Ад эпохі “залатой пяцігодкі” да “ліхіх дзевяностых”. Падарожжа ў мінулае здзейсніў са сваімі наведвальнікамі Ашмянскі краязнаўчы музей

Культура

 

Традыцыйная міжнародная акцыя «Ноч музеяў» стала сапраўдным святам для ашмянскіх прыхільнікаў музейнага мастацтва. Супрацоўнікі краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча зрабілі незабыўны падарунак усім, хто завітаў учора на зладжаную тут імпрэзу.

Апынуўшыся ў цягніку з лічбамі 60-90, госці разам з вядоўцамі Сняжанай Кагадоўскай і Святланай Ганусевіч паімчалі ў мінулае. Для многіх гэта падарожжа не было ахутана таямніцай, таму што менавіта на гэтыя гады прыйшлося іх дзяцінства. Таму песні тых дзесяцігоддзяў, якія гучалі ў выкананні Розы Яцуковіч, Інэсы Смалонскай, Эдуарда Горыда і Святланы Ганусевіч, спявалі ўсе разам. Гэтак жа дружна госці “пагрузіліся” ва ўспаміны. Віктарына на веданне савецкіх фільмаў і песень бадай не выклікала цяжкасцей. А правільныя адказы ўзнагароджваліся “цвёрдай валютай” – савецкімі рублямі. На іх, дарэчы, можна было набыць прысмакі ў імправізаваным буфеце: бутэрброд з “Доктарскай” каўбасой – за 30 капеек, плаўлены сырок “Дружба” – за 14, шклянку таматнага або бярозавага соку – за 10, яблычнага — за 15…

Вярнуцца ў мінулае дапамаглі прадметы з музейных фондаў – чайныя і кафейныя сервізы, адрыўны насценны каляндар, школьная форма, тэлефон, лічыльнікі з костачкамі, плакаты, якія пісаліся на кумачы белай фарбай: “Цвярозасць – норма жыцця”, “Кадры рашаюць усё”.

 

 

Фэстываль “эпохі дэфіцыту” плаўна перацёк на другі паверх музея, дзе наведвальнікаў чакаў начны квэст “Што ў чамаданчыку дылетанта?” (падарожжа па музейнай экспазіцыі з экскурсаводам-невідзімкай). Узброіўшыся аўдыёгідам і ліхтарыкамі, удзельнікі квэсту накіраваліся шукаць адказы на падрыхтаваныя пытанні. Прызнацца, было складана! Аднак на дапамогу прыйшла дырэктар музея Алена Жасткова, якая увесь час давала падказкі. Таямнічы чамаданчык дылетанта не ўсім аказаўся па зубах, але квэст настолькі зацікавіў гасцей, што яны паабяцалі прывесці ў музей сваіх родных, каб больш глыбока пазнаёміцца з гісторыяй Ашмянскага краю.

Напрыканцы свята, якое прайшло пад дэвізам “Ці ж нам жыць у маркоце?!”, самых настойлівых чакала канцэртная праграма “І лашчыць душу саксафон”. Музыка 60-х — 90-х гучала ў выкананні Аляксандра Пашкоўскага і Уладзіміра Саўчанкі. Акрамя саксафона ў сценах музея ў гэтую ноч можна было пачуць флейту і губны гармонік.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *