А вы ўпэнены, што ведаеце, дзе ваша дзіця?

Образование

 

Штогод напярэдадні летніх канікул абвяшчаецца аздараўленчая кампанія. Педагогі і іншыя зацікаўленыя службы дапамагаюць дзецям і іх бацькам спланаваць летні адпачынак і правесці яго з карысцю. У поле зроку камісіі па справах непаўналетніх у першую чаргу трапляюць дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама тыя, у адносінах якіх праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. Сёлета ў лік апошніх трапіла трыццаць падлеткаў – на іх рахунку дробныя крадзяжы, распіццё алкагольных напояў, хуліганства.

Дарослыя прыкладаюць усе намаганні, каб дапамагчы дзецям выправіцца, а яшчэ клапоцяцца пра бяспечныя заняткі для іх. У летні перыяд, калі падлеткі шмат часу праводзяць сам-насам або у кампаніі равеснікаў, застаючыся без нагляду дарослых, узрастае колькасць няшчасных выпадкаў. Дзіцячая цікаўнасць і непасрэднасць нярэдка абарочваюцца трагедыяй, а бяздумнасць – злачынствам. Папярэдзіць такія наступствы прызвана карысная занятасць падлеткаў. Акрамя летнікаў самага разнастайнага профілю, юнакам і дзяўчатам прапанавалі шырокае кола магчымасцяў: малечы – забавы на гульнявых пляцоўках, спартыўныя секцыі, творчыя аб’яднанні па інтарэсах і удзел у школьных мерапрыемствах, старэйшым — працу і адпачынак ў студэнцкіх атрадах і часовую працоўную занятасць.

Падлеткі ахвотна запісваліся ў прышкольныя дзённыя летнікі, спартыўны лагер на базе ДЗЮСШ, лагер “Дружба”. Актыўна фарміраваўся і працоўны дэсант. З разуменнем да неабходнасці такога кантролю аднесліся і бацькі. Каму, як не ім, ведаць кошт дзіцячых праступкаў і свавольстваў?!

— Ва ўсіх дарослых – бацькоў і суб’ектаў прафілактыкі — мэта адна – папярэдзіць супрацьпраўныя дзеянні і стварыць бяспечныя ўмовы для адпачынку дзяцей, — падкрэсліла падчас пасяджэння намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Валянціна Яўташук.

Валянціна Іванаўна нагадала пра правілы паводзін на вадаёмах, дарогах, на забарону наведвання закінутых дамоў, будоўляў і іншых аб’ектаў, якія могуць несці пагрозу. Увага бацькоў была звернута на рэгулярнасць кантролю за месцам знаходжання дзяцей, у тым ліку ў вячэрні час. Пасля 23 гадзін на вуліцы падлеткі могуць быць толькі ў суправаджэнні бацькоў.

Людміла РЫБІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *