Ашмянцы падтрымалі рэспубліканскі працоўны дэсант

Общество Профсоюзы

 

Другія выхадныя запар у Ашмянскім раёне кіпіць работа па добраўпарадкаванні пасля зімы населеных пунктаў і тэрыторый устаноў і прадпрыемстваў. Зрабіўшы ўдалы зачын падчас раённага суботніка, сёння ашмянцы дружна падтрымалі рэспубліканскі працоўны дэсант.

У гэты дзень было запланавана шмат мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан аб’ектаў і тэрыторый, гісторыка-культурных каштоўнасцей, месцаў воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.

— Калектывы нашага раёна дружна папрацавалі ў мінулую суботу. Вялікі фронт работ быў выкананы на працягу бягучага тыдня, — зазначыў у размове старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Карповіч. – Прафсаюзныя актывісты разам з навучэнцамі аграрна-эканамічнага каледжа заклалі да юбілею горада сквер, дзякуючы якому ў Ашмянах з’явіцца яшчэ адзін зялёны астравок. Члены прафсаюзных пярвічных арганізацый на працягу некалькіх дзён расчышчалі ад ламачча і зарасніку зону адпачынку ва ўрочышчы Сухая. Сёння дзякуючы намаганням навучэнцаў аграрна-эканамічнага каледжа, калектываў раённага аддзела ўнутраных спраў, цэнтра банкаўскіх паслуг Беларусбанка, цэнтральнай раённай бальніцы, аддзелаў райвыканкама плануем гэту работу завяршыць.

З самай раніцы не змаўкалі бензапілы ў руках работнікаў ДЭУ-57, якія наводзілі парадак уздоўж дарогі на льнозаводскі пасёлак побач з мастом праз Ашмянку. Выразанае галлё зносілася ў кучу і тут жа прыбіралася.

У розных участках горада дружна завіхаліся работнікі ў аранжавай спецвопратцы. Па словах дырэктара РУП ЖКГ Сяргея Белянкова, з прыходам вясны ў камунальшчыкаў штодня суботнікі. Падчас раённай талакі яны прыбралі тэрыторыю вакол сваёй арганізацыі. Шмат сіл было кінута на падмятанне і выдаленне пасля зімы пяску на вуліцах зарэчнай часткі райцэнтра. Былі абноўлены свежай фарбай прыпынкі гарадскога грамадскага транспарту. У квартале Будаўнікоў на адным з участкаў пакладзена тратуарная плітка, пашкоджаная пры падвядзенні інжынерных сетак.

З Сяргеем Аляксандравічам мы сустрэліся ва ўрочышчы Сухая. Ён гаспадарлівым вокам аглядаў стан веласіпеднай дарожкі, якая карыстаецца папулярнасцю ў ашмянцаў рознага узросту. Нягледзячы на тое, што суботнік ужо блізіўся да завяршэння, кіраўнік жыллёва-камунальнай службы раёна планаваў работу на наступны тыдзень.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *