95-гадовы юбілей ветэрана з Ашмянскага раёна

Общество

 

Усе мы – пасажыры аднаго поезда, назва якога – жыццё. Так калісьці сцвярджаў мой калега-журналіст. Праўда, адны пасажыры садзяцца ў яго, а другія – выходзяць… Толькі вось час выхаду на сваю станцыю загадзя даведацца немагчыма, скажа ветэран Вялікай Айчыннай вайны Казімір Іванавіч Заблоцкі, і ў яго глыбокіх вачах, з часам не страціўшых свайго колеру, як далёкае ззянне бліскавіцы, успыхне светлая дабрыня да людзей і свету, якая называецца чалавечнасцю. Падумаць толькі – учора яму споўнілася 95 год! А, здаецца, яшчэ зусім нядаўна мы святкавалі яго дзевяностагоддзе. Хата ў ціхай і размеранай Кастэчызне гудзела, як вулей, і я гэтак жа засяроджана разглядвала яго партрэт на сцяне, прафесійна напісаны ўнучкай Святланай, побач з якім сямейная фотакартка з жонкай Ганнай і эпізод са святкавання Дня Перамогі ў райцэнтры – ветэран разам з пагранічнікам, які дапамагае яму несці вялікі ахапак палымяных цюльпанаў.

Час ідзе, а Казімір Іванавіч не змяняецца – такі ж адкрыты, нешматслоўны і не па гадах рухавы. Яму пашчасціла нарадзіцца ў час, калі на Ашмяншчыне стаяла такая ж, як і сёння, жыццесцвярджальная вясна. У Юршанах, што побач з Віленскім гасцінцам, ён рос, разам з малодшай сястрой Геняй дапамагаў бацькам па гаспадарцы і зусім не думаў, што на нашу зямлю можа абрынуцца вайна.

Калі яна пачалася, хлопец быў падлеткам, таму ў войска яго не забралі. Васямнаццаць юнаку споўнілася акурат у год вызвалення роднай Беларусі. У снежні Казіміра прызвалі ў войска. Пагрузілі групу мясцовых хлопцаў у вагон на станцыі Солы і павезлі ў Беласток.

Са снайперскай вінтоўкай прайшоў стралок 35-га пяхотнага палка 7-й дывізіі Войска польскага ад Познані да Асвенціма. Мерз і галадаў з таварышамі ў зямлянках, прабіраўся наперад балотамі. Падчас Усходне-Прускай аперацыі прымаў удзел у фарсіраванні Одэра і Нейсе, штурмаваў Кёнігсберг. У яго пляцаку заўсёды ляжала змена бялізны, аднак памыцца выпадала вельмі рэдка.

Ваяваў Казімір Іванавіч разам з ашмянскімі хлопцамі, дзяліўся з імі апошняй скарынкай хлеба. На вачах у Заблоцкага паранілі кулямётчыка Фелікса Багдановіча з Янканцаў. Толькі пасля вяртання з вайны ветэран даведаўся, што Фелікс у красавіку 1945 года прапаў без вестак.

У апошнія красавіцкія дні варожая куля дагнала і Казіміра Іванавіча. Пашчасціла салдату, што яго падабралі танкісты і давезлі да бліжэйшага шпіталя. Тут байцы ляжалі адзін на адным, не было нават дзе прыткнуцца. Занеслі Казіміра на насілках у халодны падвал. Ніхто да яго не падходзіў некалькі сутак. Толькі цудам байцу ўдалося выжыць. Праз два тыдні Заблоцкага накіравалі ў шпіталь у Кіеў, дзе ён сустрэў пераможны май.

Пасля вяртання дамоў Казімір Іванавіч пабраўся шлюбам з мясцовай дзяўчынай Ганнай. У суседняй Кастэчызне збудаваў хату. Разам з жонкай выгадаваў чатырох дзяцей: Станіславу, Галіну, Івана і Віктара. Працаваў з Ганнай у мясцовым калгасе. Быў і паляводам, і трактарыстам, і падвозчыкам на ферме. Удваіх даглядалі яны на ферме ў Погірах больш за сто галоў цялят.

Імкліва праляцела дзевяноста пяць год. Пайшла на той свет гаспадыня. Нясцерпны боль пасяліўся ў душы ветэрана, калі не стала сына Віктара. Жывуць за мяжой, у Літве, Станіслава, Галіна і Янак. Радуюць дзеда дзевяцёра ўнукаў і дванаццаць праўнукаў.

У садзе Казіміра Іванавіча адзінока стаіць пятнаццаць вулляў. Калісьці гаспадар вельмі любіў займацца пчалярствам. І гэта нядзіўна, бо нарадзіўся ён у Міжнародны дзень пчалы. На жаль, сёння пчолы жывуць толькі ў некалькіх доміках – няма каму перадаць гэты занятак. Сын Янак з-за пандэміі прыязджае вельмі рэдка. А Казімір Іванавіч вачыма, здаецца, зрабіў бы ўсё, аднак рукі ўжо не слухаюцца.

Зараз скрашвае адзіноту ветэрана дачка Галіна, якая на непрацяглы час прыехала праведаць бацьку з Вільнюса. Заўсёды побач у хатніх справах сацыяльны работнік, які на працягу многіх гадоў дапамагае ветэрану.

У дзень юбілею Казімір Іванавіч крыху хваляваўся – столькі людзей прыехала да яго ў госці! Утульная і светлая хата ветэрана адразу напоўнілася гаманой і песнямі. З дзевяностапяцігоддзем павіншавалі шаноўнага юбіляра адказны сакратар раённага савета ветэранаў Галіна Яшына, галоўны бухгалтар райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аксана Людкевіч, старшыня Каменналогскага сельвыканкама Вольга Сінкевіч, першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Працкайла-Місюта, бухгалтар раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Алена Грышчанка, супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылага ўзросту ТЦСАН Ларыса Сурынава і Аксана Бітэль разам з групай валанцёраў, якія зладзілі для ветэрана цэлы канцэрт. Падарунак і найлепшыя пажаданні перадала юбіляру старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Тамара Суравец.

За святочным сталом віншаванні прадоўжыліся. Здавалася, Казімір Іванавіч, скінуў са сваіх натруджаных плячэй некалькі дзясяткаў год і забыўся пра страшныя падзеі, якія выпалі на яго долю. І толькі вочы, глыбокія і ясныя, гаварылі аб тым, што вайна не знікла бясследна. Для ветэрана-франтавіка яна заўсёды на адлегласці дыхання. Яна няпрошана ўрываецца ў яго сны і ніколі не адпускае.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *