Чаму адзінаццаць гаспадароў дома па вуліцы Гальшанскай не хочуць сачыць за станам сваёй маёмасці

Общество

 

Пакуль адныя з энтузіязмам ці проста за кампанію, але з разуменнем, што робяць добрую і патрэбную справу, удзельнічаюць у суботніках і месячніках па навядзенні парадку, высаджваюць дрэвы, завіхаюцца на прылеглых тэрыторыях – словам, клапоцяцца, каб у вясну горад увайшоў чыстым і ўтульным, другія чакаюць… А раптам усё вырашыцца, прыбярэцца само сабой?! Пра такіх народная мудрасць трапна кажа: сядзіць у будзе і чакае, што будзе. Прычым размова — амаль што ў прамым сэнсе пра буду.

Хіба што сляпы не бачыў «церамок», які сустракае ашмянцаў і гасцей горада, што ўязджаюць у райцэнтр па вуліцы Гальшанскай. Ва ўсёй красе іх вітае дом 75, ці, хутчэй, хатка Бабы-Ягі – толькі курыных ножак не хапае. Гаспадары, а іх тут ажно адзінаццаць, даўно закінулі дом – не толькі не жывуць тут, але і не хочуць сачыць за станам сваёй маёмасці. За апошніх некалькі гадоў не варухнулася сумленне і ў шаснаццаці чалавек, якія маюць тут прапіску. Абмяжоўваць доступ, прыбіраць смецце, па іх меркаванні, — клопат некага іншага. Яны ж, відаць, застылі ў спадзяванні на новыя бясплатныя “метры”. Ды толькі дарма, “халявы” для нядбайных гаспадароў не будзе.

Паколькі справіцца з задачай прывядзення домаўладання ў нармальны санітарны стан гаспадары не могуць, райвыканкам прапанаваў ім адмовіцца ад права ўласнасці. Пасля таго, як дом афіцыйна будзе прызнаны пустуючым, варта гаварыць аб яго зносе. На гэту працэдуру спатрэбіцца некалькі месяцаў, а небяспеку трухлявы аб’ект уяўляе ўжо сёння. Чорныя дзіркі замест вокнаў, узарваныя палы ў памяшканнях, пад якімі бачны падвалы, ледзь прыкрыты дошкамі калодзеж і кучы смецця… А зараз уявіце, што сюды наведаюцца дзеці. Малечы не думаюць пра небяспеку – для іх гэта забава.

Камісія па справах непаўналетніх, якая рэгулярна маніторыць падобныя аб’екты, не аднойчы звяртала ўвагу ўласнікаў на выяўленыя недахопы. Праўда, кардынальна сітуацыю гэта не памяняла.

Карэспандэнта раённай газеты Гальшанская 75 сустрэла ва ўсёй сваёй красе: на подступах да дома навалена смецця, сярод якога — шкло, абломкі шыфера, дошак, нават не прысыпаныя рэшткі сабакі… Хочацца спадзявацца, што толькі яго. У параўнанні з тым, што сустракаеш на заднім двары, ад вуліцы дом выглядае яшчэ прыстойна.

Пакуль мы азіраліся, да нас падышла жанчына, як высветлілася, адна з уласніц. Тамара прыйшла, бо атрымала чарговае прадпісанне аб неабходнасці навядзення парадку. Спрабавала згрэбці смецце, якое, па яе словах, мужчыны павінны ў суботу вывезці. Калі дом быў узведзены, яна не ведае, памятае толькі, што бабулі і дзядулі, пакуль жылі, даглядалі за ім. А моладзі гэта стала непатрэбным. Вось і зараз прыбіраць ніхто не рвецца.

— Летась я прыходзіла, са свайго боку прыбірала. І Пашка касіў, — расказала жанчына. – Астатнія не хочуць.

Адзначыўшы, што згадзілася на прапанову райвыканкама і вырашыла адмовіцца ад права ўласнасці, Тамара паскардзілася, што – увага! – у крыўдзе на дзяржаву: атрымала толькі (!) сацыяльную кватэру, субсідыі не давялося. А тут яшчэ і такі зайздросны ўчастак вымушана аддаць. Гэта пры тым, што ні падтрымліваць парадак, ні тым больш замахнуцца на новую будоўлю сённяшнія гаспадары не ў сілах. Ды і навошта ім гэта, калі можна, падключыўшы фантазію і на дурніцу, атрымаць кватэру. Так, некаторыя з іх у свой час уступілі ў спадчыну, аднак у БТІ гэту маёмасць не аформілі – маўляў, маю патрэбу і “законна” атрымліваю кватэру. Вось каб прыйшлося адказаць за такі падман, тады, можа, не крыўдзіліся б на дзяржаву.

Людміла РЫБІК.

Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *