Ірына Даніла. Жыццё пад стук чыгуначных колаў

Общество

 

Чыгунка. Магчыма, вы не пагодзіцеся, але ёсць у гэтым слове нешта рамантычнае. Магчыма, гэтая рамантыка хаваецца ў перастуку вагонных колаў, што нагадваюць музыку ў стылі джаз, ці ў любаванні вобразамі роднага краю праз акно вагона, ці ў доўгіх пераездах і начных размовах са спадарожнікамі, што за некалькі дзён сумеснай вандроўкі з незнаёмцаў ператвараюцца ў сяброў… Але гэта погляд далёкага ад сапраўднага жыцця чыгункі дылетанта.

А якое яно, жыццё пад стук чыгуначных колаў, на самой справе для людзей, для якіх чыгунка перш за ўсё адказная і штодзённая работа?

Як людзі трапляюць на чыгунку?

Ірына Даніла працуе на чыгунцы ўжо 39 гадоў, 36 з іх — на станцыі Ашмяны. Тут яе ўсе ведаюць і паважаюць.

Хаця ў дзяцінстве дзяўчынка Ірына нават не думала, што аднойчы пойдзе працаваць на чыгунку, — яна была самай апошняй, сёмай, дачкой у сваіх бацькоў у вёсцы Сосны Салігорскага раёна і, хутчэй за ўсё, яны бачылі яе ў будучым зусім не чыгуначніцай. Аднак пасля школы на летнія канікулы яе паклікала да сябе адпачыць старэйшая сястра Надзея, якая працавала ў Гудагаі дзяжурнай па станцыі. І гэты “адпачынак” аказаўся вырашальным: Ірына цэлае лета адпрацавала стрэлачніцай, а ўжо ўвосень паступіла ў Аршанскі чыгуначны тэхнікум. Пасля яго заканчэння атрымала размеркаванне на станцыю Ашмяны, дзе і працуе да гэтага часу.

Як сустракаюць цягнікі?

— Работа дзяжурнага па станцыі — зусім не лёгкі хлеб, як можа некаму падацца, — дзеліцца з намі Ірына Арцёмаўна. — Канешне, зараз стала шмат прасцей — электрыфікацыя і развіццё тэхналогій даюць свае станоўчыя вынікі, аднак зусім без чалавека, лічу, чыгунка не зможа абыходзіцца ніколі. Нават зараз не-не ды здараюцца нейкія эксцэсы, таму сваю работу кожны чыгуначнік павінен ведаць назубок, а свае прафесійныя абавязкі выконваць ад “а” да “я”.

Прагрэс і развіццё, зразумела, палягчаюць жыццё чыгуначнікаў. Так, напрыклад, ужо зараз рухам усіх цягнікоў праз станцыю Ашмяны лёгка можа кіраваць дыспетчар са сталіцы. Аднак, калі нешта здарыцца на станцыі — без мясцовых работнікаў не абысціся.

— Неяк, памятаю, здарылася бяда з камп’ютарам: ці то праводку замкнула, ці то нейкая электронная памылка адбылася, дык давялося пераводзіць на ручны рэжым упраўленне рэйкамі, — успамінае Ірына Арцёмаўна, — прапускаеш адзін цягнік, бяжыш пераводзіць стрэлку на другі пуць, вяртаешся на станцыю, прапускаеш электравоз, зноў імчыш да стрэлкі, каб вярнуць яе ў пачатковае становішча, зноў бяжыш на станцыю і прапускаеш пасажырскі цягнік… Вось я тады набегалася, пакуль усё адрамантавалі.

Чыгунка — гэта заўсёды павышаны ўзровень небяспекі: высокая хуткасць сучасных цягнікоў і бесклапотнасць некаторых пасажыраў у суме нярэдка даюць сумны вынік.

І сапраўды, сучасныя электравозы, што прыйшлі на змену дызелям, шмат магутнейшыя за сваіх папярэднікаў: яны не выкідваюць у паветра дым і сажу, цягнуць больш вагонаў, больш імкліва набіраюць хуткасць. Але гэта адзін бок медаля. З другога — пад іх коламі хутчэй сціраюцца сталёвыя рэйкі, а ў выпадку экстранага прыпынку ў іх даўжэйшы шлях тармажэння.

— Мяне, калі зараз бачу сучасную моладзь, якая ідзе па станцыі ў слухаўках, вачыма ўпёршыся ў тэлефон, такая злосць бярэ. Ты ім па гучнай сувязі гаворыш “Будзьце асцярожныя!”, а яны і вухам не вядуць, — падзялілася з намі жанчына. — Большая злосць — толькі на сучасных бацькоў з дзецьмі: ідзеш ты на перон — вазьмі дзіця за руку, тут жа цягнікі імчаць, у момант ветрам падхопіць і пад вагон зацягне! Тут жа трагедыі здарыцца — некалькі імгненняў. Таму на чыгунцы заўсёды трэба быць асцярожным.

Было і ёсць

— Рамантыка ад чыгункі, канешне, па маладосці была, — успамінае Ірына Арцёмаўна. — Калектыў у нас быў вялікі, у асноўным адна моладзь. Але калі ты працуеш на адным месцы, робіш штодня складаную работу і літаральна адчуваеш ціск адказнасці, то з гадамі гэтая рамантыка праходзіць. Да таго ж рамантычнасць яшчэ залежыць ад таго, кім ты працуеш на чыгунцы. Якая можа быць рамантыка ў штодзённым абслугоўванні чыгункі: замене рэйкашпальнай рашоткі, счапленні і расчапленні вагонаў, забіванні “чаравіка”? Ды і дзяжурны па станцыі, на маю думку, гэта выключна мужская прафесія.

Тым не менш, нягледзячы на ўсю складанасць работы, яе нервовасць, Ірына Даніла сваю работу любіць. Тут прайшло ўсё яе свядомае жыццё: тут яна сустрэла свайго мужа Уладзіслава, які працаваў на станцыі пуцейцам, тут нарадзіліся іх сыны: Раман, Віктар і Мацвей. Дарэчы, старэйшы і малодшы сыны вырашылі пайсці па шляху сваіх бацькоў, працягнуўшы чыгуначную дынастыю: Раман працуе брыгадзірам на перагоне Ашмяны – Солы, Мацвей — дзяжурным па станцыі.

Антон Мальшэўскі.

Фота Святланы Муцянскай

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *