Як правесці лета з карысцю, дакладна ведаюць удзельнікі студэнцкіх атрадаў, якія працуюць на тэрыторыі раёна

Молодежная политика

 

Як правесці лета з карысцю, дакладна ведаюць удзельнікі студэнцкіх атрадаў, якія працуюць на тэрыторыі раёна. На канікулах юнакі і дзяўчаты вырашылі не толькі адпачыць, але  і атрымаць першы заробак і знайсці новых сяброў.

Штогод працаўладкаваннем школьнікаў і студэнтаў ва ўсёй краіне займаецца ГА “БРСМ”. У нашым раёне студатрады таксама запатрабаваныя і з кожным годам толькі набіраюць папулярнасць. Гэты год не стаў выключэннем – працоўны семестр у самым разгары.

Райкам ГА “БРСМ супрацоўнічае з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, якія кожны год выдзяляюць працоўныя месцы для школьнікаў і студэнтаў. З юнакамі і дзяўчатамі заключаюцца дагаворы, а ў якасці заахвочвання студатрадаўцы вызваляюцца ад выплаты падаходнага падатку.

Сёлета ашмянцы шчыруюць у сельскагаспадарчых, будаўнічых і педагагічных атрадах. Працоўныя месцы школьнікам і студэнтам выдзяляюць арганізацыі і прадпрыемствы раёна.

Не паспела скончыцца змена сельскагаспадарчага атрада, які шчыраваў на палетках КСУП “Кракоўка”, як ім на змену прыйшоў другі. Спраў у гаспадарцы хапае – працоўнаму дэсанту выдзелілі поле для відавой праполкі.

Доўжыцца змена будаўнічага атрада і на ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, які ўжо не першы год запрашае старанных актывістаў саюза моладзі. Кіпіць праца і на аб’ектах ААТ “Будаўнік” і ў аграрна-эканамічным каледжы.

Сядзець без справы не атрымаецца ні ў аднаго студатрадаўца, а работы хопіць на ўсю змену і ў КСУП “Гальшаны”, дзе да працы толькі прыступілі вучні з сярэдняй школы. У КСУП “Крэйванцы” юнакі і дзяўчыны працуюць апошнія дні і адправяцца на адпачынак.

Студатрадаўцы смела разважаюць аб станоўчых момантах працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Яны ўпэўнены, што вопыт, які ўдалося набыць у тут, абавязкова спатрэбіцца ў дарослым жыцці. Гэта не толькі навучанне прафесійнай дзейнасці, але і навыкі работы ў калектыве і зносінам з працадаўцамі.

Для 116 чалавек змена ў студатрадзе, напоўненая не толькі працай, але і цікавымі адкрыццямі і новымі знаёмствамі, скончыліся. Але гэта толькі папярэднія лічбы, тым больш яшчэ запланаваны змены ў аграрна-эканамічным каледжы, гаспадарках раёна і ўпраўленні адукацыі.

Дарэчы, многія школьнікі не першы год прыходзяць на дапамогу прадпрыемствам і гаспадаркам раёна, а для тых дзяцей, якія стаяць на ўліку камісіі па справах непаўналетніх ці выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечнай сям’і, праца ў студатрадзе – выдатная мажлівасць спланаваць свой час і атрымаць заробак.

Цікава, весела і пазнавальна праходзіць час пасля працы — для школьнікаў арганізоўваюцца спартыўныя і культурныя мерапрыемствы. На мінулым тыдні дзеці, якія шчыравалі ў атрадах РУП ЖКГ і КСУП “Кракоўка”, наведалі выставу “Паэзія кропак…” у краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча.

Кацярына РУДЗІК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *