Ашмянцы ўсё ахвотней далучаюцца да вакцынацыі супраць COVID-19

Коронавирус Общество

 

Засцерагчы здароўе ад каранавіруснай інфекцыі дапаможа своечасовая прышчэпка. Гэтую простую ісціну пачынаюць разумець і ашмянцы, якія ўсё ахвотней далучаюцца да масавай вакцынацыі. Штодзень брыгада медыкаў выязджае ў арганізацыі і на прадпрыемствы, каб на месцы, лічы, без адрыву ад вытворчасці правесці прафілактычнае мерапрыемства.

У сярэднюю школу №1 г. Ашмяны імя М.М. Гружэўскага, дзе на гэты раз сабралася чатырнаццаць чалавек, медыцынская брыгада наведваецца ўжо ў другі раз. Хтосьці з калектыву прыйшоў, каб атрымаць ужо другі кампанент вакцыны, хтосьці — упершыню.

Пасля дакладнага медыцынскага агляду ўрач дазваляе рабіць прышчэпкі: не паспеў міргнуць — медыцынская сястра ўжо ўвяла вакцыну.

З якімі думкамі яны ідуць рабіць прышчэпкі, наш карэспандэнт высвятляў у педагагічных работнікаў.

 Вольга Павіловіч, выхавацель:

— У мінулым годзе я перанесла каранавірусную інфекцыю, амаль тыдзень трымалася высокая тэмпература. Ведаю, што медыкі рэкамендуюць прышчапляцца не пазней, чым праз паўгода пасля хваробы, каб паменшыць рызыку захварэць яшчэ раз. Спадзяюся, што мой арганізм паспее выпрацаваць патрэбны ўзровень антыцелаў і пазбегнуць паўторнага заражэння. Прыняўшы рашэнне прышчапляцца, раю рабіць гэта і іншым.

Марына Бернат, настаўнік пачатковых класаў:

— Прышчэпку ад COVID-19 ужо зрабілі мае бацькі — і першы, і другі кампаненты яны перанеслі добра. Іх прыклад для мяне паказальны, таму сёння без боязі прыйшла вакцыніравацца. Вельмі зручна, што медыцынская брыгада прыехала ў школу, не патрэбна ісці ў паліклініку і стаяць у чарзе.

Як паведаміла дырэктар школы Марына Куліковіч, ва ўстанове распрацаваны графік паступовай вакцынацыі, у калектыве праводзіцца тлумачальная работа, настаўнікі і тэхнічны персанал з улікам стану здароўя і рэкамендацый медыкаў праходзяць вакцынацыю.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *