Як падрыхтаваліся ўстановы адукацыі Ашмянскага раёна да 1 верасня

Образование

 

На календары – жнівень, а гэта значыць, што хутка пачнецца новы навучальны год. Зараз ва ўстановах адукацыі Ашмянскага раёна праходзіць узаемаправерка. Аб гатоўнасці сістэмы адукацыі да 1 верасня — наша гутарка з начальнікам упраўлення адукацыі Святланай Баркоўскай.

— Святлана Мікалаеўна, з якімі думкамі і настроем вы сустракаеце новы навучальны год?

— Усе ідзе згодна з планам. У новым навучальным годзе ў Ашмянскім раёне будуць функцыянаваць 27 устаноў адукацыі: з іх сярэдняй адукацыі – чатырнаццаць, спецыяльнай – адна, дашкольнай – дзесяць, сацыяльна-педагагічных устаноў – адна, дадатковай адукацыі – адна. Сёлета сядуць за парты 3788 вучняў, што складае 239 камплектаў класаў. Вучэбны працэс ва ўстановах адукацыі раёна забяспечвае 731 педагог. У гэтым годзе дружную настаўніцкую сям’ю папоўніць 41 малады спецыяліст, 30 з якіх – ураджэнцы нашага раёна, што не можа не радаваць. Спадзяёмся, што маладыя кадры надзейна замацуюцца на Ашмяншчыне.

На гэтым тыдні праходзіць прыёмка ўстаноў адукацыі з падпісаннем адпаведных сертыфікатаў. Наколькі поўна, на вашу думку, створаны ў раёне ўмовы для якаснага навучання дзяцей і прафесійнай дзейнасці педагогаў?

— Ва ўстановах адукацыі раёна праведзена сур’ёзная работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. На рамонтныя работы на дадзены момант пайшло 96032 рублі, у тым ліку з раённага бюджэту – 46146 рублёў, пазабюджэтных сродкаў – 39129 рублёў, спонсарскіх – 10757 рублёў.

Ва ўсіх установах адукацыі праведзены касметычныя рамонты памяшканняў, набыты кухонны і сталовы посуд, мэбля. Праведзены работы па добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі, рамонце і фарбаванні спартыўнага і гульнявога абсталявання, памяшканняў. У дзіцячым садку №6 адрамантаваны дзве ценевыя павеці, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці горада і яслях-садзе №6 – буфетныя. Заключаны дагавор на рамонт механічнай вентыляцыі на блоках харчавання ў Жупранскім і Кракоўскім садках, яслях-садзе №1. Вядзецца грунтоўная работа па рамонце даху ў садку №4 – выдаткі складаюць 101000 рублёў, пасля чаго будзе адрамантавана таксама адмостка і асфальтабетоннае пакрыццё пешаходных дарожак і пад’ездаў на тэрыторыю дашкольнай установы.

У Гальшанскай СШ абсталяваны кабінет тэхнічнай працы, праведзена часткова замена мэблі ў СШ №1, СШ №2, гімназіі №1. У СШ №3 заменены ў вучэбных сталах усе стальніцы. Набыта надворнае абсталяванне ў садку аграгарадка Гальшаны. І гэта толькі частка праведзенай значнай работы.

— Адзін з важнейшых момантаў працэсу навучання – яго бяспека. Як арганізавана работа ва ўстановах адукацыі ў гэтым накірунку?

— Ва ўстановах адукацыі пастаянна вядзецца работа па арганізацыі бяспекі дарожнага руху ля сваіх устаноў. Маніторынг праводзіцца ДАІ сумесна з упраўленнем адукацыі. З мэтай стварэння бяспечных умоў устаноўлены сістэмы відэаназірання. Выкананы ўсе патрабаванні РАНС па захаванні пажарнай бяспекі. Тэрыторыі ўсіх устаноў агароджаны.

Як вядома, якасць навучання залежыць ад арганізацыі якаснага харчавання выхаванцаў. Як выконваецца ўстановамі адукацыі план па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў харчавання?

— За бюджэтныя сродкі ў СШ №2 набыты крэслы ў абедзенную залу, Барунскі і Граўжышкоўскі НПК – вагавае абсталяванне, яслі-сад №4 – стэлажы для захавання прадуктаў, электрапатэльня, тры адзінкі халадзільнага абсталявання. Новыя тэхналагічныя ванны і стэлажы з’явіліся ў буфетных дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ў горадзе і садку №6. Задаволены абноўкамі ў Навасёлкаўскім НПК, СШ №3, яслях-садзе №7. Практычна ва ўсіх установах праведзены касметычныя рамонты блокаў харчавання. На гэтыя мэты затрачана 2838 рублёў, з іх 2357 рублёў – пазабюджэтныя сродкі. Каля 10000 рублёў пайшло на набыццё сталовага і кухоннага посуду, замены інвентару, спецвопраткі, мыйных сродкаў і дазатараў для антысэптыку. У чатырох установах у блоках харчавання ўсталяваны прытокава-выцяжныя сістэмы.

Як будзе ў бягучым навучальным годзе арганізаваны падвоз дзяцей ва ўстановы адукацыі?

— У новым навучальным годзе ў раёне плануецца падвоз 599 дзяцей (484 — школьнікі і 115 – дашкольнікі). Для гэтага ў нас маецца 13 аўтобусаў. Для падвозу дзяцей у Гальшанскую СШ мы плануем сёлета купіць аўтобус за сродкі абласнога бюджэту. Наш транспарт заўсёды своечасова рамантуецца. З раённага бюджэту выдзяляюцца сродкі на закупку запасных частак, прахаджэнне тэхагляду, тэхнічнае абслугоўванне.

— У нашым раёне заўсёды актыўна праходзіць акцыя “Сабяром дзяцей у школу”. Ці можам мы гаварыць пра папярэднія яе вынікі?

— Вынікі пакуль падводзіць рана. Між іншым адзначу, што з раённага бюджэту выдаткавана 79560 рублёў для 538 шматдзетных сем’яў, якія выхоўваюць 1097 дзяцей (па 72 рублі). Арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна на сёння на падрыхтоўку да школы аказана папамога на суму больш за 21620 рублёў для 124 сем’яў.

Дзякуй за гутарку. Няхай новы навучальны год будзе паспяховым і бяспечным.

Гутарыла Аліна САНЮК.