Адзінаццаць узнагарод атрымалі ашмянскія музыканты на праекте ART EXPRESS — 2021

Культура

 

Адразу адзінаццаць высокіх узнагарод вучням Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў прынёс III Міжнародны адукацыйны творчы праект ART EXPRESS — 2021. Сёлета  ў ім прынялі ўдзел музыкі з васьмі краін — Беларусі, Расіі, Арменіі, Грузіі, Славеніі, Малдовы, Ізраіля і Мексікі. Гэты ўнікальны музычны праект дае магчымасць адораным дзецям з розных куткоў свету прадэманстраваць свой талент, а лепшыя з іх могуць атрымаць спецыяльны прыз — выстуленне ў радыё- і тэлеэфіры вядучых беларускіх каналаў.

Вучні Вольгі Францаўны і Віктара Ігнатавіча Чаплінскіх, якія праходзяць навучанне ў музычных класах Мураванай Ашмянкі і Цудзенішкаў, усе без выключэння атрымалі прэстыжныя дыпломы лаўрэатаў.

— Важна ўбачыць талент і развіць яго, укладаючы душу і прафесіяналізм у выхаванне дзяцей, — адзначае Вольга Чаплінская. — Кожная ўзнагарода — гэта пацвярджэнне нашых поспехаў і стымул для далейшай дзейнасці, узнагароды — сведчанне, што наша агульная праца з дзецьмі і іх бацькамі праходзіць недарма.

Кожны год таленавітыя выхаванцы школ мастацтваў збіраюцца разам у адной з краін-удзельніц праекту, але сёлета конкурс праходзіў у дыстанцыйнай форме, таму настаўнікі разам з вучнямі рыхтавалі відэазапісы творчых выступленняў, да дэталяў прадумвалі строі і вобразы юных артыстаў. Усе відэаролікі запісалі ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры, а разам з юнымі артыстамі ў кадры выступілі ўдзельнікі ансамбля “Карусель” (кіраўнік Жанна Мажэйка). Без музычнай падтрымкі Віталія Юрэвіча, Ірыны Асмольскай, Аляксандра Жукоўскага, Вікторыі Клімчанкі і Дар’і Антановіч выступленні юных зорачак не былі б такімі яркімі і насычанымі.

Вучні з глыбінкі ўжо не першы год скараюць міжнародную сцэну, становяцца лаўрэатамі сур’ёзных конкурсаў, выступаюць на радыё і тэлебачанні, а іх любоў да народных спеваў і беларускага слова выходзіць далёка за межы краіны. Так, творчыя нумары на конкурс прадставілі адораныя выхаванцы Віктара Ігнатавіча з Мураванай Ашмянкі — Васіліса Мікліс (лаўрэат І ступені), Арсеній Ігнатовіч (лаўрэат ІІ ступені), Анастасія Бальцэвіч (лаўрэат ІІ ступені) і Дар’я Топаль (лаўрэат ІІІ ступені), а таксама Маргарыта Антановіч (лаўрэат І ступені) і Лізавета Віткоўская (лаўрэат І ступені) з Цудзенішкаў.

Шэраг высокіх узнагарод атрымалі выхаванцы Вольгі Чаплінскай, якія праходзяць навучанне ў Цудзенішках, — Ева Жук (лаўрэат ІІ ступені), Дамінік Захарэўскі (лаўрэат ІІІ ступені), Дар’я Савіцкая (лаўрэат ІІ ступені), Касандра Багдановіч (лаўрэат ІІ ступені) і вучаніца мастацка-эстэтычнага аддзялення Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Лаура Кірдзік (лаўрэат ІІ ступені).

Ні адно выступленне нашых землякоў не застаецца без увагі журы — падзячныя лісты атрымалі настаўнікі і канцэртмайстры. Загадчыца музычных класаў Вольга Чаплінская прыняла ўдзел у майстар-класе на тэму «Праявы эмацыйнага інтэлекту ў падлеткавым узросце”, які правялі выкладчыкі кафедры музычна-тэарэтычнага аддзялення спецыяльнай музычнай школы імя Я. Кокі (Малдова).

Прыемна, што наша зямлячка Лаура Кірдзік стала тварам конкурсу ART EXPRESS — 2021 менавіта яе фотаздымак у народным строі ілюстраваў шматлікія аб’явы і запісы ў сацыяльных сетках. Здымак так прыйшоўся даспадобы арганізатарам падчас азнаямлення з анкетамі будучых удзельнікаў, што не застаўся без увагі на працягу ўсяго творчага сезона.

Вучаніцу школы мастацтваў Еву Жук, якая выступіла ў намінацыі «Мастацкае слова», запрасілі ў прамы эфір на канале “Культура”. Трэба адзначыць, што Ева — самая юная ўдзельніца эфіру.

Відэазапісы з конкурснымі выступленнямі юных зорак можна знайсці ў інтэрнэце.

Праглядаючы іх, разумееш, што беларуская народная песня ў выкананні вучняў Вольгі і Віктара Чаплінскіх, прасякнутая любоўю да роднага краю, будзе жыць. Чароўнымі мелодыямі яна пранікае ў сэрцы слухачоў, напаўняе душы шчырымі перажываннямі і ў адным з вагонаў творчага экспрэса накіроўваецца праз восем краін свету, дзе жывуць адораныя музыканты.

Кацярына РУДЗІК.