Як у Ашмянскім раёне адзначылі Сёмуху

Сёмуха – свята беларускай традыцыйнай культуры, якое сімвалізуе ўласцівае канцу вясны і пачатку лета ўшанаванне зеляніны, дрэў, кветак. Сёмуху яшчэ называюць Зелянец ці Тройца – у праваслаўных, Зяленыя свёнткі – у каталікоў. Яна прыходзіцца на час, калі буяе расліннасць, а ў бясконцых клопатах зямляроба наступае невялікі перадых: сяўба скончылася, а пара сенавання яшчэ не наступіла. На гэты час прыходзіцца абрад “Ваджэнне куста (кусты)”. Выконвалі яго дзяўчаты. Самую юную, прыгожую прыбіралі кустом: кляновымі, ліпавымі ці бярозавымі галінкамі верхам уніз, а на галаву надзявалі вянок. У аснове абрада — міфалагічнае ўяўленне пра абуджальную сілу куста. Да яго звярталіся з просьбай, заклінаннямі паспрыяць дабрабыту ў гаспадарцы, каб радзілі «жыта, пшаніца і ўсякая пашніца». Таксама лічылася, што куст дапамагае жаданаму шлюбу.

У Год народнага адзінства работнікі аддзела культуры і вольнага часу вёскі Гродзі разам з самадзейным калектывам аграгарадка Гальшаны і народным сямейным ансамблем «Граўжанцы» вырашылі ўзгадаць мінулае і зладзілі старажытны абрад, паклікаўшы на яго не толькі жыхароў вёскі Журавы, але і навакольных населеных пунктаў.

«Дзявочае войска» на чале з кустом пад народныя песні абышло амаль усю вёску, просячы гаспадароў адарыць куст прысмакамі і завітаць на мерапрыемства. Каб абрад быў цалкам завершаны, кожны з прысутных павінен быў сарваць з упрыгожанай бярозавым веццем дзяўчыны па некалькі лісткоў, як сімвал прыгажосці, маладосці і ўраджаю.

Сімвалічнай сёмушнай стравай лічылася ў нашых продкаў яешня, згатаваная па спецыяльным рэцэпце, якой і частавалі ўсіх гасцей мерапрыемства.  Абрад суправаджаўся народнымі песнямі, якія разам з танцамі працягнулі свята калектыўнага адпачынку.

Традыцыйна на такіх мерапрыемствах Гродзінскі сельвыканкам ушаноўвае юбіляраў сталага веку, дзякуе працаўнікам сельскай гаспадаркі, сем’ям, якія жывуць у ладзе і згодзе не адзін дзясятак год. Не застаюцца па-за увагай і юныя жыхары, якія паказваюць старанні ў вучобе або праяўляюць свае здольнасці ў іншых відах дзейнасці.

У гэты святочны дзень ушанавалі 90-гадовых юбіляраў з Журавоў — Мечыслава Андрэевіча і Тэрэсу Мар’янаўну Тамашэвіч. Нарадзіліся яны ў 1931 годзе з розніцай у адзін месяц і жывуць разам вось ужо 70 год. Вядучыя мерапрыемства адрасавалі цёплыя словы віншаванняў жыхаркам Талмінава Леанардзе Юльянаўне Топаль, якая нядаўна сустрэла 93-ці дзень нараджэння, а таксама Ядзвізе Адамаўне Бралкоўскай – 90-гадовай юбілярцы. Васьмідзесяцігоддзе адсвяткавалі Ядзвіга Юльянаўна Паўлоўская і Сафія–Леакадзія Антонаўна Батурэвіч. Падарункі шаноўным вяскоўцам уручыў старшыня сельвыканкама Васіль Іванавіч Міхнавец і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Раіса Мікалаеўна Турлай. А тым, хто па пэўных прычынах не змог прысутнічаць на свяце, віншаванні будуць “дастаўлены на дом”. Задушэўныя песні цэлы дзень ліліся на вясковы прасторў выкананні сямейнага народнага ансамбля “Граўжанцы” і творчага калектыву аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Альфрэда МІКУСА.

Оперативные и актуальные новости г. Ошмяны и Ошмянского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке https://t.me/osh_by
0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля