У падарожжа з “Ашмянскім веснікам”

Культура

 

Падчас падпісной кампаніі на трэці квартал і другое  паўгоддзе бягучага года наша газета прапанавала сваім падпісчыкам паўдзельнічаць у розыгрышы латарэі. Яе галоўным прызам стала экскурсія ў Гальшанскі замак. За некалькі тыдняў, што працягвалася акцыя, у рэдакцыю прыйшлі дзясяткі копій падпісных квітанцый, але толькі траім нашым чытачам  усміхнулася ўдача.

Экскурсійная паездка некалькі разоў адкладвалася: то не спрыяла надвор’е, то ўмешваўся каранавірус, то працоўны графік не дазваляў нашым пераможцам выбрацца за горад. Але ў мінулую вераснёўскую нядзелю склалася ўсё: і надвор’е, і працоўны графік, вось толькі не трое, а двое нашых заўзятых падпісчыкаў далучыліся да нас з фотакарэспандэнтам — Яўгеній Більман з Ашмян і Аксана Кавалеўская з Кальчун.

— Раённая газета – гэта заўсёды актуальная інфармацыя, матэрыялы аб земляках, знаёмых і суседзях, парады і кансультацыі, а яшчэ мажлівасць павіншаваць родных і блізкіх са святамі, размясціць сваю аб’яву і рэкламу, — дзеляцца чытачы ў дарозе.

Сапраўды, выпісваючы «Ашмянскі веснік», адныя аддаюць перавагу навінам, другія — аб’явам і віншаванням, трэція — трымаюць пад рукой праграму тэлеперадач… Кожны знаходзіць тут старонкі для сябе і дамачадцаў. Для Яўгенія і Аксаны за дзесяцігоддзі раёнка стала добрай  традыцыяй, як і для сотняў сямей Ашмяншчыны.

— Не падлічыць нават дакладна, колькі гадоў сябрую з раёнкай, знаходжу тут шмат цікавай інфармацыі пра падзеі, якія адбываюцца ў раёне, — расказвае Аксана Мар’янаўна. – Як шматдзетная маці ў дэкрэтным адпачынку не ўяўляю, як абысціся без нашай газеты.

Аксана Кавалеўская прызнаецца, што ў латарэі ад “Ашмянскага весніка” ўдзельнічаць не планавала, але старэйшая дачка прапанавала паспрабаваць і ўзяла на сябе ўсе клопаты па адпраўленні ў рэдакцыю падпісной квітанцыі. І як аказалася – недарма!

Дыспетчар Ашмянскага РАНС і па сумяшчальнасці аматар гісторыі Яўгеній Більман на Ашмяншчыну з суседняга Іўеўскага раёна прыехаў ў 2000 годзе. З таго часу кожную сераду і суботу, а цяпер – аўторак і пятніцу ў яго сям’і чакаюць раёнку.

— На старонках  выдання чытаў пра рэканструкцыю паўночнай вежы Гальшанскага замка, пра вечары, якія там праходзяць, але не было мажлівасці наведаць адноўлены помнік архітэктуры, — адзначае Яўгеній. – Дзякуй “Ашмянскаму весніку” за станоўчыя эмоцыі і цікавую экскурсію!

У гэты дзень Гальшанскі замак адкрыў спаўна таямніцы сваім гасцям.  Нашыя чытачы з задавальненнем праходжваліся па ўтульных музейных пакоях, блукалі па лесвіцах, якія атачаюць вежу, і рабілі здымкі на памяць. Госці змаглі пабываць у падвальным памяшканні і на ўсіх трох паверхах паўночнай вежы, на кожным з якіх іх чакаў містычны аповед экскурсавода Таццяны Завадскай аб багатай гісторыі і легендах Гальшанскага краю.

Пасля экскурсіі нашыя чытачы спяшаліся ў горад – Яўгеній на працу, а Аксана — да дзетак. Усю дарогу да горада яны дзяліліся ўражаннямі аб экскурсіі, дзякавалі за паездку, а таксама зазначылі, што ўжо выпісалі раёнку на наступны квартал. На памяць аб экскурсіі ў іх застануцца шматлікія здымкі, якія зрабіла наш фотакарэспандэнт Святлана Муцянская.

Паважаныя чытачы, мы вельмі рады, што наша латарэя і экскурсійная праграма прыйшліся вам даспадобы, таму сачыце за навінамі – хутка мы арганізуем для вас новую акцыю.  Да сустрэчы ў аўторак і пятніцу на старонках раённай газеты «Ашмянскі веснік»!

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.