З першай ноты разам

Культура

 

Слухаючы, як спявае вучаніца музычных класаў вёскі Цудзенішкі (Ашмянская дзіцячая школа мастацтваў) Маргарыта Антановіч, адразу ўсплываюць у памяці словы паэта Максіма Багдановіча: «Штодзённым клопатам поўна людское жыццё. Але калі зварухнецца душа чалавека, то толькі песня здолее спатоліць яе». Сапраўды, народныя песні, якія выконвае Маргарыта, чароўнымі мелодыямі пранікаюць у сэрцы слухачоў і саграваюць душы. Нягледзячы на ўзрост, юная спявачка выступае на канцэртах, на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, дзе выконвае песні, прасякнутыя любоўю да роднага краю і сінявокай Беларусі.

Талент дзяўчынкі адкрылі настаўнікі музычных класаў Віктар і Вольга Чаплінскія. Творчы шлях Маргарыты пачаўся менавіта ў Мураванай Ашмянцы, калі Вольга Францаўна заўважыла таленавітую і сціплую дзяўчынку на традыцыйным праслухоўванні першакласнікаў.

— Аднойчы Вольга Францаўна прыйшла ў мой клас і запытала, хто хоча запісацца ў школу мастацтваў, — усміхаецца Маргарыта. – Я ўбачыла як мілагучна спяваюць дзеці з маёй школы і ў якіх прыгожых строях яны выходзяць на сцэну. Мабыць, гэта і падштурхнула займацца народнымі спевамі.

З першай ноты “мураванаашмянкоўская зорачка” (так Маргарыту называлі ў вёсцы) разам з Віктарам Ігнатавічам. У Мураванаашмянкоўскіх музычных класах дзяўчынка спасцігала чароўнае тры гады, а калі сям’я пераехала ў Цудзенішкі, Маргарыта стала наведваць музычныя класы там. У той час Віктар Чаплінскі выкладаў толькі ў Мураванай Ашмянцы, але не змог адпусціць таленавітую вучаніцу, таму ўслед за ёй перабраўся настаўнічаць  у Цудзенішкі.

Нягледзячы на тое, што юная зорачка спявае з дзяцінства, марыла яна калісьці стаць ветэрынарам, але цяпер зразумела, што яе мара, а дакладней мэта ў жыцці – творчая.

А пачалося ўсё з рэспубліканскага конкурсу “Львёнок”, у якім першакласніца Маргарыта атрымала дыплом лаурэата ІІ ступені. У складзе журы быў Міхаіл Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага хора імя Г. Цітовіча, але аб гэтым Маргарыта даведалася толькі пасля конкурсу ад настаўнікаў. Яна проста ўбачыла мужчыну, які не глядзеў яе выступленне, а менавіта вельмі ўважліва слухаў, як гучыць голас мураванашмянкоўскай зорачкі. Гэта быў самы яркі ўспамін, звязаны з першым конкурсам. Пасля яны разам з Вольгай Францаўнай прагарталі не адну старонку ў інтэрнэце, праглядзелі дзясяткі відэазапісаў з выступленнямі калектыва. Так у дзяўчынкі з маленькай вёскі на Ашмяншчыне з’явілася вялікая мара.

— Я вельмі хачу стаць часцінкай цудоўнага і прафесійнага калектыва — народнага хора імя Г. Цітовіча, якім раней кіраваў Міхаіл Дрынеўскі, — дзеліцца сваімі планамі Маргарыта Антановіч.

За плячыма Маргарыты паспяховыя выступленні на конкурсах “Таленты Беларусі”, “Паруса мечты”, “Планета дружбы”, “Новыя вяршыні”, прысваенне стыпендыі Беларускага фонду міра, запрашэнне на радыё, а таксама першыя слёзы радасці і гонару, словы падтрымкі ад вядомых дзеячаў культуры (у тым ліку старшыні Беларускана саюза кампазітараў Алены Атрашкевіч). На конкурсах і фестывалях журы дае станоўчыя водгукі на творчыя здольнасці юнай спявачкі, нягледзячы на ўзрост яе ўжо запрашаюць на вучобу. За высокія паказчыкі падчас вучобы ў школе мастацтваў Маргарыта атрымала права другі год праходзіць навучанне бясплатна.

Дзяўчынка прызнаецца, што перад выхадам на сцэну адразу хвалявалася, але з кожным новым выступленнем стала адчуваць сябе больш упэўнена. Яе ўменне душой адчуць настрой твора, робіць кожную песню адметнай, пранікнёнай, а таксама запамінальнай. Разам з настаўнікам Віктарам Ігнатавічам яны выбіраюць творы, а вобразы на сцэне —  сумесная работа з Вольгай Францаўнай.

На сёлетні дзень нараджэння бацькі падарылі Маргарыце фартэпіяна, але больш такому падарунку ўзрадавалася малодшая сястра. Хоць у школу мастацтваў першакласніца Яна пойдзе ў наступным годзе, але ўжо наведвае падрыхтоўчыя заняткі ў Вольгі Францаўны і хваліцца ігрой простых п’ес на фартэпіяна, якія развучыла з Рытай.

Гледзячы на выступленні Маргарыты і таленавітых вучняў музычных класаў у Цудзенішках, разумееш, што народная песня ніколі не знікне і не страціцца. Дзеці цягнуцца за сваімі настаўнікамі і цікавяцца аўтэнтычнымі спевамі. Менавіта таму кожнае выступленне юных зорак становіцца такім яркім і напаўняе сэрцы слухачоў шчырымі перажываннямі і пачуццямі. І ёсць упэўненасць, што ў беларускіх песнях заўсёды будзе такая патрэба.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *