У Жупранскай школе працуе летнік “Каралеўства казак”

Летняя оздоровительная кампания Образование

У каралеўстве казак апынуліся 15 вучняў Жупранскай СШ імя Францішка Багушэвіча, якія пажадалі правесці частку канікул у прышкольным летніку.

На працягу васямнаццаці дзён іх чакаюць насычаныя гульнявыя праграмы, конкурсы, экскурсіі і сюрпрызы. Шмат пазітыўных эмоцый падарыла дзецям сустрэча з работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія праводзяць зараз акцыю “Канікулы без дыму і агню”. Дзеці пазнаёміліся з мужнай прафесіяй выратавальніка-пажарнага і разам са старшым інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Міхаілам Маркоўскім у форме гульні ўзгадалі асновы пажарнай бяспекі і нумары тэлефонаў 101 і 112, па якіх у выпадку надзвычайнай сітуацыі неабходна выклікаць дапамогу. Выратавальнікі раздалі дзецям маляўнічыя памяткі і нагадалі аб тым, што запалкі – гэта не цацка. Цікаўнасць да гэтага небяспечнага прадмета можа прывесці да непапраўнай бяды.

У выхадныя выхаванцаў летніка чакаюць пазнавальныя экскурсіі ў Гальшанскі замак і Ашмянскі краязнаўчы музей. У музеі дзецям прапануюць квэст-гульню “Таямніцы казачнага лесу”. А яшчэ для вучняў будзе зладжаны фестываль беларускіх народных гульняў. Пройдзе гэта мерапрыемства ў межах рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Роднае – народнае”.

Дзецям у летніку падабаецца не толькі цікавая штодзённая праграма, але і разнастайнае здаровае харчаванне, у якое ў абавязковым парадку ўваходзяць любімыя дзятвой ёгурты і фрукты.

Так як большасць дзяцей складаюць вучні першага і другога класаў, для іх прадугледжаны дзённы сон. Пасля актыўных рухомых гульняў і мноства мерапрыемстваў спіцца асабліва соладка, а ў сны прыходзяць казачныя героі. І гэта нядзіўна, бо змена ў летніку называецца “Каралеўства казак”.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *