Праваслаўныя вернікі Ашмяншчыны святкуюць Вербную нядзелю

Культура

 

Сёння праваслаўныя вернікі Ашмяншчыны святкуюць Вербную нядзелю (Вербніцу). У цэрквах з гэтай нагоды прайшлі ўрачыстыя богаслужэннні.

Галінкі маладой вярбы прынеслі сёння ў храм прыхаджане царквы Уваскрасення Хрыстова ў Ашмянах. Пад час службы благачынны цэркваў Ашмянскага праходу протаіерэй Пётр Пятлёха нагадаў вернікам біблейскую гісторыю хрысціянскага свята Уваходу Гасподняга ў Іерусалім. Пасля таго, як Ісус Хрыстос уваскрасіў з мёртвых Лазара, на наступны дзень як Месія ён ўехаў на осліку ў Іерусалім. Напярэдадні іўдзейскай Пасхі ў горадзе было шмат людзей з усёй Палесціны, якія жадалі ўбачыць Памазаніка Божага, які здзіўляў сваёй мудрасцю, прароцтвамі і цудамі. Па даўняй традыцыі радасны і ўсхваляваны народ слаў дарогу перад Ісусам маладымі пальмавымі галінкамі.

Ад грэчаскага “вайя” (галінка) тыдзень перад Вялікаднем называюць “Тыдзень вайі». Адсюль пайшла і другая назва свята — Вербніца. У Беларусі сімвалам свята з’яўляецца вярба, якая сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю.

Пасля літургіі настаяцель храма айцец Пётр асвяціў вербачкі і пажадаў прыхаджанам штодзённай радасці ў шчырай малітве за Хрыста, моцнага здароўя і невычэрпных духоўных сіл.

Асвячонымі галінкамі вярбы прынята дзяліцца з блізкімі, а таксама захоўваць увесь год, як крыніцу гаючай сілы.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *