Вада не заўжды ратаванне

Мы дачакаліся ўсё ж такі цяпла. Тэрмометр перакінуўся за адзнаку плюс 30. Тут нават не ведаеш, радавацца ці “паміраць” ад знямогі, бо не дапамагаюць ужо ні цень, ні халоднае пітво, ні марозіва. Адзінае выратаванне ад такой спёкі – прахалода вадаёма.

У Ашмянскім раёне афіцыйна (праз рашэнне райвыканкама) дазволена купацца толькі ў двух – на возеры ў квартале Будаўнікоў і вадаёме за Волькавічамі. Аб забароне рабіць гэта ў іншых месцах нагадваюць спецыяльныя таблічкі, усталяваныя пры пад’ездзе да воднага аб’екта. Аднак на іх ніхто не зважае. Не спыняе людзей і статыстыка, якую штодня папаўняюць новыя ахвяры вады. Так, па дадзеных таварыства выратавання на водах за мінулы тыдзень у вадаёмах рэспублікі патанула 30 чалавек, 23 з якіх – толькі за апошнія выхадныя. Вада забрала жыцці чатырох дзяцей.

Гэтыя лічбы даводзіць адпачываючым старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ашмянскага РАНС Міхаіл Маркоўскі, з якім мы накіраваліся ў рэйд па месцах адпачынку нашых грамадзян. Хтосьці гэтую інфармацыю першы раз чуе – здзіўляецца, іншыя – прапускаюць міма вушэй. Гэтая большасць на сто адсоткаў упэўнена, што з ёй такой трагедыі не адбудзецца. Але ж і тыя, хто патануў, таксама не думалі, чым скончыцца жаданае акунанне ў вадаём!

— Часам людзі лезуць у ваду нападпітку або прыходзяць з півам на бераг, — заўважае матрос выратавальнага паста ў квартале Будаўнікоў Віктар Ляшчэвіч. – Пры гэтым смельчакі не зважаюць нават, што рызыкуюць сваім жыццём. Шмат прыходзіць дзяцей без суправаджэння дарослых. Ёсць і тыя, хто дэманструе сваю браваду і ўвесь час спрабуе заплысці за буйкі. Камусьці дастаткова заўвагі, іншых спыняе папярэджанне. З дзецьмі прыходзіцца гутарыць, расказваць аб правілах паводзін на вадзе, падводзіць іх да інфармацыйнага стэнда.

Віктара падлеткі добра ведаюць. Вітаюцца, перакідваюцца словам і нават пакідаюць пад яго нагляд у вагончыку каштоўныя рэчы. У матроса-выратавальніка дзятва пад асобым наглядам, нягледзячы на тое, што купаецца яна ў строга адведзеным месцы. Як правіла, дзеці прыстройваюцца да сваіх таварышаў, якія ідуць на возера з бацькамі ці старэйшымі братамі-сёстрамі, але адзін дарослы за чародкай падлеткаў можа і не ўгледзець.

Аб тым, што ніколі не адпускае дзяцей адных на вадаём, расказвае нам і мама двух хлопчыкаў Ірына, з якой мы сустрэліся на Вішнеўскім возеры, да слова, забароненым для купання. Тут у аўторак днём людзей было няшмат. Як нядзіўна, дарослыя ведаюць, што згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, яны могуць быць пакараны штрафам, аднак усё роўна парушаюць заканадаўства.

— За парушэнне артыкула 24.42 кодэксу прадугледжаны штраф у памеры ад адной да трох базавых велічынь, — заўважае Міхаіл Маркоўскі. – Аднак людзей павінен спыняць не страх быць аштрафаванымі, а найперш адказнасць за сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх. Безумоўна, адпачыць ля вадаёма ў цёплае надвор’е добра, але не трэба забываць, што хвілінная радасць можа быць азмрочана трагедыяй, гэтыя падзеі “не адматаеш” назад, як у фільме.

Падчас рэйда мы наведалі таксама вадаём у Харанжышках, зарослы трыснягом і гарлачыкамі, дзе, нягледзячы на забарону, адпачывала шмат дзяцей, і возера ў Волькавічах, абсталяванае згодна з патрабаваннямі для купання.

Нават без дэталёвага абследвання і інфармацыі аб забароне купацца было зразумела, што вада ў Харанжышках далёкая ад санітарных нормаў. На гэта ўказвала цвіценне воднай гладзі. Яшчэ адна небяспека магла хавацца ў тым, што дзеці з разбегу ныралі ў вадаём, дно якога ніхто не правяраў. Падлеткі адпачывалі якраз у самы разгар спёкі, калі тэмпература была 32 градусы цяпла.

— Такі адпачынак можа скончыцца сонечным ударам, — адзначаюць ашмянскія выратавальнікі. — Лепшы час сутак для купання раніцай — 8.00 — 10.00, увечары — 17.00 — 19.00. Нягледзячы на тое, што вада добра прагрэлася, знаходзіцца ў ёй пажадана не больш за 15-20 хвілін. Даводзіць сябе да пераахаладжэння і дрыжыкаў таксама не варта. Не рэкамендуецца купацца раней, чым праз гадзіну-паўтары пасля прыёму ежы, уваходзіць у ваду разгарачаным, адплываць далёка ад берага. Небяспечна карыстацца надзіманымі матрацамі, аўтамабільнымі камерамі і іншымі не прызначанымі для купання прадметамі.

Бацькам забараняецца пакідаць без нагляду дзяцей. Ім абавязкова трэба тлумачыць, што нельга скакаць і ныраць у ваду ў невядомым месцы, падплываць пад тых, хто купаецца, хапаць адзін аднаго за рукі і ногі ў вадзе з мэтай розыгрышу.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Оперативные и актуальные новости г. Ошмяны и Ошмянского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке https://t.me/osh_by
0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля