24 красавіка сямейная пара з Жупран адзначае 70 год сумеснага жыцця

Общество

 

Уявіце сабе, што вы ўваходзіце ў вясковы дом, чуеце, як з дальняга пакоя даносіцца нягучны жаночы напеў, падыходзіце бліжэй і заглядаеце — жанчына прасуе бялізну і спявае, а збоку ў крэсле сядзіць мужчына і падае жанчыне наступную рэч. Цікава, якімі вы ўявілі сабе гэтых людзей, — хутчэй за ўсё, маладымі і нядаўна жанатымі. Калі так, то вы памыліліся. Такімі ўбачыла сваіх бацькоў, Уладзіміра Уладзіміравіча і Ванду Міхайлаўну Лашкевіч, дачка Тамара, прыехаўшы ў чарговы раз дапамагчы па гаспадарцы, перадаць лекі і проста даведацца пра іх жыццё.

24 красавіка сямейная пара адзначае 70 год сумеснага жыцця.

У Кармянскім раёне Гомельскай вобласці пасярод лесу, у лагчынцы бліз ракі Добрыч жыла вёска Востраў. Сёння яе ўжо няма — у 2012 годзе яна была скасавана. Нашы героі выраслі ў ёй, Уладзімір Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1927-м годзе, Ванда Міхайлаўна – у 1929-м. На іх жыццё прыйшлося шмат трагічных гістарычных падзей: Вялікая Айчынная вайна, акупацыя, цяжкія пасляваенныя гады, аварыя ў Чарнобылі.

Былі і асабістыя трагедыі. Ванду і яе сястру Аду гадавала бабуля Станіслава Казіміраўна. Мама і тата развяліся, калі Вандзе не было яшчэ і года. Бацька паехаў шукаць шчасця ў Маскву, праз некалькі месяцаў вярнуўся, забраў Ванду і былую жонку да сябе. Толькі зноў не атрымалася, і мама вярнулася дамоў — ужо з дзвюма дочкамі. Больш бацькі не рабілі спроб жыць разам. У бацькі з’явілася свая сям’я, маці таксама выйшла замуж і пераехала ў Магілёў. Пра свайго айчыма Ванда Міхайлаўна нічога дрэннага не гаворыць і на маці не наракае — яна дапамагала дочкам як магла. З бацькам Ванда доўгі час перапісвалася, але глыбокая дзіцячая крыўда назаўсёды засталася ў сэрцы. Тады, падлеткам, дзяўчынка зразумела, што будзе рабіць усё для таго, каб захаваць уласную сям’ю і бацьку сваім дзецям. Нават сёння яна ледзь стрымлівае слёзы, калі гаворыць пра бацькоў, іх развод і сваё непахіснае рашэнне “ніколі не развядуся”.

У дзяцінстве Ванда і Уладзімір адзін на аднаго звярталі ўвагі не больш, чым на іншых аднавяскоўцаў. У час вайны трапілі ў акупацыю. Калі ў лістападзе 1943 года Востраў быў вызвалены ад немцаў, то сутыкнуліся з новай бядой: немцы пры адступленні замініравалі дарогі. Уладзімір шаснаццацігадовым юнаком дапамагаў сапёрам вызваляць родную зямлю ад схаванай небяспекі, а пасля Перамогі пайшоў служыць у войска – на Балтыйскі флот. Ванда ў гэты час скончыла гандлёва-кааператыўную школу ў Рэчыцы, вярнулася працаваць у Карму, паспела атрымаць некалькі зарплат, купіць сабе новую сукенку ды туфлі.

Яны сустрэліся адразу пасля вяртання Уладзіміра з войска і паглядзелі адзін на аднаго ўжо зусім іншымі вачыма. Праз тыдзень Уладзімір прапанаваў: “Давай распішамся” — і распісаліся, у той жа дзень. Ванда добра памятае, што гэта быў аўторак перад Вялікаднём. Шлюбным строем сталі купленыя за ўласныя грошы сукенка і туфлі, у якіх Ванда была на рабоце. Уладзімір так і пайшоў у вайсковай форме. Сведкамі сталі дзяўчаты з работы Ванды. Пра тое, што маладыя распісваюцца, ведала толькі бабуля, якая і блаславіла іх, узяўшы перш з абоіх клятву, што будуць разам усё жыццё. Што гэта было – наканаванне, лёс, каханне, сіла дадзенага слова ці што іншае? Што б ні было, але гэты такі хуткі шлюб аказаўся моцным і трывалым.

Маці Ванды дапамагла купіць невялікую хату ў Карме, і маладыя пачалі весці сваю гаспадарку. Былі руплівымі і працавітымі, хацелі вызваліцца ад галечы і нястачы, каб даць дзецям лепшую долю. У Ванды Міхайлаўны і Уладзіміра Уладзіміравіча нарадзіліся чатыры дачкі: Тамара, Таццяна, Святлана і Ірына. “Складана было, – успамінае Ванда Міхайлаўна. – Раней такіх вялікіх дэкрэтаў не давалі жанчынам. Памятаю, як аддала ў яслі Таццяну. Ёй было толькі два з паловай месяцы. Дырэктар быў харошы, перавёў мяне на работу ў ларок ад харчкамбіната, што быў каля ясляў. І я бегала карміць Таню. Прыбягу – спіць, я — на работу, праз гадзіну зноў бягу. Вось так і выгадаваліся. Пасля старэйшыя дочкі падраслі і дапамагалі даглядаць малодшых”. Сям’ю аб’ядноўвала праца, вядзенне сумеснай гаспадаркі, хатнія клопаты і своеасаблівая атмасфера цяпла і павагі, якая існавала паміж Уладзімірам і Вандай. Ніколі не чулі дзеці, каб бацькі лаяліся паміж сабой, крыўдавалі, абражалі адзін аднаго. “Сям’ю трэба берагчы,” – пераканана Ванда Міхайлаўна і гэтаму ўвесь час вучыць сваіх дзяцей, дзевяць унукаў і пятнаццаць праўнукаў. Ды і вучыць ёй асабліва не трэба. Паглядзеўшы на адносіны немаладых ужо людзей, міжволі пазайздросціш. Не кожны муж прыносіць жонцы раніцай свежае малако ў ложак.

Пасля чарнобыльскай трагедыі Уладзімір і Ванда пераехалі з Кармы ў Жупраны, дзе жывуць і сёння. Толькі тут яны пабраліся шлюбам у касцёле, даўшы яшчэ адну клятву вернасці.

Пасля размовы з Вандай Міхайлаўнай само сабой узнікла пытанне: “А якога колеру шчасце?”. І адказ з’явіўся як бы між іншым – блакітнага, як высокае неба ўвесну. Мы не заўважаем яго, таму што не маем часу глядзець уверх, думкі занятыя штодзённымі клопатамі і трывогамі. А неба ўвесь час над намі, чыстае, глыбокае, бяздоннае, абнімае сваёй чысцінёй і лагодай. Толькі калі набягае хмара, становіцца цёмна, мы разумеем, як было светла і добра. Так і шчасце — толькі страціўшы яго, чалавек разумее, што яно было вакол: у вясновых песнях шпакоў, у першых парастках свежай травы пасля зімы, у першым лапатанні дзіцяці, яго першых кроках, у сумеснай працы, кубку ранішняй кавы, магчымасці проста ісці і шапацець жоўтай асенняй лістотай. Быць проста разам, разумець адзін аднаго, мець магчымасць дапамагчы, хоць у дробязі, – гэта таксама шчасце. І няхай Уладзімір Уладзіміравіч не ўмее прасаваць бялізну, затое як цудоўна ён умее яе падаваць, як уважліва ўмее слухаць ціхія жончыны песні.

Хочацца пажадаць нашым героям здароўя яшчэ на шмат год жыцця, блакітнага бязвоблачнага неба, радасці, спакою і цеплыні.

P.S. Мяне чамусьці хвалявала пытанне: якога колеру была сукенка Ванды, калі яны з Уладзімірам распісваліся. Ведаеце, што яна адказала, – блакітнага…

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ

і з архіва сям’і Лашкевіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *