Мы — памяць. Падзеі ваеннага часу на Ашмяншчыне

Культура

 

…Вайна для яго пачалася з першай хвіліны. Артылерыйская часць, у якой ён служыў, стаяла ў Літве, у невялікім гарадку. У тую ноч, як і заўсёды, моцным сном спалі салдаты. Не адзін з іх у сне бачыў родныя мясціны, сустракаўся з роднымі, з любімымі дзяўчатамі. А Івану Жоўтаму прыснілася дарагая сэрцу Чарнігаўшчына, белыя мазанкі, палі з даспяваючай пшаніцай. Вось ідзе ён па полі, смеючыся, радасны, ласкава датыкаючыся рукамі да пяшчотных калоссяў. А над ім празрыстае, поўнае святла блакітнае неба, яркае сонца. І раптам з гэтай бязвоблачнай вышыні ўдарыў моцны гром…

Па сялянскай прывычцы імгненна прачнуўшыся, Іван пачуў крыкі, шум у казарме, стогны. Дзесьці побач аглушальна грымела. Адзін за адным раздаваліся ўзрывы. Усе кудысьці беглі. Непадалёку гарэў будынак.

«Вось і пачалося. Вайна», — прамільгнула ў галаве.

Калі развіднела, змрочны малюнак паўстаў перад байцамі. Разбураны казармы, разбіты склады. Многія так і не прачнуліся…

Адступалі з баямі, аднак перавага ў сіле ў гітлераўцаў была вялікая. У першыя ж дні вайны часць трапіла ў акружэнне. Адбівалася да апошняга снарада.

…З акружэння Іван выйшаў разам са старшым палітруком другога дывізіёна Чараднічэнкам. Блізка з  ім не быў знаёмы, але сустракаліся часта. Жоўтаму стала неяк спакайней, побач аднапалчанін, удваіх лягчэй. Куды ісці — пытання не было: толькі на ўсход. Хутка да Жоўтага і палітрука далучыліся двое салдат, па іх словах, лётчык і танкіст. Каб не выдаць сябе, яны замянілі ваенную форму на цывільную…

— У адной вёсцы, назвы не памятаю, дзесьці недалёка ад Граўжышак, падышлі да дома, папрасілі паесці, — успамінаў Іван. — Сядзім, гутарым. Пачулі, што сын гаспадара паехаў на станцыю даведацца, ці паспеў сесці ў поезд урач, які працаваў на сяле. Раптам, адкуль ні вазьміся, немцы на аўтамашыне.

Абшукалі. У мяне і палітрука пад сялянскім адзеннем убачылі гімнасцёркі, у кішэнях знайшлі дакументы. А ў мяне — камсамольскі білет. «Камсамол. Ленін!» — закрычалі. А праз хвілін 15-20 вывелі ў поле, дзе паспяваў авёс, і стрэлілі па два разы. Было гэта ў суботу. А ў панядзелак вечарам мяне знайшлі мясцовыя жыхары, бо я, калі ачнуўся, сабраўся з сіламі і дабраўся да бліжэйшага ляску. Каля двух месяцаў я жыў і лячыўся ў сям’і добрага чалавека.

Калі Жоўты стаў адчуваць сябе лепш, развітаўся з гэтай сям’ёй, пайшоў на ўсход. Пазней стаў сувязным у атрадзе імя Кутузава. Ляжаў у шпіталі, ваяваў на фронце, зноў быў цяжка паранены.

…Усе доўгія гады пасля вайны Івана Канстанцінавіча не пакідала думка адшукаць тых людзей, якія рызыкавалі з-за яго, вылечылі і дапамаглі зноў стаць у баявы строй. Праз 30 гадоў пасля Вялікай Перамогі, у лістападзе 1975 года ён сустрэўся з жыхарамі Граўжышак. Яго выратавальнікі — члены сям’і Сташэўскіх — на той час жылі ў вёсцы Боўтай Шальчынінкайскага раёна Літвы.

Дарэчы, уратавацца тады, у далёкім 1941-м атрымалася толькі Івану Жоўтаму. Палітрук Чараднічэнка загінуў, быў пахаваны на хутары Алтажышкі, недалёка ад Граўжышак — там раней жыла сям’я Сташэўскіх. Пасля вызвалення Беларусі яго астанкі былі перапахаваны ў брацкую магілу ў г. Ашмяны.

Паводле артыкулаў газеты «Чырвонае знамя» за 1975 г.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *