У краязнаўчым музеі адкрылася выстава “Жыццё ў слове…”

Культура

 

Перасоўная выстава “Жыццё ў Слове…” адкрылася ў краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча. Прадстаўленыя Дзяржаўным музеем беларускай літаратуры літаратурна-дакументальныя матэрыялы распавядаюць пра гісторыю беларускага кнігадруквання з XVI па XXI стагоддзе.

Падчас адкрыцця выставы экскурс ў багатую літаратурную спадчыну Беларусі разам з наведвальнікамі музея здзейсніла загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея беларускай літаратуры Вольга Гулева.

— Умясціць у банерах 500-гадовую гісторыю кнігадрукавання, якое бярэ свой адлік з Бібліі Скарыны, вельмі складана, — заўважыла Вольга. – Мы паспрабавалі разам з літаратуразнаўцамі і крытыкамі адабраць найбольш значныя кнігі, якія сталі сімвалам сваёй эпохі. Назвай для нашай выставы паслужылі словы выдатнага творцы ХХ стагоддзя Міхася Стральцова. Мы жывём у слове, бо кніга – найважнейшы сродак камунікацыі і адукацыі, важнейшы фактар культуры. Мы ўдзячны Скарыне за друкаваную кнігу, якая дала нам магчымасць адкрыць для сябе імёны Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага, Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Францішка Багушэвіча…

Размова падчас літаратурнай вандроўкі ішла не толькі пра кнігі і іх аўтараў. У літаратуры паказаны такія важныя падзеі, як Першая і Другая суветныя войны, у якія былі ўцягнуты дзясяткі краін свету, а таксама Чарнобыльская трагедыя. Гэтыя падзеі знайшлі сваё адлюстраванне ў дакументальнай і мастацкай літаратуры іншых краін, што дае магчымасць параўнаць погляды людзей розных нацый, розных дзяржаў на адну і тую ж падзею.

Літаратура дае адказы на многія пытанні, якія не даюць спакою людзям: што аб’ядноўвае нас у гэтым свеце, якія ў нас агульныя памкненні?

Адзін з банераў прысвечаны песеннай культуры беларусаў, узгадаванай на фальклорных традыцыях нашых продкаў, якія падхапілі шматлікія паэты-лірыкі. На выставе былі ўзгаданы імёны Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Аркадзя Куляшова, Ніла Гілевіча, Алеся Ставера, на вершы якіх напісаны агульнавядомыя песні. Дзве з іх – народная “Купалінка” і на словы Ніла Гілевіча “Вы шуміце бярозы” – выканалі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу Марына Горыд і Эдуард Горыд.

У склад музея гісторыі беларускай літаратуры ўваходзіць дзевяць філіялаў, якія захоўваюць памяць аб такіх слынных асобах, як Максім Багдановіч, Пятрусь Броўка, Францішак Багушэвіч, Адам Міцкевіч, Васіль Быкаў, Кузьма Чорны. Творчасць гэтых паэтаў і пісьменнікаў – асобная старонка ў нашай літаратуры, якая знаёма кожнаму беларусу.

Завяршылася выстава ізноў жа Бібліяй – “кнігай кніг” – сучаснымі перакладамі яе на беларускую мову.

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел члены літаратурнага клуба “Сустрэча”пры раённай бібліятэцы і старшакласнікі СШ №3, якія выказалі словы ўдзячнасці арганізатарам мерапрыемства. Дырэктар краязнаўчага музея Алена Жасткова запрасіла ўсіх зацікаўленых і неабыякавых жыхароў і гасцей нашага горада наведаць выставу і адкрыць для сябе неспазнаная старонкі ў беларускай літаратуры.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.