У госці да Соф’і Гальшанскай

У суботу на Гальшаншчыне, як і некалькі стагоддзяў таму, зноў загучала сярэднявечная музыка, зноў ля сцен замка Сапегаў сабраліся мужныя ваяры, народныя майстры i шматлiкiя артысты… Гальшанцаў і гасцей аграгарадка на традыцыйны вечар запрасіла яе высокасць Соф’я Гальшанская.

Як заўсёды прысутных чакала насычаная і цікавая праграма. Авеяны легендамі і паданнямі замак, дзе, здаецца, і зараз блукаюць цені Чорнага Манаха і Белай Дамы, iзноў расказаў сваю багатую гiсторыю. Пачалося ўсё з тэатралізаванага прадстаўлення, падчас якога госці імпрэзы змаглі сустрэцца з вядомымі асобамі – Паўлам Сапегам і Соф’яй Гальшанскай. Гучала атмасферная сярэднявечная музыка, каля цагляных сцен замка сталі героі вечара, каб разам здзейсніць падарожжа па Гальшанскім краі.

Мінула больш за чатырыста гадоў з часоў, калі была закладзена першая цаглінка ў пабудову гальшанскага замка, якому калісьці прысвяціў свой твор Уладзімір Караткевіч. Праўда, не толькі легенды і творы вядомых мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў, не толькі рэканструкцыя пауночнай вежы даюць замку новае жыццё, але і шчырыя і адкрытыя людзі, якія збіраюцца на свята ў старадаўняе мястэчка.

Тыя, хто яшчэ не паспеў наведаць абноўленую паўночную вежу замка, з задавальненнем праходжваліся па ўтульных музейных пакоях, блукалі па лесвіцах, якія атачаюць вежу, і рабілі здымкі на памяць. Госці змаглі пабываць у падвальным памяшканні і на ўсіх трох паверхах прыгажуні-вежы, на кожным з якіх іх чакалі таямнічыя аповеды экскурсаводаў аб багатай гісторыі краю.

Пад адкрытым небам разгарнуўся сапраўдны горад майстроў з непаўторнымі па сваёй прыгажосці вырабамі. Сваё майстэрства гледачам прадэманстравалі і рамеснікі: кавалі, ганчары, разьбяры — народныя майстры і ўмельцы, вырабы якіх можна было ўбачыць і набыць на кірмашы. Драўляны посуд, плеценыя з лазы кошыкі, карціны таленавітых мастакоў, кнігі, сувеніры з выявамі вядомых гістарычных мясцін, мяккія цацкі, посуд з гліны, жаночыя ўпрыгожванні кожны мог набыць на памяць аб вечары ў Соф’і Гальшанскай. Для ўсіх жадаючых былі арганізаваны майстар-класы па традыцыйных рамёствах, падчас якіх госці мелі ўнікальную магчымасць адкрыць таямніцы народных майстроў, палюбавацца працэсам стварэння ганчарных вырабаў, цацак ручной работы і лялек-абярэгаў і  зрабіць сувенір сваімі рукамі.

На працягу вечара ўдзельнікі свята, госці і турысты, мелі магчымасць пачаставацца ашмянскімі прысмакамі: каўбаскай і шашлыкамі, пірагамі, пакаштаваць прадукцыю месцічаў, а таксама прадэгуставаць традыцыйны гальшанскі пернік з настоем лекавых траў.

Шматлікіх гасцей сустракалі жывыя статуі, якія амаль нічым не адрозніваліся ад скульптур, высечаных рукой таленавітага майстра. Статныя дзяўчыны, здавалася, застылі ў часе, але ў самы нечаканы момант “ажывалі”, уражваючы прысутных.

У віры падзей, яскравых відовішчаў​ і запамінальных сустрэч гасцей свята закружыў майстар-клас па фальклорных танцах “ЭтнаБУМ”, які правялі работнікі клубных устаноў Ашмянскага раёна. Дзякуючы ўсмешкам і таленту артыстаў можна было спаўна адчуць дух сярэднявечнай эпохі.

Цеплыня летняга вечара, рэха аўтэнтычнай музыкі, якое разлівалася па руінах замка, прыгажосць заходзячага сонца і галоўнае, новыя ўражанні ад кожнай падзеі – вось што аб’ядноўвала ўсіх прысутных на працягу цудоўнага свята.

Прыемным адкрыццём вечара стала выступленне сталічнага этнагурта “Арацэя”. Музыкі зладзілі сапраўдную фальклорную дыскатэку пад адкрытым небам. Чароўныя мелодыі, незвычайнае гучанне этнічных інструментаў і яскравы вакал… Гледачы не шкаладвалі апладысментаў і шчырых усмешак і з задавальненнем танцавалі і пад інструментальныя хіты замежных спевакоў у выкананні гурта.

Свой лагер на замчышчы разгарнуў вядомы ў Гальшанах клуб “Шатландская пяхота” з Маладзечна. Яго ўдзельнікі займаюцца рэканструкцыяй шатландскіх наёмнікаў 16 стагоддзя, якія служылі на еўрапейскім кантыненце. Мужнасць ваяроў, талент і пластычнасць артыстаў, выдатнае валоданне рознымі відамі халоднай зброі… Прычым нароўні з мужчынамі зброяй карысталіся жанчыны. Відовішчныя гісторыі, якія славяцца прыбліжанасцю да рэальнага паядынку, цікава паглядзець, паслухаць і нават стаць іх удзельнікамі.

Ваяры шатландскай пяхоты з задавальненнем расказалі пра культуру суровых наёмнікаў, дазволілі гледачам адчуць сябе воінамі і навучыцца трымаць у руках зброю. Юнакі прайшлі ўрокі тактыкі і абароны, а дзяўчыны змаглі навучыцца старадаўнім танцам і манерам.

Калі руіны замка Сапегаў ахінуў вечаровы змрок, а ў высокіх вокнах паўночнай вежы загарэлася святло, каля магутных сцен былога палацу адбылося яскравае выступленне мінскага калектыву “Иллизиум”. Прысутныя ў захапленні назіралі, як у “высокатэхналагічных агеньчыках” (піксель-поях) ажывала гісторыя таямнічнага і чароўнага мястэчка. Гледачы былі ўражаны светавымі надпісамі, выявамі гістарычных асобаў і герба мястэчка Гальшаны, якія  загараліся ў руках артыстаў.

Яркія агеньчыкі і сполахі асвятлялі рамантычныя руіны і твары шматлікіх гасцей свята, якія засталіся задаволеныя вечарам у Соф’і Гальшанскай і з радасцю будуць чакаць новага запрашэння на ўжо традыцыйнае свята.

Арганізатары вечара выказваюць падзяку за дапамогу ў правядзенні свята Аляксандру Пятровічу Гугала і Міхаілу Іванавічу Скаржынскаму, а таксама ўсім гасцям і актыўным удзельнікам, без якіх падарожжа ў гісторыю Гальшанскага края не адбылося.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Оперативные и актуальные новости г. Ошмяны и Ошмянского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке https://t.me/osh_by
0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля