Апошні дзень навучальнага года тэатральная студыя “Фламінга” адзначыла чарговай прэм’ерай

Образование

Апошні дзень навучальнага года тэатральная студыя “Фламінга” СШ №1 імя М.М. Гружэўскага адзначыла чарговай прэм’ерай. Творчы калектыў Валянціны Вацлаваўны Ліштван вынес на суд юнага гледача міні-спектакль у вершаванай форме “Непрыдуманая гісторыя аб тым, як зямлю ратавалі”.

Злабадзённая экалагічная тэма ў дзіцячым выкананні гучала пранікліва і шчыра. І хаця разлічана яна была на такую ж, як і самі артысты, аўдыторыю, аднак у аднолькавай ступені тычылася і дарослых, бо хто, як не мы, мамы і таты, бабулі і дзядулі, старэйшыя брацікі і сястрычкі, настаўнікі і выхавальнікі, павінны прывіваць падрастаючаму пакаленню павагу да навакольнага асяроддзя. Важна, каб дзіця з маленства вучылася жыць у гармоніі з прыродай, радавалася жыццю і бачыла прыгажосць вакол сябе.

Навакольны свет – гэта самае дарагое, што ў нас ёсць, сцвярджалі юныя артысты. Луг, спавіты кветкамі, руплівыя пчолы і матылькі, празрыстая крыніца, якая заўжды спатоліць смагу і напоўніць жывой вадой рэчку, а разам з тым стане ўтульным домам для дзясяткаў насельнікаў водных нетраў, лес, дзе ні на хвіліну не спыняецца жыццё –гэта і ёсць наша прырода. Яна заслугоўвае нашай любові, міласэрнасці і спагады, бо і сам чалавек – яе складнік.

Дэталёва і з густам падабраныя дэкарацыі дапамагалі артыстам у дасягненні пастаўленай задачы. Яркія касцюмы і грым выразна падкрэслівалі характары герояў. Трапяткія матылькі, залатая рыбка, пчолы і птушкі, шэры зайчык, дрэвы і кветкі ажывалі на сцэне. Аднак пагроза ў выглядзе злога цмока шэрым туманам накрыла зямлю. Вогненная стыхія – справа рук чалавека – унесла разлад у законы прыроды і разбурыла жытло птушак і жывёл і паставіла пад пагрозу іх існаванне.

Так і ў рэальным жыцці: з кожным днём праблема захавання навакольнага асяроддзя усё часцей дае аб сабе знаць. Чым больш развіваецца цывілізацыя, тым большы ўрон наносіцца прыродзе.

Нашы неабдуманыя ўчынкі здольны загубіць усё жывое – забрудзіць вадаём, спаліць лес, разбурыць гняздо, падняць руку на безабаронных лясных жыхароў…Але мы можам зрабіць і па-іншаму – пасадзіць дрэва, пакарміць узімку птушак, змайстраваць шпакоўню, прыбраць за сабой смецце пасля адпачынку на прыродзе.

За гэта прырода нам аддзячыць, падорыць яскравую ўсмешку, напоўніць сэрца цяплом і шчасцем. Адчуванне радасці прыйдзе гэтак жа нечакана, як і падчас пастаноўкі, калі ў глядзельную залу завітала вясёлая Клаўнэса з паветранымі шарамі, у ролі якой выступіла кіраўнік тэатральнай студыі Валянціна Ліштван. Для юных гледачоў Валянціна Вацлаваўна падрыхтавала са сваёй “камандай” гульнявую праграму з песнямі і дзіцячымі забавамі, нават з сюрпрызамі-падарункамі, якія сталі для школьнікаў прыемнай нечаканасцю.

У дзіцячым спектаклі дабро перамагло зло – жудасны цмок не выстаяў перад сілай чароўных слоў, якімі былі “ўзброены” дзеці.

Свет – гэта адлюстраванне нас. Калі мы глядзім на яго з радасцю і дабрынёй, ён адказвае нам тым жа. Менавіта гэта хацелі данесці свайму гледачу ўдзельнікі тэатральнай студыі “Фламінга” Анастасія Галаўня, Анастасія Машута, Анастасія Саўрыновіч, Таісія Герман, Дамініка Ждановіч, Каліна Прахарэнка, Валерыя Трайкоўская, Мілана Апанасік, Міхаіл Саламонаў, Карына Саўрыновіч, Маргарыта Патрэпка, Ягор Іваноў разам з Валянцінай Ліштван і яе памочнікамі Таццянай Посахавай (грымёр), Аленай Зянкевіч (касцюмер і дэкаратар), Сяргеем Пашкевічам (гукарэжысёр), Уладзіславам Марозам і Яраславам Нюнько (відэааператары). І ў іх гэта выдатна атрымалася.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *