У Ашмянскім раёне прайшоў турыстычны злёт

Спорт

 

На мінулым тыдні аматары актыўнага адпачынку сабраліся на турыстычным злёце каля вёскі Міхалконі. Абараняць гонар сваіх арганізацый у гэтым годзе «зляцеліся» восем каманд: раённага выканаўчага камітэта, сырзавода, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ААТ «Будаўнік», бальніцы, першай і трэцяй гарадскіх, а таксама зборная Навасёлкаўскай і Дакурнішскай школ.

Паколькі каманд было дастаткова, судзейская камісія вырашыла падзяліць іх на дзве падгрупы. Пакуль адны турысты пераадольвалі паласу перашкод, другія змагаліся на валейбольнай пляцоўцы.

Традыцыйна самае відовішчнае спаборніцтва – пераадольванне паласы перашкод – арганізатары вырашылі правесці ў першы дзень, пакуль турысты яшчэ не паспелі стаміцца. Як звычайна і бывае, паласа многім камандам далася цяжка: нехта рабіў усё хутка, аднак з памылкамі, другія выконвалі кожны конкурс грунтоўна, аднак гэта забірала шмат часу. Лепшы вынік у гэтым спаборніцтве паказала каманда ЖКГ.

У валейболе пасля напружаных гульняў першае месца заваявала каманда сырзавода.

Наступным конкурсам стала падняцце гіры, якую моцныя прадстаўнікі каманд павінны былі падняць максімальную колькасць разоў. Па правілах дазвалялася адна змена рукі. Лепшы вынік у гэтым спаборніцтве паказаў прадстаўнік сырзавода Валерый Вашкель, які змог падняць дваццацічатырохкілаграмовую гіру 120 разоў.

Пасля гэтага суддзі сабраліся ў вандроўку па стаянках турыстаў, каб ацаніць іх быт. Каманды сустракалі камісію танцамі, песнямі, байкамі і, канешне, хлебам-соллю. Некаторыя каманды імкнуліся «падкупіць» суддзяў сваім кулінарным майстэрствам, другія рабілі стаўку на ўпрыгожанне сваіх зон адпачынку, трэція – на крэатыўнасць. Суддзям было складана вызначыцца з пераможцамі, аднак пасля некаторых дэбатаў першае месца было вырашана аддаць сырзаводу.

На другі дзень турзлёту спартсменам трэба было паспрачацца ў трапнасці і ў моцы – камандам былі прапанаваны дартс і самы відовішчны, на маю думку, від турыстычнага спаборніцтва – перацягванне каната. І калі ў дартсе яшчэ можна было падчакаць спрыяльны момант для таго, каб дроцік не здзьмула ветрам і ён патрапіў у “дзясятачку”, то ў перацягванні каната ўсё вырашала некалькі імгненняў пасля свістка суддзі, сіла і пачуццё пляча сябра. Такім чынам, лепшымі ў дартсе сталі прадстаўнікі трэцяй школы, а ў перацягванні каната ніхто не змог канкурыраваць з супрацоўнікамі сырзавода.

Як звычайна і бывае ў такіх спаборніцтвах, хапала і спрэчных момантаў, аднак суддзя заўсёды мае рацыю – на тое ён і суддзя.

У агульным заліку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: ашмянскі сырзавод заняў першую прыступку п’едэстала, будаўнікі – другую, а камунальшчыкі і ўрачы падзялілі трэцяе месца.

У бліжэйшы час каманда сырзавода будзе абараняць гонар раёна на абласным турыстычным злёце.

Антон МАЛЬШЭЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *