Сустрэнем 9 мая чысцінёй і парадкам

Общество Профсоюзы

 

Вясна — час навядзення парадку на вуліцах і ў дварах, на тэрыторыі арганізацый і ў грамадскіх месцах. Паўсюдна вядуцца работы па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў і помнікаў землякам. Да свята Перамогі мемарыялы прыбіраюцца, фарбуюцца агароджы і пастаменты. Ля іх падножжа высаджваюцца кветкі. Па магчымасці на гэтых аб’ектах праводзяцца рамонтныя работы. Там, дзе гэта неабходна, адбываецца замена помнікаў на новыя.

У апошнія гады такія работы за лік мясцовага бюджэту і спонсарскіх сродкаў былі праведзены ў Гальшанскім, Мураванаашмянкоўскім, Жупранскім сельсаветах. Да юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў новы выгляд набыў помнік на брацкай магіле ў гарадскім парку.

У Ашмянскім раёне знаходзіцца 18 воінскіх пахаванняў, устаноўлены 19 помнікаў, 9 абеліскаў, 2 стэлы, насыпаны 4 курганы. За кожным з іх наладжана шэфства раённымі грамадскімі аб’яднаннямі, прафсаюзнымі арганізацыямі, вучнёўскімі і працоўнымі калектывамі.

Прафсаюзная група раённай газеты “Ашмянскі веснік” штогод прыбірае тэрыторыю ля помніка загінулым землякам у Клявіцы. Не стаў выключэннем і гэты год. У парку, дзе знаходзіцца мемарыял, работнікі рэдакцыі падгрэблі і спалілі леташняе лісце, падмялі вакол пастамента. Драўляную агароджу вакол помніка штогод абнаўляюць свежай фарбай вайскоўцы-пагранічнікі з размешчанай побач заставы.

Аналагічная работа па падтрыманні ў належным стане помнікаў воінскай славы была праведзена ў раёне на ўсіх мемарыялах.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *