супольнасць татараў-мусульман на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы невялікая – каля трох тысяч чалавек. Значнай падзеяй для людзей, якія прытрымліваюцца ісламу, стала будаўніцтва ў Мінску саборнай мячэці, урачыста адчынененай у 2016 годзе. Свой малельны дом ёсць і ў ашмянскіх татараў. Адчынены ён быў у звычайным жылым доме, адрамантаваным агульнымі намаганнямі вернікаў пры дапамозе прадстаўнікоў суседняй, Іўеўскай, абшчыны.

Мусульманскую культуру немагчыма разглядаць без літаратуры, тым больш у сценах бібліятэкі. Кніжную выставу “Культура і традыцыі татарскага народа” падрыхтавалі супрацоўнікі раённай бібліятэкі. З падарункамі, сярод якіх кнігі і часопісы, прыйшоў і Дзмітрый Радкевіч. У гэтым годзе пабачыла свет кніга філасофска-дыдактычных твораў геніяльнага ўзбекскага паэта Алішэра Наваі “Улюбёны сэрцаў” у перакладзе на беларускую мову Дмітрыем Радкевічам.

— Маё знаёмства з Алішэрам Наваі пачалося падчас вучобы ў Гродзенскім музычным каледжы. У букіністычнай краме я знайшоў невялічкі томік яго твораў, у якім была і паэзія, і проза, але яна падалася мне настолькі вытанчанай, што нараджала ў душы жаданне перакласці гэтыя радкі на беларускую мову. З часам натхненне прайшло, аднак калі прыйшлося больш працаваць са словам (я стаў супрацоўнікам раённай газеты), захацелася давесці справу да канца. Пры гэтым я і не думаў, што ў нашай краіне выданне кніг – вельмі складаная справа, — заўважыў Дзмітрый Мустафавіч. — Толькі дзякуючы знаёмству з прадстаўніком пасольства Узбекістана Даніярам Абідавым гэта кніга, хоць і зусім невялікім накладам, у лютым гэтага года пабачыла свет.

Узгадаў Дзмітрый Радкевіч і імя муфція Мухамада Такі Усмані – вядомага ў свеце спецыяліста па накірунку ісламскага банкінгу і фінансаў, які напісаў па тэме эканомікі не адзін дзясятак кніг і артыкулаў. Яго пяру належыць і зборнік “Простыя дабрадзействы”, у якім пералічваюцца добрыя справы, якія кожны з нас можа зрабіць без значных намаганняў і фінансавых выдаткаў. Ізноў жа — пераклад працы муфція зрабіў Дзмітрый Радкевіч.

Як заўважыў наш зямляк, на самой справе мы жывём у простым свеце. Складанасці мы ствараем сабе самі – з тых жа простых рэчаў. У жыццёвай мітусні мы забываемся пра сапраўдныя мэты нашага існавання. Кожную хвіліну імкнемся, каб зрабіць больш утульным зямное жыццё, забываючыся пры гэтым аб паляпшэнні свайго стану ў вечнасці. А часам трэба спыніць свой бег і заглянуць у душу.

За цікавую і змястоўную сустрэчу, якая прайшла ў Год народнага адзінства, шчыра падзякавала гасцям дырэктар раённай бібліятэкі Марына Белавус і падарыла фотаальбом Уладзіміра Ліхадзедава “Ашмяны і ваколіцы. Падарожжа ў часе”, прэзентацыя якога адбылася падчас святкавання юбілею горада.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.