На свята дзяцей запрасілі работнікі Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу

Летняя оздоровительная кампания Образование

Для школьнікаў чэрвень прыйшоў разам з канікуламі і сонечнымі дзянькамі, напоўненымі гульнямі і забавамі, магчымасцю ўдосталь паспаць і адкінуць ажно на тры месяцы думкі пра школу.

А каб вольны час не прайшоў марна, аб гэтым паклапаціліся дарослыя. Ва ўстановах адукацыі арганізавана работа прышкольных летнікаў. У Замасцянах адчыніў свае дзверы аздараўленчы летнік “Дружба”. Установы культуры штодня запрашаюць на гульнявыя праграмы і мерапрыемствы, работнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адправіліся на дзіцячыя пляцоўкі ў гарадскія мікрараёны, каб дапамагчы дзятве зрабіць адпачынак яркім і запамінальным.

Кракоўскі аддзел культуры і вольнага часу традыцыйна ў гэтыя дні запрашае да сябе гасцей з летніка пры СШ №2 і выхаванцаў мясцовага садка. У гэтым годзе да іх далучыліся вучні з Граўжышкоўскага ВПК.

— З раніцы мы прыехалі на свята ў Кракоўку, а ўжо пасля абеду нас чакае культурная праграма ў Граўжышках, — заўважае выхавальніца лагера “Вясёлка” Наталля Банюшэвіч. – На працягу 18 дзён вучняў чакаюць экскурсіі па сваёй малой радзіме, віктарыны і конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы. Упэўнена, што сумаваць ім не будзе калі. Падабаецца ім і на мерапрыемстве ў Кракоўцы, за што мы вельмі ўдзячны яго арганізатарам.

На пляцоўцы перад Домам культуры было весела і тлумна. “Ура! Зажигай детвора!” – пад такім дэвізам прайшло свята, зладжанае работнікамі культуры. Казачныя персанажы ў яркіх касцюмах праводзілі з дзецьмі актыўныя гульні і вучылі іх танцаваць. Гасцей чакаў канцэрт з удзелам маленькіх артыстаў, якія наведваюць творчае аб’яднанне пры мясцовым аддзеле культуры. Зацікавіла дзятву магчымасць зрабіць аквагрым. Каб атрымаць на шчацэ малюнак у выглядзе дзяржаўных сімвалаў Беларусі ці кветкавага арнаменту, жадаючыя станавіліся ў чаргу.

Не пуставалі і дзіцячыя надзіманыя атракцыёны. На свяце можна было набыць папкорн і паласавацца салодкай ватай, альбо проста паваляцца на траве, забыўшыся пра ўсё на свеце.

— Пачатак маіх канікул праходзіць у летніку “На вясёлцы”, — расказала вучаніца 4 класа СШ №2 Валерыя Болзан, якая ні на хвіліну не пашкадавала аб такім выбары адпачынку. – Кожны дзень прыносіць новыя сюрпрызы і адкрыцці. Нам тут вельмі весела. Спадзяюся, што і астатнія дні змены будуць такімі ж шчаслівымі.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *